Варажбітка з Ліды хацела вярнуць мужа, а атрымала «крыміналку»


Жыхарка Ліды, спрабуючы вярнуць мужа ў сям’ю, абылгала ў агульнагарадскім чаце яго новую выбранніцу. Мужчына не вярнуўся, а вось на жанчыну ўзбудзілі крымінальную справу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: jannoon028 / Freepik

42-гадовая жанчына, якая пазіцыянуе сябе як варажбітка, спачатку скардзілася на сваю 32-гадовую суперніцу ва ўсе магчымыя інстанцыі. Аднак довады аб тым, што тая не даглядае малалетніх дзяцей, не пацвердзіліся.

Тады апанентка вырашыла дзейнічаць іншым спосабам. Яна зайшла ў гарадскую групу ў адной з сацыяльных сетак і ад імя суперніцы напісала аб’яву аб аказанні паслуг інтымнага характару, абяцаючы скідкі пастаянным кліентам.

32-гадовая жанчына, даведаўшыся аб паведамленні, звярнулася ў міліцыю. У дачыненні да мсціўніцы распачата крымінальная справа па арт. 188 КК (Паклёп). Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф, папраўчыя працы, арышт, абмежаванне волі ці да трох гадоў калоніі.

Раней да крымінальнай адказнасці падазроная не прыцягвалася, пішуць «Менск-Навіны».

СП, belsat.eu

Стужка навінаў