Пратэстоўцы ў хатнім рабстве ў амапаўца. У Варшаве пакажуць эпізод серыялу «Белсату»


У Варшаве на фестывалі «Бульбамуві» пакажуць навелу «Ператрымка». Гэта частка серыялу «Белсату», які называецца «Працэсы». Пасля прагляду адбудзецца сустрэча з аўтарамі: рэжысёрам Андрэем Кашперскім і акторам Міхаілам Зуем.

Кадр навелы «Ператрымка». Скрыншот YouTube

У Варшаве 18 лістапада распачынаецца кінафестываль «Бульбамуві». А 19 лістапада запланаваны паказ першай з серыялу «Белсату», які называецца «Працэсы» – навелы «Ператрымка».

Паводле сюжэту начальства загадвае амапаўцу забраць да сябе дадому на 15 содняў трох пратэстоўцаў, затрыманых на антываеннай акцыі. Усё праз нястачу месцаў у турмах. У выніку пакой дзяцей сілавіка пераўтвараецца ў камеру, купальня – у месца допытаў, падворак – у месца шпацыру зняволеных. А саміх зняволеных амапавец і ягоная жонка нагружаюць хатняй працай, як прыгонных, і прыходзяць да мадэлі ўзаемаадносінаў «гаспадар – раб».

Постар навелы «Ператрымка»

Пасля сеансу адбудзецца розыгрыш прызоў сярод гледачоў і сустрэча з аўтарамі: рэжысёрам Андрэем Кашперскім і акторам Міхаілам Зуем.

Стужку пакажуць у кінатэатры «Iluzjon», пачатак а 15-й гадзіне.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў