Паездкі пад каўпаком. Улады будуць ведаць, хто, каго і куды вязе таксоўкаю або маршруткаю


Пытанні пасажырскіх перавозаў абмяркоўвалі 14 лістапада на нарадзе ў Лукашэнкі. Анансавалі стварэнне дзяржаўнага рэестру кіроўцаў, а таксама лакалізацыю ў Беларусі базаў агрэгатараў таксовак з інфармацыяй пра паездкі і пасажыраў. Дзяржава пашырае свае магчымасці сачэння за грамадзянамі.

Аўтавакзал. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак на нарадзе паскардзіўся, што інфармацыйныя сістэмы шмат якіх замежных сэрвісаў таксі – за мяжою:

«Інфармацыя пра выкананыя замовы і звесткі пра замоўцаў перавозаў захоўваюцца на серверах за межамі Беларусі, што беспасярэдне ўплывае на запэўніванне нацыянальнай бяспекі».

Чыноўнік, не назваўшы кампаніі, паказаў на Нідэрланды: «Грошы асобы ды інфармацыя пра гэты перавоз ішлі за мяжу. У гэтым выпадку ў Галандыю. Калі пачаліся санкцыі, карціна змянілася: грошы пачалі ісці ў Расею».

Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, заявіў, што да канца года «ўсім, хто хоча працаваць у Беларусі, неабходна размясціць свае інфармацыйныя сістэмы на нашай тэрыторыі»:

«Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірмаў. Гэта няўхільныя патрабаванні дзяржавы як гаранта запэўнівання бяспекі, абароны персанальных звестак, спынення супрацьпраўных дзеянняў».

Указ Лукашэнкі, што цяпер абмяркоўвалі чыноўнікі, яшчэ ўлетку вынеслі на грамадскае абмеркаванне.

Агляд
Пасля «наезду» на малочнікаў узяліся даіць маршрутнікаў. Што вядома аб гучных справах?
2023.11.16 08:10

Якія «польскія, нямецкія і галандскія» агрэгатары таксовак маюцца на ўвазе, на нарадзе не ўдакладнілі. Бадай, найбуйнейшы гулец на нашым рынку – расейскі «Яндекс». У кампаніі запэўнілі выданне «Office Life», што яны ўжо адпавядаюць анансаваным патрабаванням:

«Доступ да сэрвісу «Яндекс Go» у Беларусі даўно надаецца беларускай юрыдычнай асобай, а інфармацыйны рэсурс месціцца ў нацыянальным сегменце інтэрнэту і прайшоў адпаведную рэгістрацыю».

Там таксама заявілі, што прапанавалі свае ідэі рэгулявання перавозаў: «Раней мы прапаноўвалі сваё бачанне рэгулявання сферы. Часткова яно супадае з агучанымі патрабаваннямі. І мы гатовыя браць удзел у далейшым распрацоўванні, прыкладаючы свой міжнародны досвед».

Таксоўка ў Менску, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

На сайце «Яндекса» паведамляюць, што ў Беларусі персанальныя звесткі карыстальнікаў апрацоўваюць тры таварыствы з абмежаванай адказнасцю: «БелГо Корп», «Убер Сістэмс Бел» і «Яндэкс Дэлівэры Бай» – усе яны зарэгістраваныя ў нашай краіне.

Яшчэ ў 2018 годзе «Яндекс» залучылі ў Дзяржаўны рэгістр інфармацыйных сістэмаў. Агулам у гэтым пераліку цяпер 24 агрэгатары таксовак. Рэгістрацыя ў гэтым пераліку станецца абавязковая пасля ўхвалення ўказу.

Гаворачы пра Нідэрланды, віцэ-прэм’ер Сівак, імаверна, намякаў на «Uber», бо зарэгістраваная ў каралеўстве юрыдычная асоба «Uber ML B.V». – партнёр «Яндекса». Аднак персанальныя звесткі карыстальнікаў «Uber» апрацоўвае тая ж кампанія «БелГо Корп», што і «Яндекса».

Яшчэ адзін агрэгатар – расейскі «ГрузовичкоФ», што працуе ў Берасці і Гомлі, – таксама функцыянуе ў Беларусі праз асобную кампанію, ТАА «Маніту». А вось расейскі сэрвіс «Maxim» сам апрацоўвае персанальныя звесткі кліентаў, юрыдычная асоба кампаніі зарэгістраваная ў Маскве. У нашай краіне фірма мае партнёра, што дапамагае толькі ў прасоўванні і з інфармацыйным падтрыманнем, – «Фрахт МА-Магілёў».

«Maxim» ужо знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі беларускай юрыдычнай асобы. Працэдуры будуць завершаныя да канца года, згодна з тэрмінам указа аб перавозках. У кампаніі паведамілі, што персанальныя даныя карыстальнікаў захоўваюцца на серверах у Беларусі. Кампанія выконвае заканадаўства РФ і Беларусі і не ажыццяўляе перадачу дадзеных карыстальнікаў за межы Беларусі. Даныя могуць атрымаць выключна праваахоўныя органы Беларусі на падставе афіцыйнага запыту.

Hавiны
«Яндэкс» паабяцаў не даваць ФСБ звесткі пра паездкі на таксі за межамі Расеі. Але тэхнічная магчымасць маецца
2023.08.08 23:14

Фармальна агрэгатары, што трапілі ў адмысловы рэгістр і маюць юрыдычныя асобы ў Беларусі, сапраўды адпавядаюць новым патрабаванням, таму для пасажыраў наўрад нешта зменіцца. Аднак застаецца невядомым, ці месцяцца фізічна ў нашай краіне цэнтры, дзе захоўваюцца персанальныя звесткі кліентаў, маршруты паездак і ўся астатняя інфармацыя, якою валодаюць сэрвісы. Пры гэтым менавіта абаронаю такіх звестак тлумачыцца неабходнасць указу. Нават калі звесткі сапраўды будуць захоўвацца ў Беларусі, як можна абараніцца ад іх капіявання і перадавання трэцім краінам?

У кампаніі «БелГо Корп» адмовіліся адказваць карэспандэнту «Белсату» на пытанне, у якой краіне яна захоўвае персанальныя звесткі:

«Я не магу адказаць на вашыя пытанні. Звяртайцеся, калі ласка, у службу падтрымання «Яндекса».

У кампаніях «Убер Сістэмс Бел» і «Яндэкс Дэлівэры Бай» на званкі не адказалі.

У беларускім офісе «Яндекса» ігнаруюць пытанні пра размяшчэнне дата-цэнтраў, паведаміла раней выданне dev.by: «На ўдакладняльныя пытанні пра месца захоўвання інфармацыі ў кампаніі не адказалі. Галоўны мэсідж «Яндекс Gо»: кампанія «адпавядае заяўленым патрабаванням».

Таксоўка ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Сёлета ў жніўні расейскае выданне «Медуза» пісала, што ўсе звесткі пра пасажыраў ды іхныя паездкі «Яндекс» захоўвае ў дата-цэнтрах у Расеі, і датычыць гэта кліентаў з усіх краінаў, дзе працуе сэрвіс, у тым ліку Беларусі. З 1 верасня доступ да гэтай базы атрымала ФСБ. Зрэшты, у самой кампаніі запэўнівалі, што «звесткі пра паездкі могуць атрымаць толькі праваахоўныя органы той краіны, дзе паездка была здзейсненая».

Разбор
Што новага «накапаюць» на беларусаў сілавікі? Глядзім на новы ўказ пра сачэнне за інтэрнэтам
2022.10.25 12:15

Як патлумачыў «Белсату» сузаснавальнік платформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павел Лібер, даведацца, у якой краіне кампанія фізічна захоўвае звесткі і ці не перадае іх іншаму боку, – рэч няпростая:

«Гэта досыць складана пракантраляваць, калі няясна, хто і на якіх падставах мае доступ да гэтых звестак. Звычайна буйныя кампаніі, якія працуюць з персанальнымі звесткамі, праходзяць аўдыт, атрымліваюць сертыфікаты бяспекі, але нават у гэтым выпадку 100 % гарантыі быць не можа».

«Варожаму Захаду» звесткі пра паездкі таксоўкамі ў Беларусі наўрад ці перададуць, а вось ад саюзнай Расеі сакрэтаў не будзе, упэўнены эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні:

«У Беларусі і Расеі маюцца сістэмы аператыўна-вышуковых захадаў, у спецслужбаў маецца доступ да персанальных звестак, службы маюць кантакты. Калі браць прыклад «Яндекс.Такси», то не думаю, што кампанія будзе разгортваць асобную інфраструктуру пад беларускую юрыдычную асобу, улічваючы шчыльную міждзяржаўную супрацу».

Аналітык таксама пагадзіўся з меркаваннем, што кампанія захоўвае ў адзінай сістэме інфармацыю пра кліентаў таксовак ува ўсіх краінах прысутнасці:

«У цябе праграма «Яндекс» будзе працаваць у Менску, у Маскве, у краінах Цэнтральнай Азіі. То бок можна меркаваць, што ўсё апрацоўвацца праз адзіную сістэму».

Аўтавакзал. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Указ Лукашэнкі таксама прадугледжвае стварэнне дзяржаўнага рэестру пасажырскіх аўтаперавозаў у нерэгулярных зносінах – гаворка ў тым ліку пра маршруткі і таксоўкі. Туды будуць улучаць звесткі пра перавознікаў і транспартавыя сродкі, а таксама пра кіроўцаў і дыспетчараў. Працаваць дазволяць толькі тым, хто трапіць у гэтую базу.

Весці рэестр будзе транспартавая інспекцыя Міністэрства транспарту, а доступ да інфармацыі атрымаюць «надзораныя ды іншыя дзяржаўныя органы пры наяўнасці падставаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі».

Базаў звестак для сачэння за грамадзянамі багата не бывае?

Каментар
«Яшчэ адзін спосаб кантролю». У «BELPOL» растлумачылі сэнс указу аб тэлефонных махлярах
2023.08.30 19:05

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў