Завочны групавы прысуд і новае «спецыяльнае вядзенне»: рэпрэсіі ў Беларусі 18 сакавіка


Беларускія ўлады працягваюць выносіць завочныя прысуды і распачынаць новыя справы ў дачыненні вядомых апазіцыйных дзеячаў, а таксама беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, каб уратавацца ад пераследу. Адначасова працягваюцца затрыманні і суды за пратэсты 2020 года. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі – у нашым аглядзе.

Артур Філіпаў.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Праваабаронцам стала вядома, што суд Фрунзенскага раёну Менску 27 лютага вынес прысуд былому супрацоўніку «Беларусбанку» 35-гадоваму Артуру Філіпаву, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ. Суддзя Ала Скуратовіч прызначыла яму тры гады «хатняй хіміі».

18 сакавіка з’явілася інфармацыя яшчэ пра адзін суд у лютым – у Івацэвіцкім раёне 19 лютага асудзілі Максіма Гурыновіча паводле арт. 369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўлады»). Суддзя Сяргей Кухацкаволец прызначыў Максіму адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») і штраф у памеры 50 базавых велічыняў (2000 рублёў). Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у «Аднакласніках» у групе «Белсат» пакінуў каментар пад фотаздымкам міліцыянта, які ў Івацэвічах займаецца эканамічнымі злачынствамі. Суд палічыў каментар абразлівым.

Віталь Казуноў.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Сілавікі арыштавалі папулярнага стрымера з Беларусі Віталя Казунова. Ён рэдактар і аўтар гульнявых стрымаў на партале «iXBT games». Беларус збіраў на сваіх эфірах сотні тысяч гледачоў з усяго СНД. ГУБАЗіК прымусіў блогера зняцца ў «пакаяльным відэа». Мужчына быў вымушаны сказаць, што нібыта апублікаваў БЧБ-сімволіку ў 2020 годзе. Сілавікі таксама знайшлі скрыншот з дзяўчынай у нацысцкай форме (верагодна, з відэагульні). Цяпер за гэта Віталя хочуць абвінаваціць яшчэ і ў дэманстрацыі свастыкі.

Чэслаў Канановіч.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

19 сакавіка Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу палітвязня Чэслава Канановіча, асуджанага да 5 гадоў калоніі за дзесяць данатаў палку імя Кастуся Каліноўскага. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-3 КК – «Фінансаванне дзейнасці для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, альбо ва ўзброеных канфліктах». Чэслава затрымалі 5 ліпеня 2023 года. Мужчына мае двух няпоўнагадовых дзяцей. Рашэнне па апеляцыйнай скарзе будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Руслана Царука.

У Берасцейскім абласным судзе вынеслі прысуд 40-гадоваму палітзняволенаму Віталю Максімчуку. Яго абвінавацілі па некалькіх артыкулах КК: ч. 1 арт. 342 КК («Удзел у масавых акцыях пратэсту»), арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Куроўскі.

Максімчуку прысудзілі пазбаўленне волі тэрмінам на 6 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 40 000 рублёў. Віталь працаваў кіроўцам таксі, мае на ўтрыманні траіх няпоўнагадовых дзяцей.

Hавiны
Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні 11 чалавек
2024.03.18 17:45

Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні 11 чалавек.

Завочна збіраюцца судзіць Андрэя Павука, Вольгу Павук, Маргарыту Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Іллю Салянкова, Уладзіслава Наважылава, Яўгена Вільскага, Вадзіма Дзмітронка, Вольгу Карач, Анатоля Котава, Вераніку Цапкала. Кожнага з іх абвінавачваюць па некалькіх артыкула Крымінальнага кодэксу.

Hавiны
Агучаны завочны прысуд за «спробу зрыву рэферэндуму» ў 2022 годзе
2024.03.18 16:37

У судзе Заводскага раёну Менску 18 сакавіка ў працэсе спецыяльнага вядзення (завочна) вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага, якія, паводле абвінавачання, «распрацавалі план па зрыву рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе».

Усіх чатырох абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 191 КК (перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісіяў па рэферэндуме, здзейсненым з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Лукашэвіч. Кожнаму з фігурантаў справы прызначылі па 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Аляксандр Вайцешык.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Стала вядома, што яшчэ на мінулым тыдні быў затрыманы баранавіцкі праваабаронца Аляксандр Вайцешык. Ён утрымліваецца ў ІЧУ Баранавічаў. З чым звязанае затрыманне – пакуль невядома.

Жыхара Горадні затрымалі за татуіроўку на ўкраінскай мове.

Татуіроўка, за якую быў затрыманы жыхар Горадні.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

24-гадовага берасцейца Яўгена Белямука будуць судзіць за жаданне ваяваць ва Украіне, піша «Наша Ніва». Яўген нейкі час працаваў кур’ерам у розных месцах у Берасці. Суд над Яўгенам пачнецца 20 сакавіка. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 361-3 КК – «Удзел у ваенізаваным фармаванні аднаго з ваюючых бакоў падчас вайны». Яму пагражае ад двух да пяці гадоў турмы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў