Украінскі дэпутат заклікае разарваць стасункі з рэжымам Лукашэнкі


Кіраўнік міжфракцыйнага аб’яднання дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Аляксей Ганчарэнка размясціў на сайце Офісу прэзідэнта Украіны петыцыю з патрабаваннем разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю.

Аляксей Ганчарэнка.
Фота: ГОНЧАРЕНКО / Telegram

Паводле яго, пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе Беларусь застаецца пад уладай дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, а цяпер «дэ-факта страціла дзяржаўнасць і незалежнасць і застаецца пад поўным кантролем Расеі».

Ганчарэнка нагадаў, што Беларусь зрабілася плацдармам для расейскіх войскаў у лютым 2022 года. І цяпер на яе тэрыторыі размяшчаюцца каля 11 тыс. расейскіх вайскоўцаў, а таксама вайсковая тэхніка і самалёты, ладзяцца вучэнні.

«Таксама з тэрыторыі Беларусі ўсё яшчэ ёсць пагроза наступу. Лукашэнка працягвае рабіць неадназначныя заявы, пагражаючы ўладам Украіны, і ўвесь час нагнятае сітуацыю вакол наступу. І адначасова з гэтым у Менску да гэтага часу застаецца ўкраінскі амбасадар і мы захоўваем дыпламатычныя стасункі з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі», – падкрэсліў дэпутат.

Ён запатрабаваў ад прэзідэнта Украіны «адклікаць амбасадара і разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю і нелегітымным рэжымам Лукашэнкі».

На БТ паказалі сюжэт пра амбасады Украіны, якія ўва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, нібыта займаюцца «вербаваннем баевікоў для замежнага легіёну». У эфіры згадалі грамадзяніна Грузіі, які збіраўся ехаць на вайну супраць Расеі і быў затрыманы ў Менску. Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім назваў сюжэт «чарговым дном беларускай прапаганды».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў