«Я не пабачу нараджэння свайго сына». Гісторыя № 13 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Калі публікуецца гэты тэкст, у Кірыла (імя змененае) ужо нарадзілася другое дзіця. Сын. Народзінаў першынца ён таксама не бачыў – працаваў за мяжою. Потым жа наагул быў вымушаны пакінуць краіну – пасля арышту і пераследу. Калі ён распавядае пра затрыманне і ўмовы на Акрэсціна, заўсёды шукае пазітыву. Згадвае, як хтосьці жартаваў, як падтрымлівалі адзін аднаго. Калі ж гаворка заходзіць пра сям’ю, пра будучыню краіны – відаць, як Кірыла накрывае злосць.

Кірыл (імя змененае).
Фота: Белсат

Кірыл выйшаў на вуліцу па абвяшчэнні афіцыйных вынікаў выбараў, аднак толькі назіраў за пратэстамі, за стралянінаю сілавікоў і разгонам мірных дэманстрантаў. Яго затрымалі на выхадзе з крамы. Мужчына намагаўся хутка выконваць загады амапаўцаў, аднак гэта не ўратавала ад збіцця. У аўтазаку білі ўсіх, згадвае ён:

«Ну, а на Акрэсціна – калона такая, мордаю ў падлогу, кажуць, і праз яе праганяюць, і кожнаму сем-восем удараў прылятала».

Іх паставілі на бетонную падлогу і загадалі гэтак стаяць гадзінамі. Тых, хто намагаўся спрачацца або проста не падабаўся амапаўцам і людзям у цывільным, закідвалі ў суседнія пакоі ды білі з асабліваю жорсткасцю. Там былі мужчыны і жанчыны. Кірыл мяркуе, што ў адным з пакояў гвалцілі затрыманую дзяўчыну. Ён нічога не бачыў, бо баяўся нават паварушыцца:

«Толькі чуў голас: «…адчапіцеся ад мяне, што вы робіце!» Зразумела было, што не проста так яе збіваюць».

Кірылу дасталася менш за іншых. Ён тлумачыць гэта тым, што не спрачаўся, выконваў усё, што кажуць, і нават вачэй на амапаўцаў не падымаў. Іншым пашанцавала менш.

«Дыхаць не было чым, усе знялі саколкі. І ў аднаго хлопца на спіне выгравіраванае, выбітае слова з трох літараў. Прычым так добра відаць лініі літараў «Х» і «У»…» – мужчына, згадваючы гэта, усміхаецца і тлумачыць, што ў камеры ўвесь час намагаліся захоўваць добры настрой.

Далей ужо не білі, але катаванні працягнуліся. Сорак адзін мужчына ў камеры на некалькі квадратных метраў. Аднаму з Кірылавых сукамернікаў АМАП шчытом перабіў нагу. Людзі, задыхаючыся, прасілі выклікаць доктара, але ў адказ на іх вылілі цэбар вады.

«Калі яшчэ раз хтосьці пагрукае, жывёліны, я вам тут два цэбры лайна налью».

У адрозненне ад бальшыні суразмоўцаў, Кірыл намаляваў не жахі Акрэсціна, а будучыню на волі. Калі вернецца да сваёй сямʼі, а гэты «цырк» – так ён успрымае перажытае цяпер – пакіне за сабою. Каб не задыхнуцца, мужчыны змаглі прыадчыніць акенца ў камеры. Праз яго пабачыў валанцёраў пад ЦІП і… сваю жонку. На даволі познім тэрміне цяжарнасці яна прыйшла пад сцены Акрэсціна:

«Я як яе пабачыў – у мяне адразу фантан слёз. Што ты тут ходзіш, думаю. Ідзі, сядзі ўдома!»

Малюнак Кірыла.
Фота: Белсат

Пасля фармальнага суда Кірыла адвезлі ў Слуцкі лекава-працоўны прафілакторый (ЛПП). На даглядзе мужчынаў прымусілі раздзецца.

«І палкоўнік – ён глядзіць і аж скрывіўся, убачыўшы нашыя целы. Жанчыны там, маёршы… Яны ў жаху казалі:«Хлопцы, што з вамі рабілі?»

Кірыл згадвае душ у ЛПП і магчымасць змяніць адзенне, што ўжо развальвалася ад поту, як найлепшую падзею за ўвесь час зняволення.

Па вызваленні Кірылу прыгадалі старыя справы, звязаныя з ягоным бізнесам, і, не чакаючы далейшага развіцця падзеяў, ён зʼехаў з Беларусі. Распавядаючы пра ўласныя планы, упершыню за нашую доўгую размову Кірыл злуецца:

«Бывала і горай! Я бачыў, як чалавеку нагу адарвала, хлопцу 22 гады. Што ў мяне – бізнес, грошы, ну пабілі, ну добра. А на халеру мне тая краіна? Навошта мне там дзяцей гадаваць?»

Сямʼя дамовілася абʼяднацца, як толькі Кірыл уладкуецца на новым месцы. Пра вяртанне ў Беларусь пакуль нават не вядзецца.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў