Па візу – у МЗС? Даведаліся, ці сапраўды стала прасцей атрымаць польскую візу


З 14 чэрвеня заявы на атрыманне візы пачалі апрацоўваць не толькі польскія консулы ў Беларусі, але і адмысловыя работнікі аддзелу МЗС Польшчы. Беларусь – першая і пакуль адзіная краіна, грамадзянам якой Польшча дазволіла карыстацца гэтаю працэдураю праз Міністэрства замежных справаў. Новаўвядзенне мае спрасціць і паскорыць гэты працэс ды такім чынам падтрымаць беларусаў, якія хочуць прыехаць у Польшчу.

Адказваем на найбольш распаўсюджаныя пытанні пра атрыманне візы праз МЗС.

Хто можа звяртацца па візу?

Кожны беларус і замежнік, які легальна жыве ў Беларусі і хоча прыехаць у Польшчу.

Якую візу можна атрымаць?

Праз МЗС Польшчы можна будзе атрымаць працоўную і турыстычную візы.

Аб’ектыў
Магчымасці працы на гуманітарнай візе ў Польшчы
2020.11.25 22:52

Візу выдае міністр замежных справаў?

Не. З 14 чэрвеня, акрамя консулаў на тэрыторыі Беларусі, апрацоўваюць заявы і прымаюць пастановы ў справе візаў работнікі адмысловага аддзелу ў МЗС Польшчы, у які трэба будзе звяртацца дыстанцыйна.

Я мушу падаць дакументы на візу беспасярэдне ў МЗС Польшчы? Калі так, то як мне туды трапіць?

Не, вам не трэба ехаць у польскае МЗС. Такой магчымасці нават не разглядалі. Новаўвядзенні не датычаць спосабу абыходжання з асобамі, якія звяртаюцца па польскія візы. Беларусы і замежнікі, якія легальна жывуць у Беларусі, будуць па-ранейшаму абавязаныя падаваць заяўкі праз пункты прыёму візавых заяваў альбо консульскія ўстановы на тэрыторыі Беларусі. Заявы, адпраўленыя ці іншым чынам пададзеныя ў Міністэрства замежных справаў, будуць вернутыя заяўнікам без разгляду з указаннем правільнага спосабу падачы заяўкі.

Аб’ектыў
Польскія консулы пакідаюць Беларусь. Што гэта значыць на мове дыпламатыі?
2021.03.12 23:09

А што з беларусамі ў Польшчы? Я не магу быць у Польшчы і падаць заяўку на візу ў МЗС?

Не. Новае распараджэнне датычыць беларусаў, якія перабываюць на тэрыторыі Беларусі. Падаваць дакументы на візы трэба ў консульствы паводле месца жыхарства. Грамадзяне Беларусі, якія жывуць або перабываюць у Польшчы, маюць магчымасць падаць заяўку на атрыманне дазволаў на часовы побыт у ваяводскія ўправы да канца тэрміну дзеяння візаў, калі яны прадугледжваюць далейшае прабыванне ў Польшчы.

Гэтая працэдура сапраўды спрашчае атрыманне візы?

Пакуль няма афіцыйнай статыстыкі, колькі беларусаў паспелі звярнуцца па візу праз МЗС. Таксама пакуль невядома, як зменяцца тэрміны выдачы візаў.

Цяпер МЗС Польшчы не валодае падрабязнай інфармацыяй аб працэдуры. Калі «Белсат» атрымае звесткі з МЗС, мы апублікуем усю даступную інфармацыю.

  • Новая працэдура выдачы візаў стала магчымая, калі ў Польшчы ўступілі ў моц папраўкі ў Закон аб замежніках. Інфармацыя пра змены даступная на сайце ўправы ў справах замежнікаў: «Эпідэмія каронавіруса – спецыяльныя пастановы для замежнікаў».
  • Сітуацыя з атрыманнем польскіх візаў асабліва ўскладнілася ў сакавіку 2021 года пасля чарговага росту дыпламатычнай напружанасці паміж Варшавай і Менскам. Тады некаторыя польскія консулы пакінулі Беларусь. Спачатку з краіны папрасілі з’ехаць кіраўніка Генеральнага консульства ў Берасці Ежы Тымафеюка за ўдзел у святкаванні Дня памяці польскіх партызанскіх фармаванняў [Дня выклятых жаўнераў] – змагароў з НКВД за незалежную ад Расеі Польшчу. Праз некалькі дзён прапанова пакінуць Беларусь паступіла кіраўніку і консулу Генеральнага консульства Польшчы ў Горадні Ярославу Ксёнжэку праз тое, што той абараняў свайго калегу з Берасця. У адказ Варшава абвясціла персонамі нон-грата консула Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку, а таксама беларускага консула ў Варшаве.
  • Ад пачатку палітычнага і гуманітарнага крызісу, выкліканага дзеяннямі беларускай міліцыі і спецслужбаў, Польшча прыняла тысячы палітычных уцекачоў.
Hавiны
Амаль як у «Gimme shelter»… Як працуе часовы дом для беларусаў у Беластоку
2020.12.12 12:49

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў