«Гібель масавая». Як расейскія зняволеныя «з задавальненнем» ідуць на вайну і чым гэта пагражае самой РФ?


Аб тым, што для ўдзелу ў вайне з Украінай у Расеі прыцягваюць зняволеных, гаворыцца ўжо некалькі месяцаў. На новы ўзровень абмеркаванне гэтай праблемы вывела публікацыя відэа з калоніі з удзелам кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына. 

14 верасня з’явілася відэа, на якім блізкі да Уладзіміра Пуціна бізнесмэн Яўген Прыгожын асабіста вярбуе ў ПВК «Вагнер» на вайну з Украінай зняволеных калоніі ў Ёшкар-Але. На запісе ён прызнае: «Вайна цяжкая, на ўсякія там чачэнскія і гэтак далей блізка не падобная».

Мінімальны ўзрост для мабілізацыі – 22 гады, максімальны – 50, але можна быць і маладзейшым, і старэйшым. Прыгожын заяўляе, што на фронце забароненыя дэзерцірства, ужыванне наркотыкаў і алкаголю, марадзёрства і сэкс «з мясцовымі жанчынамі, флорай, фаунай, мужчынамі».

Hавiны
«Рабіце з украінцамі што хочаце». Прыгожын набраў у ПВК «Вагнэр» тысячу чалавек з расейскіх калоній
2022.09.01 18:11

Тым зняволеным, хто выжыве, праз паўгода абяцаюць памілаванне або, пры жаданні, працяг службы ў ПВК. У выпадку гібелі ў баі зняволеных пахаваюць там, дзе яны адзначаць у завяшчаннях, або «на алеях герояў у тых гарадах, дзе яна ёсць», або побач з капліцай ПВК «Вагнер» у Краснадарскім краі. Прыгожын прызнае, што зняволеныя ваююць на ўкраінскім фронце з пачатку лета.

Пазней з’явіўся і афіцыйны каментар Прыгожына. Тым, каму не падабаецца, што зэкі ваююць ва Украіне, ён параіў адпраўляць на фронт сваіх дзяцей:

«Альбо ПВК і зэкі, альбо вашыя дзеці –вырашайце самі».

Hавiны
«Кухар Пуціна» апраўдаў вярбоўку зняволеных на вайну: «Або ПВК і зэкі, або вашыя дзеці»
2022.09.15 22:24

Ад канібала да кіраўніка АЗГ

Пасля візіту Прыгожына ў Ёшкар-Але на вайну запісаліся каля 150 зняволеных. Таксама гаворыцца аб цэлых калонах аўтазакаў, якія перавозяць зняволеных з калоній у вайсковыя вучэбкі.

Забіраюць вязняў і з калоніі, дзе сядзіць апазіцыянер Аляксей Навальны. Паводле дадзеных «ВЧК-ОГПУ», папрасіліся на вайну «амаль усе» асуджаныя за забойства палітыка Барыса Нямцова, у тым ліку і асуджаны на 20 гадоў Заур Дадаеў.

Сярод завербаваных ёсць і маньяк, асуджаны за канібалізм. 5 жніўня ў Данецкай вобласці загінуў і быў пасмяротна ўзнагароджаны ў Расеі медалём «За адвагу» кіраўнік падмаскоўнай АЗГ Іван Непаратаў, якога асудзілі на 25 гадоў за забойства, разбой, вымагальніцтва, захоўванне зброі.

Як паведамляў «Белсат», паездка на вайну – гэта яшчэ і магчымасць зарабіць: зняволеным абяцаюць 200-250 тысяч расейскіх рублёў (ад € 3190 да € 3988) за месяц.

Каментар
Як расейскіх зэкаў вярбуюць на вайну: гарматнае мяса за € 3000
2022.07.12 15:31

«Любое месца на свеце лепшае, чымсьці расейская турма»

У каментары «Белсату» дырэктарка фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава распавяла, што для ўдзелу ў вайне не бяруць толькі палітвязняў, бо яны «зладзяць агітацыю», а таксама інвалідаў і людзей з не расейскім грамадзянствам.

«Украінцам кажуць, што могуць узяць і спрыяць больш хуткаму атрыманню расейскага грамадзянства», – распавяла Вольга Раманава.

Паводле яе слоў, пры вярбоўцы перавагу аддаюць тым, хто асуджаны за забойствы, перш за ўсё не бытавыя, разбой, рабаванне, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. «Усё астатняе таксама ідзе ў справу», – адзначыла дырэктарка «Руси сидящей».

Паліцыя эксгумуе цела чалавека, які, паводле звестак украінскага боку, быў забіты расейскімі войскамі ў горадзе Балаклея, нядаўна вызваленым ЗСУ, у Харкаўскай вобласці, Украіна 13 верасня 2022 года.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Пры гэтым ёсць і зняволеныя, на якіх ціснуць з мэтай іх удзелу ў вайне – гэта маладыя спартыўныя людзі без шкодных звычак, пажадана каб яны прайшлі вайсковую падрыхтоўку.

«У нас быў выпадак у Тульскай вобласці. Хлопец, 28 гадоў. Былы выратавальнік у вельмі добрай фізічнай форме. Выпадковае забойства. Ён адседзеў палову тэрміну. Вось яго ўзялі прымусам», – паведаміла Вольга Раманава.

Астатнія, па яе словах, ідуць добраахвотна, у тым ліку «многія ідуць з задавальненнем, таму што любое месца на свеце лепшае, чымсьці расейская турма».

Аналітыка
«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне
2022.05.05 13:10

Як адзначыла Вольга Раманава, пакуль зняволеных набіраюць толькі ў еўрапейскай частцы Расеі. Самыя ўсходнія рэгіёны, у якіх вербавалі зэкаў, – гэта Кіраўская вобласць і Татарстан.

«Я так разумею, што яны пакуль спраўляюцца з патокам з еўрапейскай часткі.  Гэта пакінуць на потым. Думаю, што за Урал прыйдуць ужо хутка», – выказала здагадку суразмоўніца.

Страты – 90%

Паводле падлікаў Вольгі Раманавай, ужо завербавана больш за 10 000 зняволеных. Толькі 16 верасня з пяці зонаў Ніжагародскай вобласці вывезлі больш за 600 чалавек. Таксама на гэтым тыдні пачалі распаўсюджвацца паведамленні ад Прыгожына аб тым, што «хто цяпер добраахвотна не ўступіць, праз два месяцы пойдуць прымусова па мабілізацыі».

«Ці то ён палохае, ці то нешта ведае, ці то фантазіруе, але ніхто ж не здзівіцца», –падкрэсліла дырэктар «Руси сидящей».

Па яе словах, страты сярод мабілізаваных зняволеных складаюць 90%.

«З тых, хто ўжо ўступіў у бой, з атрадаў, аб якіх я ведаю, засталіся адзінкі. З аднаго барака забралі 15 чалавек, адзін у жывых застаўся. Самы першы атрад у 42 чалавекі –два чалавекі жывых, у аднаго няма ног. Масавая гібель», – падкрэсліла Вольга Раманава.

Пры гэтым некаторыя зняволеныя ўсё ж здаюцца ў палон ці спрабуюць дэзертыраваць:

«Я не ведаю, наколькі іх шмат, але ў палон яны здаюцца. З нагоды дэзертырства: у нас быў адзін чалавек, які хацеў паехаць з вайны, і яму адразу сказалі, што гэта расстрэл, і ён ваюе».

Расейцы не хочуць на вайну

Актывізацыю «Вагнера» у вярбоўцы зняволеных выведка звязвае з вострым недахопам штурмавой пяхоты ў расейскай арміі. У сваю чаргу тэлеграм-канал «Кромъ Летописец» бачыць прычыну і ў дыстанцыяванні расейскага грамадства ад вайны.

«У арміі аб’ектыўна не хапае людзей. Хтосьці гатовы пайсці добраахвотнікам? Хто хацеў – той пайшоў. Што абярэ сярэднестатыстычны расеец у гэтай сітуацыі: мабілізацыю ці прызыў зняволеных? Вядома, другое», – заяўляе аўтар каналу.

Такім чынам, адзначае аглядальнік Дзмітрый Дрызэ, у Расеі «месцы зняволення ператвараюцца ў своеасаблівую кузню як працоўных, так і ваенных кадраў». Прычым, падкрэслівае ён, «згодным супрацоўнічаць, часам – хай і тэарэтычна – прапануюць заробак нашмат большы, чым у свабодных будаўнікоў і вайскоўцаў».

Дрызэ не выключае, што ва ўладаў можа ўзнікнуць жаданне пастаянна папаўняць шэрагі зняволеных, каб затым рэкрутаваць «для выканання важных дзяржаўных задач».

«З улікам таго, што колькасць асуджаных у РФ па дадзеных ФСВП складае каля паўмільёна чалавек, сістэма папраўчых устаноў ўяўляе сабой сур’ёзны кадравы рэзерв», – піша «Мастер пера».

Палітычныя амбіцыі Прыгожына

У зводцы амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) гаворыцца, што Прыгожын становіцца «абліччам» крамлёўскай вайны. Пра яго ўхвальна адгукаецца шэраг расейскіх ваенкараў, якія нават заклікаюць прызначыць яго міністрам абароны замест Сяргея Шайгу, які праваліў усе планы.

Аб тым, што ў Прыгожына «палітычныя амбіцыі з’явіліся», піша і расейскі палітолаг Абас Галлямов:

«Як толькі сістэма прапусціла ўдар ад украінцаў пад Харкавам і «паплыла», прэзідэнцкі кухар тут жа апублікаваў відэа, якое дэманструе, як эфектыўна ён вырашае пытанні. Кантраст-відавочны: «Пакуль усе астатнія свае галовы падобна страўсам у пясок хаваюць, я прабоину сабой закрываю». Выглядае так, быццам Прыгожын вырашыў усім аматарам «моцнай рукі», якія ў цяперашняй уладзе расчараваліся, сябе прапанаваць. «Ёсць, – маўляў, – мужыкі яшчэ ў расейскіх паселішчах».

