Забароны і абмежаванні. Стала вядома, якія змены чакаюць Закон аб экстрэмізме


Будынак КДБ у Менску.
Фота: wikimapia.org

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» апублікаваў законапраект «Аб змяненні законаў у пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму».

Законапраект плануе дазволіць КДБ весці спісы людзей і арганізацыяў, якіх палічаць экстрэмісцкімі.

У прыватнасці дакумент змяняе трактавання панятку «экстрэмізм». Цяпер яно будзе ўключаць супрацьпраўную дзейнасць СМІ, міжнародных арганізацыяў і ІП. Экстрэмізмам будуць лічыцца і дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю Беларусі, а таксама наданне грошай на «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».

Забарона на працу і фінансавыя аперацыі

Калі цягам года пасля першага афіцыйнага папярэджання знойдуць падставы для другога, то змогуць закрыць арганізацыю. ІП, заснавальнікі медыяў і арганізацыяў, чыю дзейнасць прызнаюць экстрэмісцкаю, на 5 гадоў будуць пазбаўленыя права ствараць іншыя арганізацыі.

Таксама «экстрэмістам» на 5 гадоў забароняць здзяйсняць фінансавыя аперацыі на суму больш за 2000 базавыя велічыні без праходжання асаблівага кантролю, займацца медычнаю, педагагічнай і выдавецкаю дзейнасцю.

Прадугледжаныя пазбаўленне грамадзянства тых, каго прынялі ў беларускае грамадзянства, і дэпартацыя замежнікаў.

КДБ зможа прызнаваць «экстрэмісцкаю» дзейнасць незарэгістраваных супольнасцяў.

Таксама з’явіцца панятак «неанацызм», а «выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, малюнкаў або сімволікі, якія ёсць нацыянальнымі гістарычна-культурнымі каштоўнасцямі, з мэтаю прапаганды экстрэмізму, заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці» будзе забароненае.

Асобна прапісанае забеспячэнне канфідэнцыйнасці персанальных звестак пра службовых асобах субʼектаў супрацьдзеяння экстрэмізму.

Hавiны
Генпракуратура накіравала дэпутатам законапраект пра забарону нацыянальнага сцяга
2021.02.13 18:21

Нагадаем, што Генеральная пракуратура ўжо падрыхтавала і накіравала ў парламент законапраект «Аб змяненні законаў для супрацьдзеяння экстрэмізму».

Адказ з ведамства атрымаў адзін з юрыстаў, якія жадаюць узяць удзел у абмеркаванні ініцыятывы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў