Сёння ў няволі сустракае 21-ы дзень народзінаў палітвязень Арцём Баярскі. Што пра яго вядома?


Хлопец адбывае пакаранне ў сумнавядомай шклоўскай калоніі № 17, дзе загінуў актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Арцёма перавялі сюды ў сакавіку з магілёўскай турмы. Цяпер ён моцна хварэе. Учора Арцёма спрабавала наведаць адвакатка, аднак яе не пусцілі без тлумачэння прычынаў.

Арцём Баярскі, партрэт з выпускнога альбома. Горадня, Беларусь. 1 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Арцёма Баярскага 9 снежня асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Алена Шылько прызнала хлопца вінаватым у стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» (нібыта ён адміністраваў Telegram-канал і чат «Мая краіна Беларусь») і ва ўдзеле «у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Суд быў закрытым. Пракуроркай выступала Вольга Дзіндзілевіч.

Пакуль разглядалася скарга на прысуд, Арцём заставаўся ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Там ён цяжка захварэў – меркавана, на каронавірус. Нягледзячы на цяжкі стан і тое, што доктар прапісаў яму ложкавы рэжым, хлопца перавялі ў турму № 4 у Магілёве, дзе ён чакаў адказу на скаргу ў Вярхоўны Суд. Суддзя Андрэй Кавальчук пакінуў прысуд без зменаў.

Гарадзенец, студэнт хімфаку БДУ, пераможца шматлікіх алімпіядаў у хіміі, Арцём Баярскі марыў ствараць лекі ад невылечных хваробаў. За яго заступіліся 47 навукоўцаў расейскай Акадэміі навук, на знак падтрымання Арцёма завочна залічылі ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага, дзе ён зможа вучыцца пасля вызвалення.

Гісторыі
«Ён не хацеў стаць другім Ромам Бандарэнкам». Хто такі Арцём Баярскі – стыпендыят фонду Лукашэнкі, якога абвінавацілі ў экстрэмізме
2021.05.15 14:15

Хлопец застаецца за кратамі з 24 сакавіка 2021 года. Спачатку яго арыштавалі на 25 содняў, затым выставілі абвінавачванне ў крымінальных артыкулах. Каб зняць «пакаяннае відэа», яго білі ў будынку ГУБАЗіКу. Арцёма затрымлівалі і пасля Маршу сталых людзей у Менску, асудзілі на 15 содняў – і тады збілі ў будынку РУУС.

Чатыры разы Арцём быў стыпендыятам Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, адораных студэнтаў і навучэнцаў. Пасля выбараў у жніўні 2020 года хлопец падпісаў адкрыты ліст з адмоваю ад гэтага статусу на знак пратэсту супраць гвалту і беззаконня. Пасля арышту яго выключылі з БДУ.

Арцёма можна падтрымаць лістамі і паштоўкамі, дасланымі на адрас:

ПК № 17, вул. 1-я Заводская, 8, 213004, г. Шклоў

Арцёму Юр’евічу Баярскаму

belsat.eu

Стужка навінаў