Шантаж не дапаможа Менску сесці за стол перамоваў з ЕЗ


З 17 кастрычніка Беларусь змяніла правілы бязвізавага рэжыму. Бадай, галоўным новаўвядзеннем стала тое, што бязвізавы рэжым скасавалі для грамадзянаў ЗША і Албаніі. Таксама 17 кастрычніка амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякост пакінуў тэрыторыю нашай краіны. Эксперты лічаць, што такім чынам афіцыйны Менск працягвае эскалацыю канфлікту з Захадам.

Амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякост пакінуў тэрыторыю нашай краіны на прапанову афіцыйнага Менску. Прычынаю такога кроку стала адмова французскага дыпламата ўручыць Аляксандру Лукашэнку «даверчую грамату».

Абноўлена
Амбасадар Францыі Нікаля дэ Лякост пакінуў Беларусь
2021.10.17 22:14

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць, што такім чынам беларускае кіраўніцтва працягвае «святую вайну» з Захадам. У гэтым рэчышчы развітанне з французскім амбасадарам выглядае цалкам лагічным крокам.

«Амбасадар, наколькі можна меркаваць, ухіляўся ад уручэння даверчых лістоў Лукашэнку. Як вядома, ЕЗ не прызнае легітымнасці Лукашэнкі. У гэтым жа рэчышчы можна ўзгадаць, як адабралі агрэман у амбасадара ЗША Джулі Фішэр, якая адзначылася таксама рэзкімі, я б сказаў нават, прынцыповымі заявамі ў дачыненні беларускай сітуацыі. І найболей цвяліла беларускую ўладу тое, што спадарыня Фішэр сустракалася з лідарамі беларускай апазіцыі, супраць якіх улады распачалі цэлы веер крымінальных справаў», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Па сутнасці, выгнанне амбасадара Францыі стала працягам той палітыкі, якую вядзе афіцыйны Менск з краінамі ЕЗ. Напружанне з суседнімі краінамі мае даволі высокі градус праз міграцыйны крызіс. У Бруселі кажуць, што крызіс штучна створаны рэжымам Лукашэнкі.

З боку беларускіх апазіцыйных сілаў гучыць меркаванне, што амбасадары ЕЗ мусяць з’ехаць з Беларусі на знак салідарнасці з французскім дыпламатам.

«Я не думаю, што гэта добрая ідэя. Дыпламаты яны на тое і дыпламаты, не для таго, каб шампанскае піць на прыёмах, а дзеля таго, каб у цяжкі час гэтыя тугія вузлы спрабаваць развязаць. І хаця ў нашай краіне таксама прэсінгуюць замежных дыпламатаў, але застаюцца хоць нейкія магчымасці маніторынгу, каб перадаць на Захад, што ж тут адбываецца. Бо вядома, што тут зрабілі пекла для тых людзей, якія не згодныя з уладамі. Таму я думаю, што прысутнасць тут заходніх дыпламатаў патрэбная, нават у існых умовах. Увогуле, вядома, што логіка эскалацыі канфлікту нікому добрага не прынясе», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Даведка
Амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякост.
Фота: by.ambafrance.org

На думку палітычнага аглядальніка цяпер Захад таксама з гэтай санкцыйнай спіралі не можа выйсці, не страціўшы твару. Наадварот, рыхтуецца чарговы пакет санкцыяў, і яны могуць быць яшчэ мацнейшыя. Вузел крызісу зацягваецца ўсё тужэй. І гэта не на карысць уладам Беларусі, бо калі спальваюцца масты ў дачыненнях з Захадам, то Крамлю, Пуціну ямчэй прыціскаць беларускага хаўрусніка да сцяны і патрабаваць падпісання тых жа саюзных праграмаў, размяшчэння вайсковых базаў, кажа Аляксандр Класкоўскі. Гэта мінус для ўладаў Беларусі.

Канфлікт з ЕЗ – пагроза для беларускага суверэнітэту

Лукашэнка разумее гэтую сітуацыю, бо часам у ягоных словах гучыць прыхаваны заклік сесці за стол перамоваў.

«Такія выказванні гучалі і ў звязку з міграцыйным крызісам. Тады ён казаў, што сітуацыю можна нармалізаваць, спыніць, але нібыта гэта каштуе грошай. Увогуле гэта спроба перавесці фокус, маўляў, давайце размаўляць не пра празрыстыя выбары і правы чалавека, а пра тое, каб спыніць плынь мігрантаў. І вядзецца гандаль вакол прагматычных пытанняў, якія ствараюць галаўны боль для Захаду і найперш для суседніх краінаў. Гэтак жа і ва ўсіх іншых пытаннях. Часта Менск спрабуе згуляць на, як яны думаюць, «гнілым гуманізме Захаду». Раней Макей ужо казаў, што калі будуць санкцыі, то ў краіне заціснуць грамадзянскую супольнасць, і яны гэта робяць», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Але, як кажа палітычны аглядальнік, у афіцыйнага Менску такая гульня пакуль не атрымаецца. Прымусіць сесці за стол перамоваў з дапамогаю шантажу немагчыма.

«Пакуль логіка эскалацыі канфлікту толькі разгортваецца. Маўляў, выслалі французскага амбасадара, а ў адказ будзе таксама даволі жорсткі. Калі прымуць пяты пакет санкцыяў, то можна чакаць, што афіцыйны Менск таксама нанясе нейкія ўдары па рэштках грамадзянскай супольнасці, па астатках медыяў, якія засталіся ў Беларусі. Пры жаданні можна нарабіць вэрхалу. Таму я думаю, што сітуацыя будзе толькі пагаршацца», – кажа суразмоўца belsat.eu.

Hавiны
Актывісту прыгразілі «дзяржаўнай здрадай» за зварот па польскую гуманітарную візу. Ён усё адно з’ехаў
2021.10.18 11:34

Зрэшты, зачышчаюць грамадзянскую супольнасць улады не толькі дзеля таго, каб зрабіць непрыемна Захаду. Лукашэнка падчас нарадаў не раз казаў, што падчас чарговых выбараў, падчас рэферэндуму, які адбудзецца ў наступным годзе, можа выбухнуць рэвалюцыя. Гэта паказнік, што насамрэч ніякай упэўненасці ў тым, што яны перамаглі, няма, хоць пра «перамогу» кажуць ледзь не з кожнага праса, звяртае ўвагу Аляксандр Класкоўскі. Насамрэч наверсе разумеюць, што незадаволеная пратэставая маса проста пакуль прытаілася, сцялася, сціснула зубы і чакае вакна магчымасцяў. Адсюль і ўсе гэтыя размовы пра рэвалюцыю з вуснаў уладаў.

Калі пачнецца дыялог з Захадам?

Палітычны аглядальнік прагназуе, што пакуль у краіне не пройдзе электаральнай кампаніі, чакаць пачатку дыялогу з Захадам проста не выпадае.

«А потым, магчыма, нейкая абмежаваная гульня можа пачацца, кшталту вызвалення невялікіх партыяў палітвязняў, такога кшталту сігналы. І зусім не выключаю, што можа завязацца нейкі дыялог з уладамі. І на Захадзе таксама розныя палітыкі, тым больш там змяняльнасць у палітыцы. Прыходзяць новыя палітыкі, якія пачынаюць з чыстага аркуша. Яны мяркуюць, што санкцыі не працуюць, а наадварот, могуць уціснуць Беларусь у Расею. Потым гэты гуманістычны аспект, што дадушваюць грамадзянскую супольнасць, медыі. Усё гэта можа справакаваць на нейкую інтэнцыю, намацаць нейкія пункты судотыку, і можа, у нейкай перспектыве, калі ўлады адчуюць, што няма пагрозы рэвалюцыі, то і заходнія палітыкі могуць пайсці на нейкія кантакты», – прагназуе Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАНу. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Аналітык звяртае ўвагу на тое, што Захад у супрацьстаянні можа пайсці на супрацу з Масквой. На сёння беларускі рэжым трымаецца толькі дзякуючы падтрыманню Крамля. Летам 2020 года Уладзімір Пуцін падтрымаў Лукашэнку.

«Еўропа ў выніку можа пачаць нейкія перамовы з Пуціным. Раней жа таксама былі публічныя ў тым ліку заклікі з боку Мэркель, напрыклад, Макрона таксама – апелявалі да Пуціна. Крэмль жа публічна выгароджвае Лукашэнку, маўляў, сваймі бруднымі рукамі не лезьце ва ўнутраныя справы. Гэта такая любімая кружэлка як у Менску, так і ў Маскве, маўляў, што хочуць, тое і робяць са сваймі народамі. Але на пэўным этапе Пуцін, у якога свае інтарэсы, не гатовы рваць на сабе кашулю і рынуцца ў бойку за Лукашэнку. Ёсць сігналы, што ў Маскве пасадка самалёта «Ryniar» не вельмі спадабалася. Тое ж можна сказаць і пра міграцыйны крызіс. А Пуціну патрэбныя толькі свае бонусы і дывідэнды з Еўропай. Таму нейкае разгульванне «беларускай карты» Масквой таксама магчымае. І гэта напружвае Лукашэнку», – лічыць Класкоўскі.

Глабальнае пытанне
Як працуюць санкцыі?
2021.10.18 18:03

Змены ў бязвізе Аляксандр Класкоўскі называе дробнай помслівасцю беларускіх уладаў, яны гэта робяць там, дзе могуць.

«Наўрад ці амерыканцы масава прыязджалі ў Беларусь па бязвізу. Ды і карысталіся зусім не тыя людзі, якія прыязджалі на сустрэчы з Лукашэнкам, я маю на ўвазе Болтана і дзяржсакратара. Карысталіся бязвізам простыя грамадзяне, якія прыляталі ў Беларусь па сямейных справах, нейкія бізнесоўцы. І ў выніку каму зрабілі горай? Самыя сабе. Таму гэта дробная помслівасць і піяраўскі такі ход, маўляў, нам ёсць таксама чым уціснуць, прыесці гэтых праклятых янкі. Хоць пацярпяць зусім не тыя асобы. Але гэта стыль беларускага рэжыму».

ВІДЭА
Генерал ЗША: «Расея павінна прымусіць Лукашэнку спыніцца»
2021.10.18 15:02

СК belsat.eu

Стужка навінаў