Сітуацыя ва Украіне: Расейцы прасунуліся на поўдні і ўсходзе краіны


«Белсат» падводзіць вынікі 754-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 18 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Сіверскі і слабажанскі кірункі (на паўночнай мяжы Украіны з РФ)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра чарговыя няўдалыя спробы праўкраінскіх дыверсійна-выведных групаў пранікнуць на тэрыторыю Белгародскай вобласці ў ваколіцах сяла Казінка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што баявыя дзеянні на гэтым участку працягваюцца, але пры гэтым большая частка ДВГ выяўляецца загадзя і знішчаецца раней, чым паспявае ўступіць у бой.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў расейцы двойчы штурмавалі ваколіцы сяла Сынькоўка, але поспеху не дасягнулі.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле крыніцы, сілы абароны краіны адбілі тры атакі каля сяла Раздолаўка на поўначы Данецкай вобласці.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што таксама ЗСУ адбілі маштабную спробу штурму сваіх пазіцыяў каля Цернаў: былі знішчаныя прынамсі тры БМП, тры БТР, два танкі і да 200 вайскоўцаў праціўніка.

У ноч на 2 сакавіка ў адным з жылых раёнаў Адэсы, у выніку расейскай атакі дронамі тыпу «Шахед» адбылося траплянне ў жылы дом, што пацягнула абрушэнне часткі дому і гібель некалькіх чалавек. На гэты момант вядома пра 5 загінулых, але пад заваламі яшчэ застаюцца людзі, іх колькасць удакладняецца. Адэса, Украіна. 2 сакавіка 2024 года.
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру. Генштаб ЗСУ фіксуе восем безвыніковых атак з боку праціўніка ў ваколіцах сёлаў Іванаўскае і Клішчыеўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што цяпер асноўныя намаганні УС РФ засяроджаныя на выцісканні ўкраінцаў з заходняй часткі Іванаўскага.

Пры гэтым агулам на кірунку адзначаецца зніжэнне наступальнай актыўнасці расейцаў, што, імаверна, звязана з правядзеннем ратацыі.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, ЗСУ за содні адбілі 13 атак у ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Танэнькае, Первамайскае, Арлоўка, Невельскае і Александропаль.

Між тым аналітыкі праекту фіксуюць прасоўванні расейцаў у сяле Арлоўка.

Пегаў піша, што таксама войскі РФ паступова прасоўваюцца ў Первамайскім. Разам з тым ваенкор гаворыць, што па лініі населеных пунктаў Танэнькае – Арлоўка – Бэрдычы баі маюць сустрэчы характар.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» удакладняе, што большая частка Арлоўкі знаходзіцца пад кантролем УС РФ, а Бэрдычаў – ЗСУ. Таксама крыніца сцвярджае, што расейцы крыху прасунуліся ў Танэнькім.

Праўкраінскі «Офіцер» піша, што расейцы пры штурмах амаль не выкарыстоўваюць цяжкую тэхніку, але пры гэтым напачатку наносяць масіраваныя ўдары авіяцыяй, РСЗА і артылерыяй па пазіцыях і шляхах забеспячэння сілаў абароны.

Мінабароны РФ паведамляе, што ЗСУ контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення на аўдзееўскім кірунку.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на захадзе і поўдні ад Данецку)

На навапаўлаўскім кірунку ўкраінскае камандаванне фіксуе 36 безвыніковых атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Пегаў гаворыць, што расейцы маюць тактычныя поспехі ў Новаміхайлаўцы, а ў Георгіеўцы і Пабедзе ідуць сустрэчныя баі.

Прарасейскі ваенны эксперт Барыс Рожын піша, што пры гэтым пакуль за ЗСУ застаецца большая частка Новаміхайлаўкі.

Мінабароны РФ паведамляе пра контратакі ўкраінцаў каля Краснагораўкі.

Арэхаўскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на захадзе Данецкай, у Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці Збройныя сілы Украіны атакавалі каля сяла Ураджайнае, але прасунуцца не здолелі.

У Запарожскай вобласці, па словах Генштабу ЗСУ, расейцы ціснуць з поўдня ад гораду Арэхаў на ўчастку паміж сёламі Вэрбовае і Работына.

У Deepstate гавораць, што УС РФ прасунуліся каля Вэрбовага.

У Херсонскай вобласці расейцы штурмуюць пазіцыі сілаў абароны на левым беразе Дняпра. 

Прарасейскі тэлеграм-канал «Позывной OSETIN» сцвярджае, што войскі РФ занялі некалькі вуліцаў у сяле Крынкі і замацаваліся на новых пазіцыях.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў