Павел Латушка: Ясна, што Лукашэнка адступае


Рэакцыя Еўрапейскага звязу на міграцыйны крызіс справакаваны Аляксандрам Лукашэнкам не была хуткай. Ці Еўразвяз адэкватна адказвае на выклікі беларускага рэжыму? Якая палітыка ў дачыненні да Беларусі ў прыярытэце Бруселю? Наколькі рэальным выглядае перспектыва спрашчэння візавага рэжыму? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Паўлам Латушкам, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, які ўдзельнічаў у кансультацыях дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў з найвышэйшым кіраўніцтвам Еўразвязу і ў спатканнях з высокім палітычным кіраўніцтвам Францыі.

Сяргей Пеляса: Наколькі кіраўніцтва ЕЗ адэкватна дзеіць у справе крызісу ў Беларусі?

Павел Латушка: Тут трэба паставіць пытанне крыху інакш: ці адэкватна ацэньвае ЕЗ сітуацыю ў Беларусі і наколькі адэкватна дзеіць адносна таго, што робіць у Беларусі рэжым Лукашэнкі? Ацэнка, думаю, абсалютна адэкватная. Ёсць разуменне жаху, які творыць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. Наколькі адэкватна рэагуе? Тут пытанне, якое не аднойчы закраналі. Гэта 27 краінаў, гэта неабходнасць выпрацаваць агульную пазіцыю, гэта складаны працэс. Пытанне хуткасці рэакцыі – праблема. Я неаднойчы казаў еўрапейскім палітыкам, што трэба выклікаць хуткую дапамогу, а не чакаць, калі хворы дойдзе да шпіталю. Хутка не рэагуе ЕЗ на выклікі, які робіць рэжым.

Адно з практычных пытанняў, якое турбуе беларусаў, – пытанне спрашчэння візавага рэжыму ці нават увядзенне бязвізу. Наколькі, на вашую думку, рэальна спрасціць візавы рэжым, а можа, зменшыць аплаты за візы? Ці гэта, хутчэй, далёкая ды фантастычная перспектыва?

Думаю, для нас цяпер важнае пытанне – адкрыць межы. Межы закрыў Лукашэнка, ён робіць усё, каб беларусы не мелі магчымасці выязджаць. Мы ведаем ягоныя выказванні наконт барацьбы з ковідам, калі ён кажа, што людзі паедуць на Захад, каб кансультавацца з апазіцыяй і рабіць рэвалюцыю ў Беларусі. Ён супраць, каб ЕЗ даставіў вакцыны ў Беларусь. 35 мільёнаў еўраў выдаткаваў ЕЗ для ўсіх краінаў «Усходняга партнёрства», у тым ліку для Беларусі. Ці будзе спрашчэнне візавых правілаў? Гэта працэс далёкі і нерэальны сёння. Гэтае пытанне падымаецца дэмакратычнымі сіламі. Пакуль гэта пачатковая дыскусія. Чакаць вынікаў бліжэйшым часам не варта.

Аб’ектыў
Ці з’явяцца ў Беларусі заходнія вакцыны?
2021.12.16 22:12

Вы сустрэліся з вялікаю колькасцю найвышэйшых кіраўнікоў ЕЗ, а таксама з досыць высокімі прадстаўнікамі Францыі. Як вы ацэньваеце: толькі палітыка санкцыяў у прыярытэце для заходнееўрапейскіх палітыкаў? Якую пазітыўную праграму яны могуць прапанаваць беларускаму грамадству, а можа, нешта пазітыўнае для рэжыму?

Мы павінны зразумець, чаго мы хочам дабіцца, якіх крокаў і захадаў чакаем з боку нашых еўрапейскіх партнёраў. Тут ёсць камунікацыя на найвышэйшым узроўні ў ЕЗ. Адбылася сустрэча з прэзідэнтам ЕЗ Шарлем Мішэлем. Таксама адбылася сустрэча з вярхоўным камісарам у пытаннях вонкавай палітыкі і бяспекі Жузэпам Бурэлем. Мы бралі ўдзел са Святланаю Ціханоўскай і прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Мы пачулі з іхнага боку наступнае: па-першае, няма ілюзіі наконт ацэнкі той жудаснай сітуацыі ў Беларусі, звязанай з парушэннем правоў чалавека. Па-другое, ёсць абсалютнае разуменне непрызнання Лукашэнкі як кіраўніка Беларусі. Па-трэцяе, Еўрапейскі Звяз пачаў рыхтаваць шосты пакет санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі.

Санкцыі – гэта інструмент адказнасці, гэта не інструмент за той гвалт, які ажыццяўляе рэжым. Менавіта спыненне санкцыяў – у руках перадусім рэжыму. Калі б ён хацеў спыніць санкцыі, ён даўно зрабіў бы гэта. Макей дакладна ведае, як гэта робіцца. Ён міністр Лукашэнкі не адзін год і не аднойчы браў удзел у перамовах на гэты конт. Тут пазіцыя не змяняецца.

З пункту гледжання будучыні гэтае пытанне ставілася на ўзроўні генеральных дырэктаратаў ЕЗ, адбылося шмат сустрэчаў, рыхтуецца донарская канферэнцыя для будучыні Беларусі, якую запланавалі на сакавік. Якраз Францыя будзе ажыццяўляць старшынства ў ЕЗ. У канферэнцыі можа яшчэ не выпрацаваны парадак дня, але яна павінна служыць выпрацоўванню будучага падтрымання дэмакратычнай Беларусі. Мы ведаем пра План Маршала, але трэба сістэматызаваць гэтую перспектыву і паказаць рэальную дакладную дарогу да стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ды хуткага развіцця пасля таго, як сыдзе рэжым Лукашэнкі.

Францыя – адна з дзвюх найбольш уплывовых дзяржаваў у ЕЗ. Як той факт, што вы былі амбасадарам Беларусі ў Францыі, дапамог вам навязаць кантакты ў Парыжы ў абмеркаванні і развязанні беларускіх праблемаў?

Думаю, усё дапамагае, а з іншага боку, гэта ўсё ўскосныя інструменты. Бо мы ж разумеем, што ЕЗ, у тым ліку Францыя, заяўляе пазіцыю падтрымання беларускага грамадства і дэмакратычных сілаў Беларусі. Таму тое, што я быў амбасадарам, – другасная рэч, хаця гэта дапамагае, бо шмат каго з палітыкаў я ведаю. Я бачу эвалюцыю пазіцыі ўраду Францыі. Гэта вельмі важна, і я хацеў падкрэсліць у нашай размове.

У мяне былі сустрэчы яшчэ ўлетку з дарадцам Макрона. А цяперашняя сустрэча адбылася за паўгадзіны да размовы Макрона з Пуціным. Мы можам камунікаваць, гэта важна. У Міністэрстве замежных справаў, у парламенце, у Нацыянальнай асамблеі і Сенаце адбыліся сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў камітэтаў у справе замежных сувязяў, адпаведных групаў супрацы. Пазіцыя Францыі больш дакладная, ясная, змястоўная і зразумелая. Яна сыходзіць з ціску на рэжым. Па-першае, непрызнанне Лукашэнкі. І факт, які прыводзяць усе суразмоўцы, – пасол Францыі не ўручыў даверчых лістоў Лукашэнку, азначае абсалютна адназначна: афіцыйна Парыж не прызнае Лукашэнку ў якасці прэзідэнта Беларусі.

Другое, што казалі падчас гэтых сустрэчаў, – Францыя будзе браць удзел і падтрымліваць ідэю шостага пакету санкцыяў у сувязі з тым, што рэпрэсіі толькі павялічваюцца. Вельмі негатыўную ацэнку ў парламенце ў Нацыянальнай асамблеі і Сенаце атрымаў міграцыйны канфлікт на мяжы. Была дакладная пазіцыя французскіх сенатараў і парламентароў, што гэта штучна створаны канфлікт, гібрыдная агрэсія ў бок ЕЗ з боку Лукашэнкі. Ёсць абсалютная падтрымка пазіцыяў Польшчы, Літвы, Латвіі ў гэтым пытанні. Для нас гэта вельмі важна.

Мне паказалі праект рэзалюцыі Нацыянальнай асамблеі Францыі пра сітуацыю ў Беларусі. Я не ведаю, ці будзе яна прынятая, але пад гэтым праектам ужо падпісаліся некалькі дзясяткаў французскіх парламентароў, дзе гаворка пра непрызнанне Лукашэнкі. Аналагічны дакумент плануе разглядаць і Сенат Францыі. Тое, што французскія парламентары зацікавіліся і актыўна ўключаюцца ў тэму Беларусі, – гэта важна, такога не было ў гісторыі дачыненняў Беларусі і Францыі.

Мая калега Аліна Коўшык працавала на саміце «Усходняга партнёрства» і задала пытанне пра санкцыі старшыні Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен, а гэта было адзінае пытанне да яе. Я хацеў папрасіць пракаментаваць адказ найвышэйшай кіраўніцы ЕЗ. Санкцыі затрымалі міграцыйны крызіс, зарганізаваны Лукашэнкам. Ці згодныя вы з гэтаю заяваю?

Я думаю, што комплексныя захады затрымалі гэтыя дзеянні Лукашэнкі. Я б лепш сказаў, што прыпынілі, не рызыкаваў бы казаць, што цалкам затрымалі. Ясна, што Лукашэнка адступае. З крыніцаў у высокім французскім істэблішменце я атрымаў гэтыя сігналы, якраз расейскага паходжання, што Лукашэнка адступае. Гэта прыводзіцца як аргумент: глядзіце, які ён паслухмяны, гатовы ісці на саступкі, выконвае волю. Фактычна ўрады Літвы і Польшчы паставілі мур, таму гэтыя мігранты, штучна прывезеныя ў Беларусь, не маглі перакрочыць мяжы. Гэта галоўны інструмент.

Другое, думаю, – урад Польшчы, прэм’ер Польшчы зрабіў шэраг важных візітаў. На працягу тыдня ён фактычна абляцеў буйныя еўрапейскія сталіцы і паставіў гэтую праблему. Гэта дапамагло хутка выпрацаваць санкцыі ў адказ. Але хутка – гэта адносна, бо мы казалі, што гэтая сітуацыя будзе развівацца ў такім кірунку яшчэ з траўня – чэрвеня. Мы звярталіся да еўрапейскіх структураў, што трэба рэагаваць. На жаль, яны дачакаліся лістапада, калі фактычна стала вельмі крытычна, а санкцыі прынялі толькі ў снежні. Рэакцыя не была хуткая, але тое, што гэта скаардынаваная пазіцыя, – гэта важна. У тым ліку абмежаванні з боку Польшчы, Літвы праз сістэму бяспекі мяжы, у тым ліку санкцыі прыводзяць да таго, што Лукашэнка становіцца больш паслухмяным. Але ўсё ж гэта паўза, не заканчэнне праблемы.

У вас у Facebook напісана: «нестандартныя інструменты развязання сітуацыі ў Беларусі» Раскажыце, якія гэта інструменты?

У мяне адбылася сустрэча з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламенту, дакладчыкам у пытаннях Беларусі Еўрапарламенту і ў Еўрапейскай радзе з генеральным сакратаром Парламенцкай асамблеі. Еўрапейскім і французскім парламентарам я казаў пра тое, што трэба ўжываць інструмент юрыдычнага ціску на рэжым Лукашэнкі, які ніколі не быў выкарыстаны. Усё ж Еўропа будуецца на падставе закону і права.

Калі рэжым здзейсніў злачынствы, калі ён злачынец, а таксама ўсе, хто яму дапамагае, трэба ўключаць максімальна механізмы ціску. Пра гэта мы дамовіліся з Пятрасам Аўштравічусам, што будзем фармаваць пулы адвакацкіх кампаніяў, экспертаў, ужо напрацаваныя камандай НАУ, і міжурадавую кааліцыю, каб сапраўды распачаць крымінальны пераслед Лукашэнкі і ўсіх ягоных памагатых у Еўропе. А гэта будзе ствараць таксічнасць Лукашэнкі для патэнцыйных кантактаў нават з РФ, на абшары былога СССР.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 16.12.2021

Стужка навінаў