Hавiны
Крэмль прызнаў паразу на Харкаўшчыне, але спрабуе адвесці віну ад Пуціна. Што адбываецца ва Украіне
2022.09.14 11:00

Дэградацыя ПВК «Вагнер»

Украінскі вайсковы аглядальнік Аляксандр Каваленка ў сваю чаргу адзначае дэградацыю ПВК «Вагнер». Так, піша ён, у 2021 годзе гэта была «элітная кантора з самымі строгімі патрабаваннямі прыёму», куды бралі людзей не старэйшых за 40 гадоў, з вопытам прафесійнай службы ў войску і без крымінальнага мінулага.

Цяпер, калі паўгода ідзе вайна ва Украіне, піша Каваленка, там могуць служыць і людзі старэйшыя за 50 гадоў, якія прайшлі толькі тэрміновую службу і завербаваныя проста ў калоніях.

Яўген Прыгожын (злева) дапамагае Уладзіміру Пуціну падчас вячэры з замежнымі навукоўцамі і журналістамі ў рэстаране Cheval Blanc на тэрыторыі коннаспартыўнага комплексу ў Падмаскоўі 11 лістапада 2011 года.
Фота: POOL New / Reuters / Forum

Будуць забіваць камандзіраў

«Глыбока памылковым крокам» лічыць вярбоўку зняволеных у адсутнасць ваеннага становішча і мабілізацыі былы міністр абароны «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін). На яго думку, «уліванне шматлікіх (гаворка ідзе пра тысячы) крымінальных элементаў у войскі паставіць пытанне аб неабходнасці іх жорсткага прымусу да дысцыпліны (аж да смяротнага пакарання на месцы без суда і следства)».

«Беззаконне будзе абавязкова паступова нарастаць і ў выніку абавязкова выльецца альбо ў страту камандзірамі кантролю за сотнямі крымінальнікаў (і ў іх масавае непадпарадкаванне аж да ўзброеных мецяжоў), альбо – у шматлікія выпадкі пазасудовых пакаранняў смерцю і да т.п. Што ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў рана ці позна прывядзе да забойстваў тых жа камандзіраў і, зноў жа, выхадам падраздзяленняў з пераважным (або якія здолелі захапіць «аўтарытэт») крымінальным элементам з падпарадкавання камандаванню», – лічыць стралкоў.

Як адзначае аўтар беларускага тэлеграм-канала CYNIC, «ні забойцы, ні маньякі не ўмеюць ваяваць, не з’яўляюцца каманднымі гульцамі» і нават «не церпяць кантроль за сваімі дзеяннямі», а рабаўнікі і асуджаныя за разбой «глыбока карыслівыя, а значыць схільныя да агрэсіі і здрады дзеля асабістай выгады». На яго думку «яны ніякай карысці (акрамя мяса) не могуць прынесці», але могуць выкарыстоўвацца як «інструмент псіхалагічнай вайны для запалохвання мірнага насельніцтва Украіны».

Тэрмінальная стадыя распаду дзяржавы

Пісьменнік і журналіст Анатоль Несміян лічыць, што вярбоўка зняволеных на вайну з Украінай – гэта сведчанне таго, што «дзяржава ў Расеі знаходзіцца ў стане распаду. Прычым у заключнай, тэрмінальнай стадыі».

«Не можа прыватная асоба, няхай нават з мандатам ад каго-небудзь, прыехаць на зону і гуртам браць з яе зняволеных», – адзначае ён.

Апазіцыйны палітык Барыс Вішнеўскі бачыць у гэтых падзеях пераход Расеі да таго, што «ніякага закона больш няма». Па яго словах, гэта «верная прыкмета таго, што «вертыкаль» пайшла расколінамі – прычым, яны пашыраюцца».

Халоднае лета 2023-га?

Барыс Вішнеўскі таксама прадчувае новае «халоднае лета 53-га года», «калі праз паўгода, з вопытам удзелу ў баявых дзеяннях, гэтыя людзі, і да таго не самыя законапаслухмяныя, вернуцца дадому».

Праваслаўны дыякан Андрэй Кураеў і наогул лічыць раздачу зброі зняволеным крокам на шляху да грамадзянскай вайны, калі «пацаны з раёну», атрымаўшы зброю, ўспрымаюць падараванае ім права на гвалт як магчымасць расправы з «класава чужымі».

Аналітыка
Вагнэраўцы і баевікі Асада. Як Расея спрабуе аднавіць людскія страты, панесеныя ва Украіне
2022.03.14 15:53

Макар Мыш / АА belsat.eu

Стужка навінаў