Сястра Бандарэнкі пра пачатак крымінальнай справы: Спадзяюся, следства знайшло вінаватых у смерці брата


Развітанне з Раманам Бандарэнкам у царкве Уваскрасення Хрыстова. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / «Белсат»

Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра забітага тры месяцы таму Рамана Бандарэнкі, спадзяецца, што следства ўжо знайшло вінаватых у смерці ейнага брата.

У каментары belsat.eu Вольга Кучарэнка адзначыла, што Генпракуратура абяцала распачаць справу менавіта 18 лютага і яна гэта зрабіла. Пры гэтым сваякі Рамана Бандарэнкі не ведаюць падрабязнасцяў справы, бо пакуль не мелі магчымасці азнаёміцца з ёй. Маці плануе наведаць Генпракуратуру на наступным тыдні.

Вольга Кучарэнка пры гэтым спадзяецца, што вінаватых у збіванні і выкраданні ейнага брата ўжо знайшлі:

«Я спадзяюся, што іх [вінаватых у забойстве. – Заўвага рэд. Belsat.eu] ужо найшлі падчас правярання. Проста пакуль ладзілася праверка, і яны [следства. – Заўвага рэд. Belsat.eu] не былі да канца ўпэўненыя ў тым, што вінаватыя – гэта вінаватыя, і не пачыналася крымінальная справа, то яны не маглі іх прыцягваць да адказнасці. Я спадзяюся, што той крок, які яны зрабілі ў выглядзе распачынання крымінальнай справы, хутка дасць свой плён, і вінаватыя будуць у судзе і панясуць заслужанае пакаранне».

Жанчына адзначыла, што больш як тры месяцы сям’я дамагалася распачынання крымінальнай справы па факце забойства Рамана:

«Але я не разумею, чаму ўсе гэтыя тры месяцы немагчыма было зрабіць тое, што зрабілі сёння. Бо факты для распачынання крымінальнай справы былі навідавоку».

Hавiны
Распачалі крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі
2021.02.18 10:06

Нагадаем, што Генеральная пракуратура пачала крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі.

Крымінальная справа пачатая паводле ч. 3 арт. 147 КК па факце наўмыснага нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула праз неасцярожнасць смерць чалавека.

У Генеральнай пракуратуры падкрэслілі, што «датычнасці працаўнікоў органаў унутраных справаў да нанясення Бандарэнку Р. І. цялесных пашкоджанняў не выявілі».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў