Беларусь выйшла з Оргускай канвенцыі. Прычыну пасаромеліся назваць, але мы здагадваемся


Аляксандр Лукашэнка падпісаў 18 ліпеня ўказ аб выхадзе Беларусі з Оргускай канвенцыі аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і правасуддзі ў пытаннях навакольнага асяроддзя.

Лагатып аб’яднання «Экадом». Выява: ecohome-ngo.by

Аб указе паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. У 1999 годзе Лукашэнка сам зацвердзіў сваім указам далучэнне Беларусі да Канвенцыі.

Тэкст указу пакуль не апублікаваны, але прычыны выхаду тлумачаць так: «У кастрычніку 2021 года Беларусь сутыкнулася з прадузятым і дыскрымінацыйным стаўленнем з боку кіроўных органаў Канвенцыі, фактамі ціску на суверэнную дзяржаву».

Што гэта за канфлікт, прэс-служба Лукашэнкі не ўдакладняе. Але ў кастрычніку 2021 года на сёмай сустрэчы краінаў Канвенцыі было прынятае рашэнне аб невыкананні Беларуссю сваіх абавязкаў праз тое, што ў Беларусі было ліквідаванае грамадскае аб’яднанне «Экадом» (у ліпені-жніўні 2021 года таксама прайшлі ператрусы ў дырэктаркі «Экадому» Марыны Дубінай і заснавальніцы «Экадому» Ірыны Сухій). Гэта быў першы выпадак за 20-гадовую гісторыю Канвенцыі, калі ліквідавалі адну з арганізацыяў-«камунікатараў». За рашэнне прагаласавалі тады 34 краіны, супраць – Казахстан, Кыргызстан, Арменія і сама Беларусь, а Малдова ўстрымалася.

Міністэрства прыроды ў канцы лістапада 2021 года пагражала Еўрапейскай эканамічнай камісіі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў: калі да 1 студзеня 2022 года рашэнне па «Экадоме» не скасуюць, Беларусь выйдзе з Оргускай канвенцыі. Пагрозу рэалізавалі праз сем з паловай месяцаў па «дэдлайне».

Hавiны
Страты будуць адчувальныя. Чым пагражаюць уладам Беларусі новыя рэпрэсіі супраць «Экадому»
2021.11.05 10:40

Оргуская канвенцыя названая так па дацкім горадзе Оргус, дзе была падпісаная ў 1998 годзе. 38 краінаў-падпісантаў дамовіліся падтрымліваць правы чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і даваць людзям удзельнічаць у рашэннях адносна навакольнага асяроддзя.

У Беларусі не раз былі скандалы і пратэсты, звязаныя з экалагічнымі праблемамі, як то будаўніцтвам «брудных» заводаў або неінфармаваннем пра аварыі на атамнай электрастанцыі. Агулам з 2021 года ў Беларусі ліквідавалі каля 70 экалагічных арганізацыяў, быў зняволены экс-дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

«Экадом» існуе 26 гадоў, называе сваёй мэтай прасоўванне экалагічна прыязнага ладу жыцця і ідэяў устойлівага развіцця. Нягледзячы на ліквідацыю, «Экадом» працягнуў паведамляць пра праблемы з экалогіяй і рабіць даклады на сваім сайце.

«Мы адаптуемся да новай рэальнасці і працягваем нашую дзейнасць на карысць беларусаў унутры і па-за Беларуссю, каб яны маглі абараняць свае экалагічныя правы, дамагацца экалагічнай справядлівасці і рухацца да ўстойлівага развіцця, – пісаў «Экадом» у артыкуле да свайго 26-годдзя. – Мы дапамагаем быць грамадзянамі, свядомымі і адказнымі, рабіць свой унёсак у свабодную Беларусь, у якой мы хочам жыць. Беларусь, дзе ёсць правасуддзе, справядлівасць, дзе не пераследуюцца вальнадумства».

Hавiны
Беларусь спрабавала пахваліцца мэтамі ўстойлівага развіцця. Штаб Ціханоўскай перашкодзіў
2022.07.13 15:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў