Хто з набліжаных да ўлады бізнесоўцаў можа трапіць пад санкцыі ЕЗ і што пра іх вядома


Паводле медыяў, 21 чэрвеня Еўразвяз мусіць увесці санкцыі супраць пяці бізнесоўцаў, шчыльна звязаных з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Абмежаванні закрануць Аляксея Алексіна, Аляксандра Зайцава, Сяргея Цяцерына, Аляксандра Шатрова і Міхаіла Гуцэрыева. Belsat.eu распавядае, чым вядомыя гэтыя асобы і якія актывы яны маюць.

Міхаіл Гуцэрыеў

Міхаіл Гуцэрыеў.
Фота: Reuters / Anton Golubev / File Photo

62-гадовы расейскі алігарх – старшыня рады дырэктараў групы «Сафмар» і нафтагазавай кампаніі «РуссНефть», ягоны асабісты капітал ацэньваюць на $ 2 млрд. Сямʼя Гуцэрыева цягам пяці гадоў займала першае месца ў спісе найбагацейшых кланаў у сучаснай Расеі і толькі летась апусцілася ў рэйтынгу «Forbes» на трэцяе месца.

Сяброўства Гуцэрыева і Лукашэнкі пачалося ў 2000-я, калі алігарх стаў прэзідэнтам кампаніі «Славнефть» і заняўся будаўніцтвам бензастанцыяў і нафтабазаў у Беларусі. Лукашэнкі і Гуцэрыеў ніколі не хавалі цплых стасункаў.

«Гэта чалавек, якому прэзідэнт Беларусі няўхільна давярае», – у 2018 годзе заявіла кіраўніца прэс-службы Лукашэнкі Наталля Эйсмант для «Forbes».

Гуцэрыеў і Лукашэнка.
Фота: presdeint.gov.by

Дзякуючы Лукашэнку расейскі алігарх атрымаў на рэалізацыю буйны інвестыцыйны праект – будаўніцтва ў Любанскім раёне новага калійнага камбінату (Нежынскі горнаўзбагачальны камбінат).

«Ты адзін з нямногіх, хто атрымаў беларускія нетры», – сказаў у свой час Гуцэрыеву Лукашэнка.

Акрамя таго, Гуцэрыеў пабудаваў у Менску гатэль «Рэнесанс», тэрмінал для бізнес-авіяцыі ў сталічным аэрапорце ды шэраг іншых аб’ектаў.

Паводле неафіцыйных звестак, менавіта Гуцэрыеў разам з Віктарам Пракапенем угаварылі Лукашэнку падпісаць дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Сын алігарха Саід Гуцэрыеў неўзабаве пасля гэтага стаў суўладальнікам першай крыптабіржы ў Беларусі. У 2020 годзе Саід таксама выкупіў беларускі «Парытэтбанк».

Саід Гуцэрыеў.
Фота: safmargroup.ru

У якасці падзякі Гуцэрыеў рэгулярна аказваў Лукашэнка розныя паслугі і рабіў дарагія падарункі. Паводле СМІ, у 2013 годзе менавіта Гуцэрыеў падарыў Лукашэнку на дзень народзінаў адну з самых дарагіх машынаў на свеце – «Майбах» мадэлі 57/62, якая каштуе каля $ 500 тыс.

Расейскі алігарх пабудаваў вілу каля Радашковічаў, якую рэгулярна наведвае Лукашэнка, а таксама набыў прыкладна за € 12 млн. VIP-верталёт, аформлены ў колерах дзяржаўнага сцяга Беларусі. Акрамя таго, ён арганізоўваў выступы зорак расейскага шоу-бізнесу на канцэрце для Лукашэнкі.

У 2020 годзе алігарх некалькі разоў фактычна выручаў Лукашэнку. У разгар нафтавай вайны з Расеяй кампаніі Гуцэрыева былі адзінымі пастаўляльнікамі нафты на беларускія НПЗ. А ў жніўні алігарх арганізаваў «агітацыйны дэсант» – тэрміновае перакідванне ў Беларусь працаўнікоў расейскага тэлебачання, якія мусілі замяніць работнікаў БТ, якія звольніліся на знак пратэсту. Менавіта пасля прыбыцця расейцаў афіцыйная прапаганда набыла рэзка агрэсіўны, чалавеканенавісніцкі змест.

Лукашэнка павіншаваў алігарха Гуцэрыева з юбілеем. Топ-7 фактаў пра расейскага сябра кіраўніка Беларусі

Аляксей Алексін

Аляксей Алексін. Скрыншот з відэа president.gov.by

Аляксей Алексін лічыцца адным з найбольш набліжаных да сям’і Лукашэнкі алігархаў. Разам з Віктарам Лукашэнкам бізнесовец з’яўляецца на байкерскіх злётах, разам яны ляталі на прыватным самалёце ў ААЭ. Алексін пачынаў сваю кар’еру на дзяржаўнай службе, працаваў у кампаніі «Белзнешгандальінвест», якая ўваходзіла ў склад Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Арцём Чайка і Аляксей Алексін, Варонеж.
Фота: https://riavrn.ru/

Сёння бізнес Алексіна мае прывеліяваны статус у Беларусі. Гэтак, за апошнія гады Алексін атрымаў ад дзяржавы выключныя правы ў сферы гандлю тытунём. У снежні 2017 года Лукашэнка дазволіў кампаніі алігарха «Энерга-Оіл» стварыць адзіную тавараправодную сетку ў тытунёвай сферы. Менавіта ў межах рэалізацыі гэтага праекту ў Беларусі з’явіліся кіёскі «Табакеркі» (агулам планавалася стварыць да 2,5 тыс. аб’ектаў).

Падчас пратэстаў 2020 года «Табакеркі» ўспрымаліся як адзін з сімвалаў рэжыму Лукашэнкі – людзі пакідалі на шапіках пратэставыя надпісы, а ў некаторых выпадках нават падпальвалі іх. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Дзеля тытунёвай вытворчасці Алексіна ўлады нават змянялі адміністрацыйныя межы Менску. З жніўня 2018 года «Энерга-Оіл» стала эксклюзіўным дыстрыб’ютарам прадукцыі Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» Алігарху таксама дазволілі імпартаваць цыгарэты «L&M», «Parliament», «Marlboro», хаця раней такое права мела толькі прадпрыемства «Беларусьгандаль» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Акрамя таго, Алексін разам з Зайцавым і Вараб’ём – суўладальнік кампаніі «Брэміна Груп», якая займаецца развіццём прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Ворша». Праз непразрыстасць праекту і розныя прывілеі, атрыманыя ад дзяржавы, медыі называюць гэты комплекс «аршанскім афшорам».

Расследaванні
Атачэнне Лукашэнкі карыстаецца афшорам у Арабскіх Эміратах. Эксклюзіўны каментар тытунёвага алігарха «Белсату»
2021.04.13 20:10

Паводле СМІ, Алексін можа быць звязаны з шэрагам незаконных бізнес-схемаў – у прыватнасці, з кантрабандай цыгарэтаў. У Літве Алексін кантраляваў некалькіх фірмаў, якія, як высветліла супольнае журналісцкае расследаванну «Белсата», Siena.lt і OCCRP, мелі яўныя прыкметы адмывання грошай. Напрыклад, у свой час у Вільні Алексін заснаваў кампанію ў паўразбураным будынку, а затым купіў праз яе кватэру, у якой зарэгістраваў яшчэ дзве фірмы. Кампаніі, якія нават не мелі супрацоўнікаў, менш чым за два гады правялі праз свае рахункі € 46 млн.

Сыны алігарха – Дзмітрый і Віталь Алексіны. Фота для калажу: alfoot.net і Дима Олексин / vk.com

Чакалася, што Алексін трапіць пад санкцыі яшчэ ў канцы 2020 года, але ў апошні момант ён быў выкраслены са спісу – паводле неафіцыйнай інфармацыі, на гэтым настаяла Латвія, дзе алігарх у тым ліку вядзе бізнес. Але Алексін усё роўна падрыхтаваўся да еўрапейскіх санкцыяў і ў студзені 2021 года перапісаў свае ключавыя актывы («Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз») на сыноў – Віталя і Дзмітрыя.

Расследaванні
Атачэнне Лукашэнкі адмывае грошы праз Літву? Расследаванне
2020.10.15 20:30

Аляксандр Зайцаў

Аляксандр Зайцаў.
Фота: TUT.by

У 2000-х Аляксандр Зайцаў быў «непрыкметным клеркам» у апараце Савету Міністраў, а таксама, паводле СМІ, працаваў памочнікам Віктара Лукашэнкі. А потым сышоў у камерцыйны сектар і за кароткі тэрмін стаў адным з самых уплывовых алігархаў краіны. Зайцава лічаць асобаю, набліжанай да Віктара Лукашэнкі, які да 2021 года ўваходзіў у Савет бяспекі і быў памочнікам свайго бацькі ў справе нацыянальнай бяспекі. Іх кантакты выходзяць за межы выключна дзелавых пытанняў: напрыклад, калі футбольны клуб «Дынама» (Берасце), якім валодае бізнесовец, выйграў чэмпіянат Беларусі, то на святочны банкет прыехаў асабіста Віктар Лукашэнка.

Аляксандр Зайцаў (справа).
Фота: pressball.by

Бізнес Зайцава ледзь не з самага пачатку быў завязаны на ААЭ – ён рэзідэнт гэтай краіны з 2008 года. Ягоная кампанія «Sohra Overseas» пазіцыянуе сябе як асноўны пастаўляльнік цывільнай прадукцыі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў у краіны Персідскай затокі і Афрыку. Адзін з самых вядомых бізнес-партнёраў Зайцава ў арабскім свеце – Таджэдзін Сэйф, чалавек, які называе цяперашняга прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку «дарагім сябрам» і «любімым братам».

Сэйф, Макей, Зайцаў і Галоўчанка.
Фота: INWEX Innovation Business Center / Facebook

Зайцаў таксама звязаны з праектамі ў абарончай сферы. Праз «Sohra Overseas» бізнесовец застаецца суўладальнікам ААТ «Кідма тэк» (старая назва – «БСЗТ – Новыя тэхналогіі»). «Кідма тэк» выконвае своеасаблівую ролю «прадзюсара» ў беларускім ВПК і пазіцыянуецца як «дачка» дзяржаўнага прадпрыемства «Белспецзнештэхніка», што займаецца экспартам зброі і вайсковай тэхнікі. Як высветліла расследаванне «Белсату», абарончы бізнес Зайцава звязаны з некалькімі падазронымі кампаніямі ў Латвіі і Украіне, якія больш падобныя да фірмаў-пракладак. Акрамя таго, бізнесовец значыцца сярод суўладальнікаў украінскай фірмы «Sigma Technology», якая рэгулярна ўдзельнічае ў тэндарах Нацпаліцыі і займацца пастаўкамі цеплавізараў, прыладаў начнога бачання ды аксесуараў для стралковай зброі.

Аналітыка
«Прадзюсар» у ВПК, латышскі партнёр і фірмы ва Украіне. Распавядаем пра бізнес алігарха Зайцава ў абароннай сферы
2021.05.03 08:30

Зайцаў таксама мае актывы ў Літве, на Кіпры і Мальце. Літоўскі бізнес Зайцава (у прыватнасці, UAB «Sohra», якой ён валодае праз кіпрскую фірму «Litenburgo Investments»), паводле СМІ, мае яўныя прыкметы адмывання грошай. На Мальце Зайцаў з’яўляецца суўладальнікам кампаніі «Stork Alliance Holding Limited» – разам з Мікалаем Вараб’ём, турэцкім бізнесоўцам Аллатынам Айкачам і таямнічай «Еurope Consulting Group Inc», зарэгістраванай у Панаме.

Расследaванні
Бізнес на Мальце, сямейныя актывы ў Аўстрыі і санкцыйны манеўр. Распавядаем пра алігарха Вараб’я
2020.12.24 07:00

Сергей Цяцерын

Аляксандр Лукашэнка ў гасцях у сваёй цешчы Алены Жалнаровіч з вялікай кампаніяй. Злева направа: тагачасны намеснік старшыні Федэрацыі тэнісу Сяргей Цяцерын (цяпер – старшыня), старэйшы сын кіраўніка Беларусі і ягоны памочнік у пытаннях нацыянальнай бяспекі Віктар Лукашэнка, дзяўчына, падобная да спявачкі Алены Ланской, Аляксандр Лукашэнка, Паліна Шуба, тагачасны кіраўнік Федэрацыі тэнісу Аляксандр Шакуцін (сёння – старшыня Рады дырэктараў кампаніі «Амкадор»). На пярэднім плане побач з Аленай Жалнаровіч – лекар кіраўніка Беларусі Святлана Канашэнка. Фота з сямейнага альбому Алены Жалнаровіч у 2014 годзе апублікаваў TUT.by

Сяргей Цяцерын – старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі, чалавек, які ўваходзіць у блізкае кола Лукашэнкі. Яго можна часта ўбачыць разам з Лукашэнкам на нефармальных сустрэчах.

У маладосці Цяцерын прафесійна займаўся спортам, быў чэмпіёнам БССР па тэнісе, выступаў на міжнародных спаборніцтвах. Потым перайшоў на трэнерскую працу.

Лукашэнка і Цяцерын (справа) на матчы Кубка федэрацыі.
Фота: nn.by

Пазнаёміліся Цяцерын і Лукашэнка яшчэ ў 1990-я, разам гулялі ў тэніс і ў хакей. У розныя часы Цяцерын быў намеснікам міністра спорту і турызму, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

У 2012 годзе пасля сыходу з НАК заняўся бізнесам: ён заснавальнік і дырэктар холдынгу «БелГлобалСтарт». Кампаніі холдынгу займаюцца продажам мэблі і прадметаў інтэр’еру, валодаюць сеткай кінабараў, пастаўляе на беларускі рынак алкаголь і некаторыя харчы.

Цяцерын і Лукашэнка збіраюць кавуны.
Фота: belta.by

Як і іншыя набліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы, Цяцерын рэгулярна атрымлівае розныя прэферэнцыі для свайго бізнесу. Напрыклад, у 2014 годзе падчас чэмпіяната свету па хакеі падкантрольная Цяцерыну кампанія была прызначаная афіцыйным аператарам грамадскага харчавання. У 2015 годзе кампанія Цяцерына ўвайшла ў спіс спецыяльных імпарцёраў алкагольнай прадукцыі.

Таксама Цяцерын мае актывы ў медыябізнесе – ён суўладальнік кампаніі «ТНТ-International», якая кіруе трансляцыяй расейскага тэлеканалу ТНТ у Беларусі.

Аляксандр Шатроў

Аляксандр Шатроў.
Фота: Аляксандр Глебаў / probusiness.io

Аляксандр Шатроў – кіраўнік IT-кампаніі «Synesis», якая займаецца распрацоўваннем і дыстрыбуцыяй сістэмаў відэаназірання і аналітыкі. Створаная «Synesis» платформа для маніторынгу грамадскай бяспекі «Kipod» стала важным інструментам спецслужбаў для ідэнтыфікацыі і пераследу пратэстоўцаў падчас падзеяў 2020 года. Праз гэта «Synesis» яшчэ ў 2020 годзе трапіў пад санкцыі Еўразвязу.

Сам Шатроў аспрэчваў усе абвінавачванні і нават падаў пазоў у суд ЕЗ, каб санкцыі былі ануляваныя.

Hавiны
Як IT-кампанія Synesis, якая трапіла пад санкцыі ЕЗ, звязаная з Лукашэнкам
2020.12.30 21:54

Цікава, што да нядаўняга часу амаль чвэрць ТАА «Сінэзіс» належыла кампаніі «Энерга-Оіл-Інвест» і жонцы галоўнага бенефіцыяра «Энерга-Оілу» – Іне Алексінай. Аднак пасля ўвядзенне санкцыяў ЕЗ усе 100 % кампаніі перайшлі ва ўласнасць Шатрова. Шатроў і Алексін таксама бралі ўдзел у запуску сістэмы маніторынгу транзітных перавозаў «БНГарант». Бізнес Шатрова засвяціўся і ў праектах, супольных з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта – у прыватнасці, яны распрацоўвалі праграмнае забеспячэнне для онлайн-латарэі BelBet.

Пры гэтым Шатроў, бадай, адзіны бізнесовец з санкцыйнага спісу, якога нельга назваць чалавекам, асабіста набліжаным да сям’і Лукашэнкі. Ён ніколі не з’яўляўся на публічных сустрэчах побач з Лукашэнкам або ягонымі сынамі. Пра іх асабістыя кантакты таксама нічога невядома.

Расследaванні
Як гаманцы Лукашэнкі ўцякаюць ад санкцый
2021.04.06 12:47

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў