5,5 года за жменю зямлі, кінутую ў міліцыянтаў. Размова з маці палітвязня Алега Рубца


Алег Рубец – 19-гадовы пінчук, фанат футбольнай каманды «Хваля». Увечары пасля першых у сваім жыцці выбараў хлопец быў настолькі абураны тым, што міліцыянты б’юць безабаронных людзей, што з адчаю кінуў у сілавікоў жменю зямлі, якую ўзяў з клумбы побач. Суд прызнаў Алега ўдзельнікам масавых закалотаў і пакараў 5,5 гадамі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На волі пінчука чакае вялікая сям’я: тата, браты, маленькая сястрычка, дзве мамы. Калі Алегу было 9 гадоў, бацькі развяліся. Хлопчык застаўся з татам і ягонай новай жонкай, якая прыняла мужавага сына як роднага. Пра Алега і жыццё пасля 9 жніўня распавядае «другая мама» палітвязня, Таццяна Собалева.

Палітвязень з Пінску Алег Рубец.
Фота: spring96.org

Сын мужна сустрэў вырак

– Яшчэ да суда Алег пісаў у лістах, што ён маральна гатовы да немалога тэрміну. Ён не меў ілюзіяў, ад самага пачатку разумеў, што адбываецца, і мужна, годна сустрэў вырак. Мы, родныя, магчыма, насуперак здароваму сэнсу, спадзяваліся да апошняга, што суддзя разбярэцца. Але ён пакараў Алега 5,5 гадамі турмы.

Сын распавядаў, што ў той вечар, 9 жніўня, калі міліцыянты адціскалі ад выканкаму людзей, то моцна білі дручкамі па шчытах. Гэта было страшна, складана перанесці псіхалагічна, казаў. Людзі пачалі адыходзіць, але міліцыянты працягвалі наступаць, адчуваўся іхны агрэсіўны настрой. Адначасова з іншага боку ішла яшчэ адна шарэнга міліцыянтаў, людзі апынуліся ў атачэнні. Потым сілавікі пачалі прымяняць спецсродкі, і тут перад Алегам упаў нейкі мужчына ў крыві. Алег дапамог яму падняцца і адысціся. Сын быў настолькі абураны і раз’юшаны, што людзей б’юць, што на эмоцыях ад бяссілля і адчаю схапіў тую жменю зямлі з клумбы і кінуў у бок сілавікоў. На відэазапісе мы бачылі, як яна рассыпалася ў паветры, так і не даляцеўшы да міліцыянтаў.

Ніхто ад той зямлі не пацярпеў. Але Алега ўсё адно адпраўляюць у турму. У апошнім слове ён папрасіў у нас, бацькоў, прабачэння, падзякаваў за падтрыманне. Я расплакалася. Усе пачуцці былі перамяшаныя – і гонар за яго, і трывога за далейшы лёс дзіцяці.

Таццяна Собалева і Віктар Рубец.
Фота: spring96.org

Была разбітая губа, на шчацэ – драпіна, нібы цягнулі па асфальце

– Гэта былі першыя выбары для Алега. Ён хадзіў галасаваць, быў вельмі натхнёны. Мы ўсе верылі, што выбары будуць сумленнымі. Здавалася, што ўсё відавочна – калі такія вялізныя чэргі збіраліся, каб пакінуць подпісы за кандыдатаў, дык ясна, што людзі хочуць пераменаў.

9 жніўня ўвечары Алег прыйшоў дадому. Раніцай у панядзелак, 10-га, як звычайна, пайшоў на працу. А ўвечары не вярнуўся. Бывала, што ён затрымліваўся, але да другой гадзіны ночы заўсёды быў дома. Нумар быў недасяжны. Мы з мужам чакалі да раніцы, не ведалі, што рабіць.

11 жніўня раніцаю сталі тэлефанаваць у міліцыю, але ніякай інфармацыі нам не давалі. Потым патэлефанавала адвакатка. Як аказалася, увечары Алега арыштавалі разам з сябрам Даніілам. Сведкі казалі, што іх затрымлівалі людзі ў цывільным, і яшчэ на вуліцы пачалі біць. Муж пайшоў да ГУУС. Пабачыў там натоўп людзей, мам з вазкамі, не мог зразумець, што адбываецца. А калі нам сталі распавядаць, што было, мы не маглі паверыць, што такое ўвогуле магчыма. У нас жа маленькі горад, усе адзін аднаго ведаем, як нашая міліцыя магла так паступіць са сваімі гараджанамі, у галаве не ўкладваецца.

Алег распавядаў адвакату, што яго білі дручком па спіне, нагах. На судзе мы бачылі ягоныя фотаздымкі ды відэа, зробленыя адразу пасля затрымання. Ён быў збіты, разбітая ніжняя губа, на шчацэ справа – драпіна, нібы яго па асфальце цягнулі, гузак на лобе.

Hавiны
У судзе Маскоўскага раёну Берасця 30 красавіка вынеслі прысуд у «пінскай справе»
2021.04.30 11:59

Як сілавікі будуць тлумачыць усё ўласным дзецям?

– Пінскія ўлады, асабліва міліцыя, самі справакавалі ўсё, што адбылося. Спачатку з выбарчых участкаў людзей па вынікі выбараў накіравалі да выканкаму – маўляў, усе пратаколы адвезлі туды. І людзі пайшлі ды чакалі. Самі ўлады сабралі гэты натоўп на плошчы Леніна.

Мы дагэтуль не можам зразумець, навошта наш начальнік міліцыі Каравякоўскі даў той загад, пачаў наступ на мірных бяззбройных людзей? На судзе сілавікі казалі, што былі спробы штурму выканкаму. Але гэта няпраўда.

Людзі прыйшлі на плошчу з балонікамі, з дзецьмі – і проста чакалі. Прыйшлі адстаяць свае галасы, паказаць, што яны ёсць. А ў адказ, што добра было чуваць на відэазапісе ў судзе, Каравякоўскі загадаў: «Да бою» і «Адкрыць агонь». Вядома, гэта спужала людзей і падштурхнула да абароны.

Быў шок, калі мы даведаліся пра гвалт, што чынілі сілавікі. А людзі ж проста хацелі пераменаў. Пінчукі пачалі выходзіць на маршы, ланцугі салідарнасці, падыходзілі да будынку ГУУС і патрабавалі адпусціць затрыманых 9 жніўня. Я думаю, міліцыянты мусяць разумець, што за ўсё гэта ім давядзецца адказваць. Ведаю, што было шмат канфліктаў тады, распадаліся сем’і, сяброўствы. Шмат людзей асуджала міліцыю за жорсткасць. Але на судзе міліцыянты сябе выставілі ахвярамі, запатрабавалі вялізныя сумы за фізічную і маральную шкоду. Хоць ні ў каго з іх не было сур’ёзных траўмаў. Я не ведаю, як яны далей збіраюцца жыць у гэтым горадзе, тлумачыць усё родным, суседзям, уласным дзецям?

Мы не маглі паверыць, пакуль на свае вочы не ўбачылі збітых людзей. Калі мы стаялі ў чарзе на перадачу ў ІЧУ, там дзяўчына чакала свайго хлопца. Маленькая, худзенькая, на выгляд не больш за 14 гадоў. Яна падняла спадніцу і паказала сінякі. Як дзяўчынку, такую крохкую, амаль дзіця, можна было гэтак збіць?

А потым пачалі выходзіць хлопцы, і такое распавядалі і паказвалі, што нам стала зразумела – у краіне адбылося нешта жахлівае, і назад дарогі няма. Гэта немагчыма зразумець і асэнсаваць, як жорстка абышліся з людзьмі, якія проста хацелі пераменаў, мірным шляхам, праз сумленныя выбары.

Алег Рубец.
Фота: сямейны архіў

У СІЗА вязням кажуць, што на волі ад іх усе адвярнуліся

– З Алегам мы ўбачыліся толькі 23 сакавіка на першым паседжанні. Да гэтага спатканняў не давалі, як мы ні прасілі. На судзе кінулася ў вочы, што ён моцна схуднеў, завастрыліся рысы твару. Погляд стаў больш жорсткі, калючы.

Алег спакойны хлопец, не агрэсіўны, ураўнаважаны, з моцнаю вытрымкай. За час, праведзены ў СІЗА, ніколі ў лістах не скардзіўся ні на што, не выказаў нават найменшай слабасці. Наадварот, стараўся падтрымаць нас – пісаў, што ў яго ўсё добра, каб мы не перажывалі.

Ён прынцыповы. У лютым абвесціў галадоўку на знак пратэсту, бо яму не перадавалі лістоў. Пяць дзён нічога не еў. За гэта яго на шэсць дзён адправілі ў карцар. Мы з мужам вельмі перажывалі тады за ягонае здароўе. Сын з двухгадовага ўзросту хварэе на астму. Цяпер ён, дзякуй Богу, у рэмісіі, але той жа бранхіт можа справакаваць абвастрэнне. На шчасце, ягоны арганізм аказаўся дастаткова моцны. Але на ўсялякі выпадак мы перадалі патрэбныя лекі.

Алег – праўдаруб. Моцна не любіць, калі хлусяць, ці калі канфліктуюць, – усіх заўсёды імкнецца памірыць. У яго моцны стрыжань, хоць яму ўсяго 19 гадоў. Адначасова хлопец вельмі адкрыты, у яго шмат сяброў, яны прыязджалі на суды. Алег на пасяджэннях жэстамі з акварыуму дзякаваў сябрам, што не забыліся на яго. Ім жа ў СІЗА кажуць пастаянна, што яны – ізгоі, нікому не патрэбныя, што там, на волі, пра іх даўно ўсе забылі ды адвярнуліся ад іх. Каб падмацаваць гэтае пачуццё пакінутасці ды ізаляцыі, адміністрацыя СІЗА не перадае лістоў ад сяброў, толькі ад родных.

Гісторыі
«Як ім дараваць скрадзеныя гады і асірацелых дзяцей?» Гутарка з сястрой асуджанага ў «пінскай справе»
2021.05.07 08:42

«Схільны да экстрэмізму і нападу на супрацоўнікаў СІЗА, захопу закладнікаў»

– На судзе мы даведаліся, што Алега паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму і захопу закладнікаў, нападу на супрацоўнікаў СІЗА. Яму адвялі асобнае месца ў камеры, дзе ён мусіць быць падчас праверкі, а таксама кожны раз, калі заходзіць дзяжурны, казаць гэтую фармулёўку, за што пастаўлены на прафілактычны ўлік.

У турме цяпер і найлепшы сябар Алега – Данііл Богнат. Яны абодва – фанаты футбольнай каманды «Хваля». У 2019 годзе яны наведалі ўсе гульні каманды, выйгралі залатыя майкі. Тата Алега на ўсе судовыя паседжанні хадзіў з шалікам «Хвалі» на знак салідарнасці. Алег бачыў, падміргваў тату.

Таксама разам з Данікам Алег адвучыўся на трактарыста, з 1 жніўня быў на адпрацоўцы. Праца яму вельмі падабалася. Хацеў адпрацаваць год, атрымаць правы катэгорыі Е і пайсці ў дальнабойнікі. Гэта была ягоная мара. Алег вельмі любіць вандраваць. Казаў: хачу паглядзець свет, іншыя краіны. На жаль, мары не здзейсніліся… Але я спадзяюся, што на пяць гадоў ён у турме не затрымаецца, і яшчэ рэалізуе ўсе свае планы.

Данііл Богнат з Алегам Рубцом. Фота з сямейнага архіву

Мы перажывем, галоўнае, каб Алег захаваў здароўе

– Алег – малодшы сын майго мужа ад першага шлюбу. Пасля разводу ён разам са старэйшым братам застаўся жыць з бацькам. Брату цяпер 23 гады. У мяне двое дарослых сыноў – 30 і 26 гадоў. У роднай Алегавай мамы яшчэ 6-гадовая дачка. У нас вялікая і дружная сям’я. А асабліва мы аб’ядналіся цяпер. Родная мама Алега і я разам адвозім яму перадачы, пішам лісты.

Мне 51 год будзе ў ліпені, тату Алега – 50 таксама ў ліпені. Ён – аператар вежавага крана, шмат гадоў будуе дамы. Яго цэняць у калектыве, цяпер падтрымліваюць, цікавяцца, як справы ў сына, выказваюць салідарнасць.

Я краўчыха, шыю жаночую вопратку ў прыватным атэлье, больш за 30 гадоў у гэтай сферы. Мы звычайная простая сям’я. Гадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў, напрыканцы верасня – папаўненне ў Алегавага брата.

Мы былі шчаслівыя, у нас усё было. Сітуацыя з Алегам нас усіх падкасіла, але не зламала. Здароўе падарванае эмацыйным напружаннем, бяссоннем, не ведаю, як гэта яшчэ нам адгукнецца, але перажывем. Галоўнае, каб Алег захаваў сваё здароўе. Мы яго ніколі не кінем, ён наш родны, любімы сын, мы заўсёды будзем яго падтрымліваць, пішам яму пра гэта ў кожным лісце, хоць ён і так гэта ведае.

Гісторыі
«Паклалі на падлогу, і кожны, хто праходзіў побач, біў нагамі». Як катавалі і судзілі 19-гадовага пінчука
2021.05.17 12:56

Дрэннага чалавека з Алега калонія дакладна не зробіць

– Акрамя калоніі, на Алегу вісіць яшчэ сплата кампенсацыі сілавікам. Як пагасіць гэтую суму, ніхто з родных пінскіх вязняў не ведае. Хоць суд яе і зменшыў, і цяпер там каля 250 тысяч рублёў агулам, але гасіць трэба адной выплатаю. Мы не можам выдзеліць сваю долю, заплаціць за Алега і разлічваць на датэрміновае вызваленне, напрыклад. Такой магчымасці ні ў каго не будзе, пакуль не будзе пагашаны ўвесь пазоў. Нам сказалі заплаціць цягам месяца, але як гэта магчыма? Няўжо яны там зусім не разумеюць, што няма сярод нас алігархаў, што мы ўсе – звычайныя людзі, якія жывуць ад заробку да заробку? Праз месяц з-за таго, што не заплацілі, сума павялічыцца на 10 %. Гэта яшчэ плюс 25 тысяч.

Мы падаем апеляцыю, але надзеі на яе амаль няма, бо сёння суды ў Беларусі – гэта не суды, а нейкія тэатры.

Напрыканцы траўня пабачымся з Алегам – у мужа 26-га спатканне, у мяне – 27 траўня.

Я думаю, нешта зрушыцца ў нас, калі зменіцца свядомасць людзей, калі яны навучацца адстойваць уласную пазіцыю, а да гэтага моманту цяжка сказаць, якая будучыня чакае нашых дзяцей.

Я не ведаю, які шлях пасля вызвалення абярэ Алег – застацца тут ці з’ехаць. Але мы падтрымаем яго ў любой справе. Мне б хацелася, каб ён яшчэ вучыўся, каб яму адкрылася як мага больш шляхоў, бо ён разумны хлопец. Цяпер самы час атрымаць адукацыю, закласці фундамент далейшага жыцця.

Але, на жаль, яму давядзецца праходзіць зусім іншыя ўніверсітэты. Я спадзяюся, што ён застанецца такі ж моцны, як цяпер. Упэўненая, што ўзмужнее, і што дрэннага чалавека з яго калонія дакладна не зробіць.

Гісторыі
Стаяў у намётавым мястэчку ў 2006-м, у 2020-м – абвінавачаны ў «пінскай справе». Распавядаем пра Ігара Салаўя, якога пакаралі 6 гадамі ўзмоцненага рэжыму
2021.05.01 08:30
Гісторыі
«Мамачка, забяры мяне адсюль. Мне так страшна, як ніколі раней». Як выглядае жыццё ў чаканні прысуду
2021.04.25 18:31
Гісторыі
«Скажы сыну, што я не злодзей, не забойца, а сяджу за праўду». Размова з жонкаю Сяргея Ляжэнкі, фігуранта «пінскай справы»
2021.04.30 08:00

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў