Ахвяраў паводкі ў Еўропе ўжо амаль 200. Бельгія абвесціла дзень жалобы па загінулых


У выніку моцных паводак у краінах Заходняй Еўропы загінула найменей 183 чалавекі. Такую лічбу 18 ліпеня агучылі чыноўнікі, паведамляе Радыё «Свабода».

Паводка ў баварскім горадзе Зэльбіц.
Фота: Deutsche Welle

Найбольш пацярпелі Нямеччына, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Паводка таксама распаўсюдзілася на Швайцарыю, Аўстрыю і Чэхію.

У Нямеччыне на 18 ліпеня вядома пра 156 загінулых, піша «Deutsche Welle». У Бельгіі – 27 ахвяраў, столькі ж лічацца зніклымі без вестак.

Аб’ектыў
Нямеччына: колькасць ахвяраў павялічваецца
2021.07.17 23:12

Як мінімум адзін чалавек загінуў у Баварыі падчас моцнага дажджу ноччу з 17 на 18 ліпеня. У Верхняй Баварыі, а таксама ў Саксоніі абвешчана надзвычайнае становішча.

Жахлівай назвала сітуацыю з паводкай канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, якая ў нядзелю 18 ліпеня наведала вёску Шульд у федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц. Гэты рэгён – адзін з найбольш пацярпелых ад паводкі.

«Гэта неверагодная, жахлівая сітуацыя, у нямецкай мове, мабыць, не знайсці такіх словаў, каб апісаць разбурэнні, – сказала канцлер журналістам. – Але што неверагодна суцяшае, дык гэта тое, што людзі трымаюцца разам, як яны дапамагаюць адзін аднаму, якая салідарнасць паміж людзьмі».

Ратаўнікі, Паўночны Рэйн-Вестфалія.
Фота: Deutsche Welle

З-за паводкі спынены рух цягнікоў паміж Нямеччынай і Чэхіяй.

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен наведала затопленыя раёны Бельгіі, якая абвясціла 20 ліпеня афіцыйным днём жалобы па ахвярах паводкі. 21 ліпеня ў Бельгіі адзначаецца нацыянальнае свята – Дзень прысягі караля, але яго правядуць у скарочаным фармаце: з-за жалобы, з-за каронавірусу, і таму што ваенныя, якія мусілі ўдзельнічаць у парадзе, цяпер займацца выратаваўчымі працамі.

Прыродную катастрофу ў Бельгіі называюць буйнейшай за сто гадоў.

У Нідэрландах паводка прывяла да прарыву дамбы на поўдні краіны.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў