«Беллеспаперпрам»: «Санкцыі закранулі больш за 40 % экспарту»


Старшыня канцэрну «Беллеспаперпрам» Міхаіл Касько распавёў пра ўплыў заходніх санкцыяў на працу ўстановы. Паводле Касько, больш за 40 % экспарту раней ішло ў краіны ЕЗ, але пасля ўваходу ў сілу санкцыяў ЕЗ і ЗША тавары беларускай вытворчасці не могуць трапіць на заходнія рынкі. Цяпер, паводле Касько, канцэрн разважае, ці магчыма пераадолець новыя праблемы, – паведамляе «Наша Ніва».

Спілаваныя дрэвы.
Фота: Белсат

«Мы мусім разумець, што санкцыі нас не маглі не закрануць, паколькі больш за 40 % экспарту прадукцыі канцэрну адпраўлялася на рынкі Еўрапейскага Звязу. Мы ў пэўнай ступені абмежаваныя сёння ў пастаўках туды нашай прадукцыі. У сувязі з гэтым намі былі распрацаваныя антысанкцыйныя праграмы. І цяпер мы працуем над тым, каб знайсці альтэрнатыву Еўрапейскаму Звязу», – сказаў Міхаіл Касько.

Ён адзначыў, што канцэрн даўно наладзіў супрацу з расейскімі рэгіёнамі і прадпрымальнікамі.

«Асобныя нашы мэблевыя фабрыкі, якія ва ўсіх на слыху, маюць развітую сетку збыту ва ўсіх рэгіёнах Расейскай Федэрацыі, уласныя крамы. Паспяхова наладжаная супраца ў пастаўках асобнай сыравіны, хімічнай прадукцыі ў першую чаргу. Прыемна, што першая машына з мэбляй паехала на Далёкі Усход, у Хабараўскі край», – сказаў кіраўнік канцэрну.

Таксама ён дадаў, што «Беллеспаперапрам» даўно працуе на кітайскім рынку. Паводле леташніх вынікаў, экспарт у гэты рэгіён выйшаў на 5-е месца. «Мы даўно пастаўляем туды цэлюлозу. Кітай – адзін з найбуйнейшых нашых спажыўцоў. І цяпер працуем над тым, каб пашырыць асартымент прадукцыі, якая пастаўляецца туды. Ужо пайшлі першыя кантэйнерныя цягнікі з прадукцыяй», – адзначыў Міхаіл Касько.

Аналітыка
Беларусь можа сутыкнуцца з абвальнай інфляцыяй. А план на год ужо правалены
2022.04.15 11:08

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў