Беларусы вандруюць па Беларусі. Топ-10 небанальных месцаў, што варта пабачыць гэтым летам


У тэлеграм-канале «Белсату» «Нашая хваля» ёсць рубрыка «Вандроўкі з чытачамі», у якой беларусы распавядаюць пра свае паездкі па радзіме. Мы выбралі самыя цікавыя і небанальныя мясціны, якія нашыя чытачы наведалі ў чэрвені і ліпені, а таксама дадалі пару лакацыяў ад рэдакцыі. Глядзіце, натхняйцеся і выпраўляйцеся ў шлях да прыгодаў на роднай зямлі. А ўражаннямі і фотаздымкамі дзяліцеся з намі ў нашым чат-боце.

Крыніца: nashaja_hvala / Telegram

1. Сядзіба, што дзякуе Богу

Гэта Поразава – гарадское паселішча ў Свіслацкім раёне Гарадзенскай вобласці, вядомае з XV стагоддзя як каралеўскае мястэчка. У 1523 годзе атрымала магдэбургскае права, у 1616 годзе – герб. З 1921 да 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы.

У Поразаве ёсць два цікавыя архітэктурныя помнікі – касцёл Міхаіла Арханёла ХІХ стагоддзя, пабудаваны ў стылі класіцызму, і драўляная сядзіба «Багудзенкі». Касцёл у Поразаве працаваў нават за савецкім часам.

Сядзіба месціцца за 1,5 кіламетра на поўнач ад цэнтру паселішча. Асноўная версія паходжання назвы – «Багудзенкі» – польскі выраз «Bogu dzięki» – «Дзякуй Богу». У сядзібе жыла сям’я Бутаўт-Андрайковічаў. Пабудаваны маёнтак на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. У афармленні будынку змяшаліся стылі класіцызму і барока. Савецкая ўлада зрабіла ў будынку мясцовую лякарню. З 2002 года сядзіба закінутая.

«Які шыкоўны палац у Свіслацкім раёне! Сядзіба ў Поразаве ўжо больш чым 120 год радуе сваёй веліччу, цеплынёю дрэва і густам! Стваральнікі такой прыгажосці – род Бутаўт-Андрайковічаў. Спадзяёмся, што помнік чакае ўсё добрае», – дзеліцца сваімі ўражаннямі чытач І. В.

2. Радзіма рок-спевака Чэслава Немэна

Вёска Старыя Васілішкі ў Шчучынскім раёне Гарадзенскай вобласці. Тут у 1939 годзе нарадзіўся рок-спявак Чэслаў Немэн, ён пражыў у вёсцы 19 гадоў, потым пераехаў у Польшчу, дзе і пачаў сур’ёзна займацца музыкай. Спявак памёр у 2004 годзе. У 2010 годзе ў доме, пабудаваным дзедам музыкі, адкрылі музей. У экспазіцыі – адноўлены інтэр’ер, у якім прайшлі дзяцінства і юнацтва Чэслава Немэна, прадметы, звязаныя з творчасцю спевака.

Яшчэ ў Старых Васілішках ёсць неагатычны касцёл Св. Пятра і Паўла, пабудаваны ў 1897–1903 гадах.

«Славутасць Старых Васілішак – клуб-музей Чэслава Немэна. «Чэсік» – так ласкава называлі яго родныя. Музей сусветна вядомага выканаўцы, на жаль, выглядае зусім не так, як хацелася б. Але добра і тое, што ён існуе і ў ім захоўваецца памяць пра нашага славутага беларуса, які ўсё ж такі больш вядомы ў Заходняй Еўропе і не толькі. Гэта яшчэ адно з месцаў Беларусі, вартае вашай увагі», – расказвае Аляксандр з-пад Менску.

3. Храм-пабрацім віленскага касцёлу Святых Пятра і Паўла

Вёска Міхалішкі ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласці. Галоўная каштоўнасць тут – касцёл Міхаіла Арханёла, пабудаваны аж у XVII стагоддзі ў стылі сармацкага барока – велічнага і строгага ў сваіх формах, уласцівага беларускім землям. Аўтар праекту касцёлу – славуты віленскі архітэктар Крыштаф Пэнс.

Калі вы апыняцеся ў Міхалішках, абавязкова раім не проста паглядзець касцёл звонку, але і зайсці ўнутр – у адрозненні ад стрыманага фасаду, інтэр’ер вельмі багаты. Ён аздоблены барэльефамі са стуку, аўтар якіх – італьянскі скульптар П’етра Пэрці, які працаваў таксама над аздабленнем касцёлу Пятра і Паўла ў Вільні.

«Міхалішкаўскі касцёл Cвятога Міхала Арханёла – помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны з цэглы архітэктарам Пэнсам пры кляштары аўгустынцаў. Унутры – прыгажосць несусветная. І вельмі пашанцуе, калі прыедзеце на арганны канцэрт», – дзеліцца чытач Аляксандр з-пад Менску.

4. Вёска, дзе сто гадоў таму змагаліся за права маліцца па-беларуску

Гэта Жодзішкі ў Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласці. Тут нашыя чытачы раяць наведаць касцёл Найсвяцейшай Тройцы, пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя як кальвінскі збор, а пазней перароблены ў каталіцкі касцёл. Стыль храму – рэнесансавы.

Касцёл у Жодзішках адметны тым, што ён ніколі не зачыняўся, нават у самыя неспрыяльныя для вернікаў часы. Падчас І Сусветнай вайны была разбураная званіца святыні, якую так і не аднавілі. У касцёле дагэтуль працуе арган, які з’явіўся тут у 1727 годзе.

Касцёл у Жодзішках блізка звязаны з беларускім адраджэннем 1920-х гадоў. У 1924 годзе пробашчам тут стаў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі – сябра рады БНР у 1918 годзе, адзін з заснавальнікаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Гадлеўскі адным з першых стаў чытаць казанні падчас імшы на беларускай мове, за што цярпеў ад уладаў. За сваю прабеларускую дзейнасць Гадлеўскі два гады адседзеў у турме, але яго адпусцілі пад ціскам парафіі.

«Працягваючы вандроўкі па Жодзішках, нельга не ўзгадаць былы кальвінскі збор, а цяпер Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і помнік архітэктуры часоў Рэнесансу. Невялічкі, але прыгожы ўнутры. Насамрэч, лепш за ўсё гэта ўбачыць сваімі вачыма, але калі няма такой магчымасці – прапаную свае фотаздымкі», – піша Аляксандр з-пад Менску.

5. Мястэчка, дзе ёсць магіла і музей Францішка Багушэвіча

Мястэчка (аграгарадок) Жупраны ў Ашмянскім раёне Гарадзенскай вобласці. Першапачаткова назва гучала Зубраны праз суседства з Зубранскай пушчай, дзе жылі зубры, аднак пазней сталі вымаўляць як Жупраны. Першыя згадванні пра мястэчка датуюцца XV стагоддзем.

З цікавага ў Жупранах – неагатычны касцёл ХІХ стагоддзя.

Жыхары Жупранаў прымалі ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў.

У 1900 годзе на касцельных могілках у Жупранах быў пахаваны беларускі паэт Францішак Багушэвіч. У 1958 годзе ў мястэчку адкрылі помнік Багушэвічу, а ў 1970 годзе – музей.

«Прапаную вам яшчэ адно месца Беларусі, куды трэба з’ездзіць. Гэта касцёл Пятра і Паўла ў Жупранах. А на мясцовых могілках можна знайсці месца пахавання Францішка Багушэвіча», – заклікае наш чытач.

6. Ледніковыя азёры і іх рэліктавыя жыхары

Браслаўскія азёры – унікальнае месца ў Беларусі, што ўключае ў сябе дзясяткі азёраў ледніковага паходжання. Буйнейшыя – Дрывяты, Снуды, Струста. Папулярныя – Цно, Недрава, Багінскае.

У 2010 годзе ў адным з азёраў – Паўднёвы Волас – былі знойдзеныя рэліктавыя ракападобныя, якія былі марскімі жыхарамі, але на тэрыторыі Беларусі з’явіліся каля 40 тысячаў гадоў таму, паміж двума абледзяненнямі. У возеры Паўднёвы Волас жывуць усе чатыры віды гэтых ракападобных, чаго не сустракаецца больш нідзе ў Еўропе.

«Браслаўскі рэгіён размешчаны ў зоне гістарычнага ледавіка, што пакінуў сляды ў выглядзе завалуненага рэльефу. Марэнныя пагоркі, пакрытыя хвойным лесам, перамяжоўваюцца з рачнымі далінамі і замкнутымі катлавінамі, што ўтвараюць цэлыя россыпы блакітных азёраў», – распавядае наш чытач.

7. Неагатычны касцёл сярод азёраў

Шмат азёраў таксама ў Мёрскім краі. А ў самім мястэчку Мёры стаіць цікавы неагатычны касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў 1907 годзе.

«Мёрскі раён – край беларускага паазер’я. Тут 96 вадаёмаў і з іх – 83 возеры. Самае вялікае – Абстэрна, а самае глыбокае – Сумаўка, 29 метраў. Галоўная адметнасць Мёраў – пабудаваны ў 1907 годзе неагатычны касцёл Узнясення Панны Марыі, дзе захаваліся рэдкія абразы і скульптуры XIX стагоддзя», – піша чытач.

8. Тут працуе сонечны гадзіннік XVIII стагоддзя, зроблены ў Вільні

Зноў Шчучыншчына. Вёска Ішчална. Тут стаіць цікавы касцёл Найсвяцейшай Тройцы XVIII стагоддзя ў стылі барока. Падчас паўстання 1863 года ў касцёле служыў ксёндз Адам Фалькоўскі, які агучыў прыхаджанам Маніфест народнага ўраду. Праз данос аднаго з мясцовых жыхароў ксяндза арыштавалі і расстралялі ў Лідзе 25 чэрвеня 1863 года.

Каля касцёлу ў Ішчалне ўсталяваны каменны сонечны гадзіннік XVIII стагоддзя, выраблены ў Вільні.

«Касцёл Святой Тройцы ў Ішчалне. Вельмі просты і аскетычны. Побач з ім месціцца, бадай, адзіны ў Беларусі сонечны гадзіннік XVIII стагоддзя. На той час выраб такіх гадзіннікаў патрабаваў значных грашовых асігнаванняў. Як ён з’явіўся ў Беларусі – невядома, ёсць толькі чуткі. Гадзіннік вырабіў Ян Малецкі з Вільні», – паведамляе наш чытач.

9. Сядзіба-фартэцыя, дзе прымусова лечаць злачынцаў

Вёска Гайцюнішкі ў Воранаўскім раёне Гарадзенскай вобласці. Рэкамендацыя нашай рэдакцыі.

Вёска ўпершыню згадваецца ў 1512 годзе. З XVII года належала роду Нонхартаў, якія тут у 1613 годзе пабудавалі сядзібу-замак.

Падчас Паўночнай вайны ў замку ад палякаў абараняліся шведы.

У 1946–1949 гадах у будынку была школа механізатараў. З 1956 года замак аддалі пад абласную псіхіятрычную лякарню. Цяпер жа тут працуе адзіная ў Беларусі псіхіятрычная лякарня для прымусовага лячэння асобаў, якія здзейснілі асабліва небяспечныя злачынствы ў стане псіхічнага разладу.

Сядзіба-фартэцыя ў Гайцюнішках.
Фота: Holiday.by
Дом-фартэцыя ў Гайцюнішках.
Фота: Pinterest

10. Месца, дзе можна пагуляць воўчымі сцежкамі

Гэтая лакацыя – таксама рэкамендацыя «Белсату». Экасядзіба «Навусць» на беразе ракі Воўка ў Налібоцкай пушчы. Гаспадары сядзібы – Вадзім і Ірына Сідаровічы. Вадзім – доктар біялагічных навук, прафесар, аўтар шматлікіх кніг і публікацыяў, спецыяліст у ваўках і рысях. Ён змагаецца за правы ваўкоў і супраць бяздумнага палявання на іх.

Гасцям сядзібы гаспадары прапаноўваюць не толькі адпачынак, але і цікавыя экаэкскурсіі ў самыя нетры пушчы, дзе можна будзе паглядзець на дзікіх звяроў. Працягласць звычайнай экскурсіі – 1–3 дні, паход слядамі ваўкоў зойме 12–16 дзён.

На старонцы «Навусць» у Інстаграме шмат прыгожых здымкаў Налібоцкай пушчы і яе жыхароў.

У сваім блогу Вадзім Сідаровіч вельмі цікава распавядае пра адзін з самых старых лясоў Беларусі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў