Зіма ўсё? У Беларусі на тыдні будзе па-вясенняму цёпла, але з усімі відамі ападкаў


Надвор’е на наступным тыдні чакаецца па-вясенняму цёплым, але няўстойлівым. Сярэдняя тэмпература будзе на 2 – 4°C вышэй за норму лютага, пры гэтым прагназуюцца ападкі ўсіх магчымых відаў, парывісты вецер і шчыльны туман. Такі прагноз дае сіноптык Дзмітры Рабаў у сваім тэлеграм-канале.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pvproductions / Freepik

У пачатку тыдня Беларусь будзе знаходзіцца пад уплывам антыцыклону, які прынясе пераменную воблачнасць і адсутнасць істотных ападкаў. Туман можа назірацца ноччу і раніцай, бачнасць пагоршыцца да 500 метраў. Вецер паўднёва-ўсходні, умераны.

Тэмпература ноччу ад -8℃ па паўночным усходзе да +2℃ па паўднёвым захадзе, днём у панядзелак, 19 лютага, ад -2℃ да +3℃.

У аўторак, 20 лютага, надвор’е будзе фармавацца актыўнымі атмасфернымі франтамі з захаду Еўропы. Воблачнасць павялічыцца, чакаюцца ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Месцамі туман. Вільготнасць складзе 90 працэнтаў, вецер паўднёвы і паўднёва-заходні, умераны.

Уначы ад -3℃ да +2 ℃, па ўсходзе да -6℃, днём ад -1℃ да +5℃, у сераду, 21 лютага, да +4℃.

Папярэдне ў пачатку другой паловы тыдня надвор’е будзе вызначаць вобласць высокага атмасфернага ціску. Малаактыўныя атмасферныя франты выклічуць кароткачасовыя ападкі. Вільготнасць складзе 90%, вялікая верагоднасць туману. Вецер пераменных напрамкаў, умераны.

Уначы ад -2℃ па поўначы да +6℃ па поўдні, днём у чацвер, 22 лютага, ад +2℃ па паўночным усходзе да +10℃ па захадзе, у пятніцу, 23 лютага, ад +4℃ да +9℃ .

Апошнія выходныя лютага, паводле папярэдніх прагнозаў, будуць хмарнымі з праясненнямі. У большасці раёнаў чакаюцца кароткачасовыя ападкі, туман і парывісты вецер.

Тэмпература ноччу ад -1℃ па ўсходзе да +7℃ па захадзе, днём у суботу, 24 лютага, +4℃…+9℃, у нядзелю, 25 лютага, +4℃…+7℃.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў