Беларусы сабралі музыкам з гурта «Tor Band» больш за 14 тысяч еўраў. Збор закрыты


Збор у падтрымку музыкаў Tor Band і іх сем’яў завершаны, усяго ўдалося сабраць 14 373 еўра.

Музыкі «Tor Band» падчас абвяшчэння рашэння суда. Крыніца: gp.by

2 лістапада фонд «BYSOL» абвесціў збор на падтрыманне музыкаў з гурта «Tor Band», засуджаных да вялікіх тэрмінаў за творчасць. Для кожнага ўдзельніка групы планавалася сабраць па 3 тысячы еўра. Грошы пойдуць на пагашэнне штрафаў, перадачы ў калонію і падтрымку семʼяў.

Нагадаем, што 31 кастрычніка Гомельскі абласны суд агучыў выракі музыкам гурта «Tor Band». Дзмітрыя Галавача засудзілі на 9 гадоў узмоцненага рэжыму са штрафам 100 базавых велічыняў. Яўген Бурло атрымаў 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Андрэя Ярэмчыка засудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.

У Яўгена Бурло за кратамі абвастрылася анкалагічнае захворванне, якое ён меў яшчэ да затрымання, ён моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна, таму на судовае пасяджэнне прыйшоў на мыліцах, а падчас зачытвання выраку не мог падняцца.

Гурт «Tor Band» стаў шырока вядомы ў 2020 годзе за свае палымяныя песні-маршы «Жыве Беларусь!», «Сыходзь!», «Бацька», «Маці». Кліп на песню «Мы не народзец» на YouTube за некалькі месяцаў набраў больш за мільён праглядаў.

Музыкаў затрымалі ў кастрычніку 2022 года, у студзені 2023-га «Tor Band» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» і завялі крымінальную справу на яго ўдзельнікаў.

Аб’ектыў
Беларуская культура пад пераследам
2022.11.05 23:19

СП, belsat.eu

Стужка навінаў