Пухліна ў мазгах, эпілепсія, сухоты, бранхіяльная астма – з якімі дыягназамі сядзяць палітвязні ў Беларусі


Сярод беларусаў, асуджаных на зняволенне паводле палітычных матываў, ёсць цяжка хворыя людзі. Якія дыягназы маюць вязні і ці аказваецца ім дапамога, распавядае «Радыё Свабода».

Васіль Бераснеў. Моцныя болі ў адзінай нырцы

Васіль Бераснеў.
Фота: Радыё Свабода

Васіль Бераснеў – актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП з Воршы, яму 72 гады. Бераснева затрымалі ў «справе прафсаюзаў». Ён за кратамі ўжо 5 месяцаў. Яму пагражае 4 гады калоніі. Са словаў сваякоў, вязень пакутуе ад моцных боляў у адзінай нырцы, другую з прычыны анкалагічнага захворвання выдалілі ў 2018 годзе. У крытычныя моманты зняволенаму ставяць кропельніцу, аднак яна не здымае праблемы. Іншай медычнай дапамогі, як сцвярджаюць сваякі, няма.

Павел Вінаградаў. Сухоты

Павал Вінаградаў. Менск, Беларусь. 12 траўня 2021.
Фота: Белсат

Павел Вінаградаў – 33-гадовы блогер і актывіст. Яго затрымалі 9 месяцаў таму. Прысудзілі 5 гадоў калоніі за адзін пост у Facebook, у тым ліку за «паклёп на Лукашэнку». КДБ унёс Вінаградава ў «тэрарыстычны спіс».

Нядаўна на рэнтгене ў Паўлавых лёгкіх знайшлі пляму. Пацвердзіліся сухоты. Палітвязня перавялі ў аршанскую калонію № 12, дзе лечаць асуджаных, хворых на актыўную форму сухотаў.

За кратамі Павал схуднеў на 36 кілаграмаў. Яго каралі штрафным ізалятарам за тое, што прылёг удзень на ложак праз слабасць. Пазбавілі працяглага спаткання і вялікай перадачы.

Ксенія Луцкіна. Пухліна ў мазгах, бранхіяльная астма

Ксенія Луцкіна.
Фота: sb.by

Ксенія Луцкіна – былая журналістка БТ, ёй 38 гадоў, мае малога сына. За кратамі яна ўжо 1 год і 9 месяцаў. Яе вінавацяць у «змове з мэтай захопу ўлады». Журналістку пачалі судзіць у Менску. Ёй пагражае да 12 гадоў калоніі.

Ксенія распавяла на працэсе, што ў СІЗА ў яе значна пагоршыўся стан здароўя: павялічваецца пухліна ў галаве, ад чаго яна рэгулярна прымае моцныя лекі. Таксама ў зняволенай абвастрылася бранхіяльная астма. У 2014 годзе Ксеніі зрабілі аперацыю і выдалілі дзве пухліны ў мазгах.

Ігар Леднік. Праблемы з сэрцам і страўнікава-кішачным трактам

Ігар Леднік.
Фота: «Радыё Свабода»

Ігар Леднік – барысаўскі сябра БСДП, яму 60 гадоў. За кратамі ўтрымліваецца ўжо 5 месяцаў. Актывісту прысудзілі 3 гады калоніі за «паклёп на Лукашэнку».

Ігар – інвалід другой групы, мае праблемы з сэрцам. Сёлета ў чэрвені палітвязнеў стан пагоршыўся. Ён ляжаў у санітарнай частцы СІЗА. У ліпені стала вядома, што Ігару зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.

Аляксандр Зялюткін. Нагнаенне на дзяснах

Аляксандр Зялюткін.
Фота: Радыё Свабода

Аляксандр Зялюткін – пячнік, бацька шасцярых дзяцей ва ўзросце ад 1 да 16 гадоў. Яму 42 гады. За кратамі Зялюткін 1 год і 9 месяцаў. Затрымалі за пратэсты ў Менску каля ўніверсаму «Рыга» 10 жніўня 2020 года. Прысудзілі 3,5 года калоніі.

Больш за тры месяцы Аляксандр адчувае моцны боль: у яго пачалося нагнаенне на дзяснах і з’явіліся дзіркі ў зубах, паведамлялі праваабаронцы «Вясны» сёлета ў жніўні. Ад болю ён не можа жаваць. Трапіць да стаматолага ў яго не атрымалася. Ці ёсць у вязня болепатольныя лекі, невядома.

Уладзімір Малахоўскі. Анкалагічная хвароба

Уладзімір Малахоўскі.
Фота: Радыё Свабода

Уладзімір Малахоўскі – сябра партыі БНФ, незалежны назіральнік за выбарамі, жыхар Віцебску. Яму 55 гадоў. Актывіст за кратамі ўжо 1 год і 8 месяцаў. Яго затрымалі за «гвалт у дачыненні міліцыянта». Прысудзілі 3,5 года калоніі.

Палітвязень мае анкалагічную хваробу, у яго III група інваліднасці. На волі ён паспеў прайсці курс хіміятэрапіі. У лісце з СІЗА ён расказваў, што кепска пачуваецца, нямеюць рукі і ногі. Малахоўскага накіроўвалі на агляд у анкалагічны цэнтр. Па шпіталі яго вадзілі на ланцугу.

Рыгор Кастусёў. Рак прастаты

Рыгор Кастусёў у судзе.
Фота: Sputnik

Рыгор Кастусёў – старшыня партыі БНФ, яму 65 гадоў. Палітыка затрымалі амаль паўтара года таму. Нядаўна яго асудзілі на 10 гадоў калоніі за «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

У канцы мінулага года ў Кастусёва за кратамі пацвердзілі анкалагічную хваробу – рак прастаты. З турмы ён перадаваў, што пачуваецца надзвычай кепска. Яго часова пераводзілі ў турэмны шпіталь. Праз хваробу Кастусёў меў моцныя болі, у зняволенні ён відавочна схуднеў.

Аляксандр Фядута. Падагра

Аляксандр Фядута.
Фота: Барыс Гарэцкі / БАЖ / Facebook

Аляксандр Фядута – паліттэхнолаг, літаратуразнаўца, яму 58 гадоў. Затрыманы амаль паўтара года таму. Яму прысудзілі 10 гадоў калоніі за «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

«Схуднеў, дрэнна ходзіць, бо падагра адолела, дазволілі перадаць кій для хаджэння ў СІЗА», – расказвала пра мужа жонка Марына Шыбко.

Праз кепскі стан здароўя суддзя дазволіла Фядуту адказваць на пытанні седзячы (праўда, ён адмовіўся). Да таго ж, праз ягоны стан здароўя пераносілі судовае паседжанне.

Таксама Фядута змагаецца з наступствамі арытміі і пнеўманіі.

«Вельмі цяжка хварэў зімой – у яго два разы была пнеўманія, не мог ляжаць, не мог спаць, яму нават дазвалялі сядзець ноччу, а днём ляжаць», – расказвала пра яго жонка.

Аляксей Галаўко. Патрэбная аперацыя на носе

Аляксей Галаўко.
Фота: Радыё Свабода

Аляксей Галаўко – 21-гадовы жыхар Берасця. Яго затрымалі паўтара года таму ў «справе берасцейскіх анархістаў». Нядаўна Аляксею прысудзілі 12 гадоў, яго звінавацілі паводле чатырох артыкулаў.

«Выглядае Аляксей як чалавек праз паўтара года зняволення – стомлена. Хварэе. Ёсць хранічныя праблемы з носам, што патрабуюць хірургічнага ўмяшання», – расказала ягоная маці пасля спаткання з сынам.

Яна Пінчук. Астма

Яна Пінчук на судзе ў Расеі. 9 жніўня 2022 года.
Фота: freeyana / Telegram

Яна Пінчук – 25-гадовая жыхарка Віцебску. Яе затрымалі ў Пецярбурзе амаль год таму. У Беларусі яе абвінавацілі ва ўдзеле ў стварэнні апазіцыйных тэлеграм-каналаў. Яну экстрадавалі з Расеі ў Беларусь, дзе ёй пагражае да 20 гадоў калоніі.

Дзеўчына ўлетку цягам месяца моцна хварэла з тэмпературай і кашлем.

«З улікам хранічнай Янінай астмы, гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў», – мяркуе ейны муж Мікіта.

Таксама ўлетку Яне некалькі дзён балела рука, а потым яна перастала яе адчуваць і не магла ёю паварушыць.

Аліна Забаштанская. Эпілепсія

Даведка
Аліна Забаштанская.
Фота: Радыё Свабода

Аліна Забаштанская – палітзняволеная ў «справе Зельцара», ёй 30 гадоў, мае дзіця. За кратамі ўжо 10 месяцаў. Ёй прысудзілі 2 гады калоніі за каментары ў Tik-Tok, якія расцанілі як «абразу Лукашэнкі» і «распальванне варожасці». КДБ унёс палітзняволеную ў «тэрарыстычны спіс».

Вядома, што ў Аліны эпілепсія.

Мікіта Залатароў. Эпілепсія

Гомельцу Мікіту Залатарову 18 гадоў. Калі хлопца затрымалі ў жніўні 2020 года, ён меў 16 гадоў. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК РБ: ч. 1 арт. 293 – «Арганізацыя масавых беспарадкаў», арт. 364 – «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў», арт. 295 – «Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Суд пакараў юнака 4 гадамі і 6 месяцамі зняволення.

Надоечы стала вядома, што Мікіту перавялі на турэмны рэжым.

Мікіта Залатароў падчас суда.
Фота: уласны архіў

У хлопца з дзяцінства эпілепсія. Раней Мікітаў бацька распавядаў, што ў сына не заўсёды ёсць доступ да патрэбных лекаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў