Куды перанакіраваць беларускі экспарт? Задача з трыма невядомымі


Пазіцыя ўладаў Беларусі ў дачыненні вайны Расеі супраць Украіны каштавала новага пакету санкцыяў і страты прэміяльнага ўкраінскага рынку. Ва ўрадзе сцвярджаюць, што змогуць перанакіраваць экспартныя плыні ў іншыя краіны. Эксперты кажуць, што тэарэтычна такое магчыма, але практычна – гэта задача з трыма невядомымі: каму прадаць, як даставіць і як атрымаць грошы.

Наведнікі з расейскім і беларускім сцягамі на выставе прадукцыі машынабудавання Расеі і Беларусі ў выставачным цэнтры ВДНГ. Масква, Расея, 2 красавіка 2022 г. фота: Artyom Geodakyan / TASS / Forum

Хто і што пад санкцыямі?

8 красавіка Еўрапейская Рада ўхваліла чарговы пакет санкцыяў у дачыненні Расеі, частка з якіх датычыць і Беларусі. У прыватнасці, беларускім аўтатранспартным прадпрыемствам забаронена перавозіць грузы па тэрыторыі ЕЗ, у тым ліку транзітам. Выключэнне робіцца для гуманітарных, медычных, харчовых, паштовых і дыпламатычных грузаў. Асобны дазвол таксама можна атрымаць на перавоз грузаў, звязаных з купляй, імпартам або транзітам у ЕЗ прыроднага газу і нафты, у тым ліку нафтапрадуктаў, а таксама тытанавай, алюмініевай, меднай, нікелевай, паладыевай і жалезнай руды. Да 16 красавіка свае рэйсы мусілі закончыць тыя аўтамабілі, якія выехалі да 9 красавіка. З гэтага часу набыла моц поўная забарона.

Аналітыка
«На гандлі з Кіевам будзе пастаўлены крыж». Колькі Беларусь страціць ад вайны ва Украіне
2022.03.08 07:30

Напачатку месяца санкцыі супраць Беларусі прынялі ЗША. Абмежаванні закранулі прадпрыемствы абароннага комплексу. У прыватнасці, такія, як 140-ы рамонтны завод (Барысаў), 558-ы авіяцыйны рамонтны завод (Баранавічы), ААТ «Агат», ААТ «Пеленг», холдынг «БелОМА», Менскі завод колавых цягачоў, авіякампанія «Трансавіяэкспарт» і іншыя.

Пры канцы сакавіка некаторыя з гэтых кампаній, а таксама банк «Дабрабыт», лізінгавая кампанія «Белбізнеслізінг» і «Белінвест-інжынірынг» трапілі пад санкцыі Вялікай Брытаніі.

1 красавіка закончыўся тэрмін, на працягу якога мусілі завершыцца ўсе ўгоды з беларускімі ўгнаеннямі. Гэта прадугледжана санкцыямі ЗША, якія набылі моц яшчэ 8 снежня 2021 года. З лютага Літва спыніла транзіт беларускіх угнаенняў. Да 4 чэрвеня ў адпаведнасці з санкцыямі ЕЗ павінны быць завершаныя ўгоды з прадукцыяй беларускага дрэваапрацоўвання, цэментам, металам, апонамі, нафтапрадуктамі. Нафтаперапрацоўванне і некаторыя пазіцыі калійных угнаенняў трапілі пад санкцыі яшчэ ўлетку 2020 года. Тады, прымаючы іх, ЕЗ адклаў рэальнае іх уступленне ў сілу да заканчэння дзеяння кантрактаў. Аднак пачатак вайны і пазіцыя ўладаў Беларусі паскорылі пачатак дзеяння абмежаванняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Пад санкцыямі і беларускія банкі. «Белінвестбанк», «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», паколькі яны маюць долю дзяржавы больш за 50 %, – з чэрвеня 2021 года, у сувязі з рэпрэсіямі ў краіне. Сёлета ў лютым да іх дадаліся «Дабрабыт» і «Банк развіцця». Затым, у сувязі з санкцыямі ў дачыненні расейскіх банкаў, пад удар патрапілі іх беларускія «дочкі» – «Банк ВТБ Беларусь», «БПС-Сбербанк» і «БелВЭБ».

Маштабы санкцыяў

Цяпер складана ацаніць агульныя маштабы санкцыяў. Рашэнне не працаваць з беларускімі контрагентамі прымаюць самастойна асобныя краіны і кампаніі. Што датычыць беларускага таварнага экспарту, то галоўныя страты – гэта пастаўкі ў ЕЗ і Украіну. Пастаўкі на гэтыя рынкі традыцыйна забяспечвалі Беларусі станоўчае гандлёвае сальда.

Як паведамлялася, на долю ЕЗ у 2021 годзе прыпадала амаль 24 % усяго беларускага экспарту тавараў. Наша краіна прадала іх туды на $ 9,5 млрд, станоўчае сальда ў гандлі з ЕЗ склала $ 2,7 млрд. Доля Украіны ў беларускім экспарце – 13,6 %. У грашовым эквіваленце летась гэта было $ 5,4 млрд. Сальда ў гандлі з Украінай таксама станоўчае – $ 3,3 млрд.

Аналітыка
Усе чакалі праблемаў, але не такіх. Як працуе і што прапаноўвае беларуская транспартавая галіна
2022.04.14 09:00

З сярэдзіны мінулага года Белстат засакрэціў звесткі аб экспарце тавараў, якія трапілі пад санкцыі. З $ 9,5 млрд паставак у ЕЗ у таварнай структуры адлюстравана толькі $ 4,9 млрд паводле звестак за 2020 год, калі ў статыстыцы адлюстроўвалася поўная інфармацыя. Самая вялікую частку экспарту ў ЕЗ складалі мінеральныя прадукты – 23,6 %. На другім месцы – прадукцыя дрэваапрацоўвання (18,8 %), на трэцім – металы. Пры гэтым 95 % мінеральных прадуктаў – гэта нафта і прадукты яе перапрацоўкі, а 70 % хімічнай прадукцыі – угнаенні. Усе яны трапілі пад санкцыі.

Асноўныя экспартныя пазіцыі – нафтаперапрацоўванне і ўгнаенні – трапілі пад санкцыі першымі, у сувязі з маштабнымі рэпрэсіямі, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Аднак абмежаванні, якія прынялі ў ЕЗ, мелі адкладзены эфект і абмежаванае дзеянне. Так, пад санкцыі трапіла ўся нафтаперапрацоўванне (больш за $ 600 млн паводле звестак 2020 года), але захоўваліся пастаўкі сырой нафты. Яе купляла Нямеччына. У 2020 годзе Беларусь прадала 1,2 млн т на $ 343 млн. Увесь нафтавы экспарт у 2020 годзе складаў $ 1,1 млрд. Аднак пасля міграцыйнага крызісу восенню 2021 года Нямеччына заявіла аб тым, што не будзе купляць беларускую нафту. Скарачэнне экспарту ў гэтую краіну ў пачатку 2022 года на 41 % дае падставы меркаваць, што гэтыя пагрозы былі здзейсненыя.

Ілюстрацыйны здымак. «Беларуськалій», 18 жніўня 2020 г.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Экспарт калію – важная пазіцыя для Беларусі. Штогод яго экспартуецца на суму каля $ 2,5 млрд долараў. Аднак санкцыі ў дачыненні гэтага віду прадукцыі, уведзеныя летам 2021 года, былі максімальна ашчаднымі. Па-першае, яны датычылі краінаў ЕЗ, якія па стане на 2020 год куплялі толькі 8 % ад усяго беларускага калійнага экспарту (каля $ 200 млн). Тады як асноўныя пакупнікі – Бразілія (21,63 %, ці $ 522 млн), Кітай (13,29 %, на $ 320 млн) і Індыя (12,02 %, на $ 290 млн) ніякіх санкцыяў не ўводзілі. Акрамя таго, ЕЗ пакінуў «за бортам» 80 % пазіцый беларускага калійнага экспарту – пад санкцыі трапілі не асноўныя групы ўгнаенняў. Зноў жа, калі б не далейшыя падзеі (міграцыйны крызіс і падтрымка Расеі ў вайне супраць Украіны), то калійныя санкцыі беларуская эканоміка нават не адчула б.

Супрацьстаянне Вільні і Менску ў сувязі з крызісам на мяжы прывяло да таго, што з пачатку лютага 2022 года, яшчэ да вайны, Літва спыніла транзіт беларускага калію. Вайна Расеі супраць Украіны і дазвол уладаў Беларусі выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для ўварвання дадалі складанасцяў з разлікамі нават з тымі краінамі, якія не далучаліся да санкцыяў, і пазбавіла беларускіх экспарцёраў прэміяльнага (добрыя аб’ёмы і невысокія транспартныя выдаткі) украінскага рынку. Да падсанкцыйных пазіцыяў таксама дадалося дрэваапрацоўванне, цэмент, метал і апоны.

Інфаграфіка «Белсату»

Такім чынам, пад санкцыямі апынулася каля 70 % таварнага экспарту ў ЕЗ (больш за $ 6,5 млрд у лічбах 2021 года) плюс экспарт ва Украіну ($ 5,4 млрд).

У адрозненне ад экспарту тавараў, сальда якога для Беларусі традыцыйна адмоўнае, экспарт паслугаў заўсёды быў са станоўчым вынікам. Так, у 2021 годзе мы экспартавалі паслугаў на $ 9,2 млрд, а імпартавалі толькі на $ 5,1 млрд. Станоўчае сальда, такім чынам, склала $ 4 млрд. На краіны ЕЗ прыпадае 40 % экспарту паслугаў – $ 3,6 млрд. Доля Расеі – 19,6 %, або $ 1,8 млрд. Гандаль паслугамі з ЕЗ для Беларусі значна больш выгадны, чымсьці з Расеяй. Станоўчае сальда з ЕЗ паводле вынікаў 2021 года склала $ 1,6 млрд, а з Расеяй – толькі $ 303,8 млн. Грузавых аўтамабільных паслугаў, якія трапілі пад санкцыі, было экспартавана на $ 1,8 млрд. Пры гэтым у Расею – толькі $ 170 млн. Астатняе – у краіны ЕЗ.

Каму прадаць, як даставіць і атрымаць выручку

Улады Беларусі сцвярджаюць, што ўсе вызваленыя таварныя плыні (больш чым на $ 10 млрд) змогуць перанакіраваць на іншыя рынкі. Эксперты згаджаюцца, што тэарэтычна такое магчыма, але пакуль адназначнага адказу на пытанне, ці атрымаецца ўвасобіць тэорыю ў практыку, няма. «Наш экспарт у ЕЗ пераважна сыравінны – нафтапрадукты, нейкая (не самая вялікая) частка ўгнаенняў, металапрадукцыя, а таксама прадукты дрэваапрацоўвання досыць нізкай перапрацоўкі. Усё гэта ў тэорыі можна прадаць у іншыя краіны, у тым ліку ў тую ж самую Расею, Кітай або Лацінскую Амерыку ці Афрыку. Усе гэтыя рэгіёны будуць працягваць супрацоўнічаць з Беларуссю», – разважае эксперт у сферы рынкавай кан’юнктуры Аляксей Марозаў. Аднак знайсці пакупніка – гэта палова справы. «Асноўны выклік цяпер і для беларускіх, і для расейскіх экспарцёраў – арганізацыя ланцужкоў паставак, – мяркуе эксперт. – Праблема ўсяго нашага экспарту ў тым, што гэта аб’ёмныя грузы. У сувязі з гэтым іх транспартаванне можа залежыць ад прапускной здольнасці каналаў».

Самая вялікая праблема ў сферы экспарту нафтапрадуктаў – страта прэміяльных рынкаў ЕЗ і Украіны, адзначае Аляксей Марозаў. Такі прыбытак, які беларускія вытворцы мелі пры пастаўках у гэтыя краіны, атрымаць, хутчэй за ўсё, ужо не ўдасца. «Нейкую частку вызваленага аб’ёму забярэ Расея, але, хутчэй за ўсё, там не будзе вялікіх прыбыткаў, прыкладна на ўзроўні захавання рэнтабельнасці», – мяркуе эксперт. Пойдуць нафтапрадукты і ў іншыя краіны за межамі ЕЗ. «Тое, што ў Белстаце адлюстроўвалася як пастаўкі ў Вялікую Брытанію або Нідэрланды, не значыць, што яны прадаваліся толькі ў гэтыя краіны – там яны толькі афармляліся, а насамрэч яны прадаваліся па ўсім свеце», – удакладніў Аляксей Марозаў. Ён мяркуе, што продажы будуць і цяпер, тым больш што варыянт фізічнага транспартавання знойдзены – гэта парты Ленінградскай вобласці. Адпаведнае міжурадавае пагадненне бакі падпісалі яшчэ ў лютым 2021 года. У ім гаворка ідзе аб перавалцы 9,8 млн т, аднак, са словаў эксперта, тэхнічныя магчымасці для павелічэння аб’ёмаў існуюць.

ААТ «Нафтан» – буйны нафтаперапрацоўчы і нафтахімічны комплекс, які выпускае розныя віды паліва, змазачныя алеі і бітумы, араматычныя вуглевадароды і прадукты нафтахіміі. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Белсат

Значна складанейшая сітуацыя з угнаеннямі. «У Расеі лішняга месца для беларускіх угнаенняў няма, таму будуць спрабаваць прадаць кудысьці ў Лацінскую Амерыку, Кітай, Індыю. Угнаенні – гэта запатрабаваны тавар», – адзначае Аляксей Марозаў. Аднак пытанне іх фізічнага транспартавання пакуль не развязанае. «Для пастаўкі ў Кітай, хутчэй за ўсё, будзе выкарыстоўвацца чыгунка – настолькі, наколькі гэта дазволіць прапускная здольнасць расейскіх і казахскіх чыгунак. Наколькі гэта будзе прымальна з гледзішча кошту гэтых угнаенняў, каб захаваць нейкую маржынальнасць», – мяркуе Аляксей Марозаў. Ён дапускае, што будзе зробленая спроба «размеркаваць» аб’ёмы па розных расейскіх партах». «У тым ліку будзе задзейнічаны Паўночны марскі шлях, маршрут праз Далёкі Усход. Груз БАМам або Транссібірскай магістраллю дастаўляецца ў парты Уладзівастоку і далей адпраўляецца па краінах, у Кітай, Карэю, краіны Паўднёва-Усходняй Азіі», – распавёў суразмоўца.

Магчымыя страты – да 40 % экспарту

Фінансавыя страты ў любым выпадку будуць, нават калі ўлады здолеюць пераарыентаваць экспартныя плыні, лічыць старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Дзмітрый Крук. На ягоную думку, патэнцыйныя страты – гэта 40 % усяго экспарту. Менавіта такой колькасці паставак за мяжу датычаць уведзеныя санкцыі. Па факце страты могуць быць меншымі, калі ва ўладаў і бізнесу атрымаецца знайсці новых пакупнікоў і выбудаваць новую лагістыку для некаторых пазіцыяў. Нагадаем, што ў 2021 годзе Беларусь экспартавала тавараў амаль на $ 40 млрд, адпаведна, аб’ём падсанкцыйнага экспарту можа скласці каля $ 16 млрд.

Эксперт вылучае тры групы беларускіх падсанкцыйных экспартных тавараў: тыя, экспарт якіх можна пераарыентаваць на новыя кірункі, але ён не будзе прыносіць ранейшых даходаў, тыя, на якія нескладана знайсці попыт, але іх складана даставіць ва ўмовах санкцыяў, і тыя, для якіх складана будзе знайсці пакупніка.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Ілюстрацыйны здымак. 13 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Да першых, у прыватнасці, ён адносіць нафтапрадукты. Галоўны кірунак для іх пераарыентацыі, на думку эксперта, – гэта Расея, але там не будзе таго ўзроўню прыбытку, які прыносіла пастаўка нафтапрадуктаў ва Украіну і ў ЕЗ. Да другой групы тавараў Дзмітрый Крук адносіць калій і прадукцыю дрэваапрацоўвання. «Патэнцыйна можна прадаць любую колькасць калійных угнаенняў, але трэба знайсці магчымасць іх даставіць», – адзначае эксперт. На ягоную думку, уладам не ўдасца справіцца з рашэннем гэтай задачы, і на гэтым кірунку будуць вялікія фінансавыя страты.

У такой жа сітуацыі, як калій, хутчэй за ўсё, апынецца і дрэваапрацоўванне. «Гэтая прадукцыя цяпер карыстаецца ў свеце вялікім попытам. Напэўна, у многіх спажыўцоў па-за межамі ЕЗ будзе жаданне купіць яе, асабліва пры пэўным дэмпінгу з беларускага боку, але ўсё ўпіраецца ў пытанне, як даставіць», – адзначае эксперт.

Дзмітрый Крук нагадвае, што толькі палова экспарту ва Украіну прыпадала на нафтапрадукты. Для астатніх пазіцыяў прамысловых тавараў будзе дастаткова складана знайсці новыя рынкі, лічыць ён.

Ну і нарэшце, для ўсіх гэтых тавараў актуальная адна агульная праблема: атрымаць валютную выручку ва ўмовах санкцый. «Напэўна, нейкія хітрыкі ўлады і бізнесу дапамогуць не дапусціць горшага сцэнара, але наколькі ўдасца знізіць патэнцыйныя страты, сказаць пакуль не бяруся. Патэнцыйных бар’ераў для экспарту цяпер вельмі шмат», – канстатуе эксперт.

Паводле яго, пакуль большая частка плацяжоў, калі яна не закранае санкцыйных банкаў і накіроўваецца не на карысць падсанкцыйных кампаніяў, праходзіць. Хоць і значна павольней праз тое, што падпадае пад больш строгі кантроль. Ёсць і выпадкі адмовы – некаторыя не хочуць мець справу з плацяжамі на карысць Беларусі, каб не марнаваць час і сродкі на кантрольныя працэдуры. «Пакуль выручка ідзе, але яна можа ў любы момант затрымацца і не пайсці», – мяркуе Дзмітрый Крук.

«Усе бізнесы гэта вельмі добра разумеюць і цяпер дружна шукаюць магчымасці такія рызыкі нівеляваць. У апошні час вымалёўваецца такі досыць масавы трэнд – прыцягненне партнёраў з Казахстану або стварэнне ў гэтай краіне кампаній-пракладак. Улады Казахстану заяўлялі, што не дазволяць ствараць у краіне «прахадны двор», але пакуль не зразумела, наколькі сур’ёзная гэтая заява», – канстатаваў Дзмітрый Крук.

Надзеі на расейскі рынак і высокая нявызначанасць

Аляксей Марозаў звяртае ўвагу на тое, што ўлады Беларусі вялікія надзеі звязваюць з сыходам з расейскага рынку еўрапейскіх вытворцаў і доступам да дзяржзакупаў у Расеі. «Мне здаецца, што нашы ўлады не так моцна заклапочаныя перанакіраваннем экспартных плыняў тавараў, якія траплялі пад санкцыі. Больш яны рады таму, што нарэшце Расея, як ім уяўляецца, будзе браць беларускія тавары сапраўды гэтак жа, як яна гэта рабіла ў канцы 90-х ці ў пачатку двухтысячных», – кажа з гэтай нагоды эксперт. Аднак і тут беларускіх экспарцёраў могуць чакаць сюрпрызы. У прыватнасці, скарачэнне аб’ёму рынку ў сувязі са зменамі ў эканоміцы агулам.

«Аптымізм нашага ўраду цалкам зразумелы, але наколькі ён увасобіцца ў жыццё, гэта пытанне. А адказ мы даведаемся прыкладна цягам шасці бліжэйшых месяцаў або на працягу паўгода пасля таго, як закончыцца актыўная фаза баявых дзеянняў. Пакуль вельмі вялікая нявызначанасць. Не зразумела, наколькі жорстка па санкцыях будуць працаваць ЗША, наколькі актыўна ЗША і ЕЗ будуць фармаваць антырасейскую кааліцыю, наколькі яны даб’юцца падтрымання Кітаю і Індыі, ці будуць працаваць другасныя санкцыі. Варыянтаў мноства», – падсумоўвае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў