Беларусь стварае з Расеяй праграму абыходжання з ядравымі адкідамі АЭС


Беларусь стварае з Расеяй праграму абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі. Аб гэтым, як перадае БелТА, стала вядома пасля тэхналагічнага туру беларускіх спецыялістаў на абʼекты «Росатома».

Знак радыеактыўнасці. Крыніца: Wikipedia

Беларусь збіраецца будаваць на сваёй тэрыторыі абʼект для захавання радыеактыўных адкідаў (РАА), якія ўзнікнуць пасля таго, як ядравае паліва адпрацуе свой тэрмін у рэактарах Астравецкай АЭС. Тэхналагічны тур на абʼекты «Росатома» – гэта частка падрыхтоўкі да стварэння сховішча РАА на тэрыторыі краіны. Паводле намесніка дырэктара Дэпартамента па ядравай энергетыцы Мінэнерга РБ Мікалая Міхайлава, збудаванне ў Беларусі сховішча ядравых адкідаў зʼяўляецца «стратэгічнай задачай».

«Фінальная ізаляцыі РАТ і збудаванне рэспубліканскага абʼекта для ізаляцыі адкідаў адносяцца да прыярытэтных задач, якія адлюстраваны ў нацыянальнай стратэгіі Беларусі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. Таму асабіста азнаёміцца, як гэтыя задачы рэалізаваны на прадпрыемствах «Росатома», – стратэгічна важна», – цытуе БелТА Міхайлава.

Паведамляецца таксама, што падчас тура беларускія спецыялісты кансультаваліся, як распрацоўваць канцэпцыю вываду з эксплуатацыі Беларускай АЭС, а таксама як арганізаваць выбар пляцовак для размяшчэнні ядравых могільнікаў.

Беларуская дэлегацыя абмяркоўвала з расейскімі вытворцамі ядравага паліва і стварэнне нацыянальнай сістэмы абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі і адпрацаваным ядравым палівам (АЯП). Чакаецца, што стварэнне гэтай сістэмы будзе часткова альбо цалкам прафінансавана з бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

«Цяпер мы фармуем саюзную праграму Расеі і Беларусі па пытаннях забеспячэння ядравай і радыяцыйнай бяспекі ў частцы абыходжання з АЯП, РАТ і вываду з эксплуатацыі. АТ «ТВЭЛ» як базавая арганізацыя СНД ужо прыняло каля 30 прапаноў », – паведаміў дырэктар праграм па вываду з эксплуатацыі АТ «ТВЭЛ» Эдуард Нікіцін.

Вядома, што падчас тура, арганізаванага паліўнай кампаніяй «Росатома» АТ «ТВЭЛ» беларускія спецыялісты наведалі Томскі політэхнічны універсітэт, Сібірскі хімічны камбінат у Северску (АТ «СГК», прадпрыемства Паліўнай кампаніі «Росатома» «ТВЭЛ», а таксама Северскі філіял расейскага нацыянальнага аператара па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі. У Северску ўдзельнікі беларускай дэлегацыі наведалі мясцовае сховішча, дзе захоўваюцца ядравыя адкіды трэцяга і чацвёртага класаў.

У беларускую дэлегацыю ўваходзілі супрацоўнікі Міністэрства энергетыкі і Дзяржатамнагляду Беларусі, энергетыкі Беларускай АЭС і ДВА «Белэнерга», вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і «прадстаўнікі іншых арганізацый».

Адметна, што вывад з эксплуатацыі станцыі звычайна адбываецца пасля выпрацоўкі яе рэсурсу, аднак, як вынікае з паведамлення, беларусы заклапочаныя гэтым ужо зараз. Апроч таго, беларускія стваральнікі ядравага могільніка адкрыта супрацоўнічаюць з АТ «ТВЭЛ», якое за фінансаванне вайны ва Украіне знаходзіцца пад санкцыямі з боку большасці краінаў Захаду.

Hавiны
Лукашэнка падпісаў указ аб арганізацыі сістэмы абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі
2023.04.14 10:05

Нагадаем, што 6 красавіка стала вядома аб планах будаўніцтва пад Менскам яшчэ аднаго ядравага рэактара. На ім будуць праводзіць даследаванні. Таксама, на тэрыторыі краіны абіраюць месца пад будаўніцтва магільніка для радыеактыўных адкідаў. Паводле звестак Дзяржатамнагляду, пакуль што праводзіцца падрыхтоўчая работа, выпрацоўваюцца крытэрыі выбару пляцоўкі. Плануецца, што будуць вызначаныя тры альтэрнатыўныя пляцоўкі і пасля аналізу будзе абраны «найбольш выйгрышны варыянт з пункту гледжання бяспекі», будуць улічваць геалагічныя, эканамічныя і сацыяльныя фактары. Пакуль невядома, калі дакладна пачнецца будаўніцтва яшчэ аднаго радыеактыўнага абʼекту ў Беларусі, аднак першая чарга павінна быць запушчаная да 2030 года.

Мірон Маліна  belsat.eu

Стужка навінаў