8 гадоў следства і суда: якім будзе прысуд у справе збітага над Данбасам самалёта МН17


17 лістапада суд назаве імёны вінаватых у катастрофе малайзійскага «Boeing 777» рэйсу MH17, што быў збіты над Данбасам у ліпені 2014 года. Нагадваем, што вядома ў справе.

Суаольная следчая група рэпрэзентуе папярэднія вынікі крымінальнага расследавання катастрофы рэйсу MH17 «Малайзійскіх авіялініяў» у Данецкай вобласці Украіны. Ніўвэхэйн (Nieuwegein), Нідэрланды. 28 верасня 2016 года.
Фота: AFP / Emmanuel Dunand / East News

Што здарылася

Катастрофа рэйсу MH17 увайшла ў дзясятку найбуйнейшых авіякатастроф у свеце і стала найбуйнейшай авіякатастрофай на постсавецкай прасторы. Самалёт «Boeing 777» авіякампаніі «Malaysia Airlines», які выконваў рэйс Амстэрдам (Нідэрланды) – Куала-Лумпур (Малайзія), быў збіты ў небе над Данецкай вобласцю 17 ліпеня 2014 года. Усе 298 чалавек, якія былі на борце, загінулі. Дзве траціны пасажыраў – падданыя Нідэрландаў.

Расследаванне

Расследаванне прычынаў катастрофы вяла Міжнародная следчая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі праваахоўных органаў Украіны, Нідэрландаў, Бельгіі, Аўстраліі і Малайзіі. Асноўную ролю ў расследаванні ўзяла на сябе пракуратура Нідэрландаў, паколькі грамадзянаў гэтай краіны было больш за ўсё на збітым самалёце.

На думку следчых, самалёт быў збіты ракетаю «зямля – паветра», выпушчанай з расейскай сістэмы «Бук» прарасейскімі сепаратыстамі. Яна была размешчана непадалёк ад гораду Сняжное на часова непадкантрольнай Украіне тэрыторыі Данецкай вобласці. Комплекс «Бук» належаў 53-й зенітна-ракетнай брыгадзе расейскай СПА з Курску. Паводле версіі следчых, яе даставілі з Курскай вобласці Расеі незадоўга да стрэлу.

Усе 8 гадоў Расея адмаўляе любую датычнасць да таго, што здарылася. Нідэрланды выступалі з прапановаю стварыць міжнародны трыбунал пры ААН для пераследу вінаватых у катастрофе MH17, аднак Расея правам вета заблакавала гэтую ініцыятыву.

Суд

Паседжанні ў Гаагскім судзе ў справе малайзійскага «Боінгу» пачаліся 9 сакавіка 2020 года. Завочны судовы працэс адбываўся над чатырма абвінавачанымі. Трое з іх – расяяне: былы «міністр абароны» самаабвешчанай «ДНР», адстаўны афіцэр ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў), адстаўны афіцэр ГРУ Генштабу Расеі Сяргей Дубінскі, падпалкоўнік запасу Алег Пулатаў і грамадзянін Украіны, камандзір выведнай часткі ГРУ «ДНР» Леанід Харчанка. Ім выставілі абвінавачанне ў транспартаванні ЗРК «Бук», якім быў збіты малайзійскі «Боінг».

Згодна матэрыялам справы, у 2014 годзе з Расеі на тэрыторыю Украіны, якую кантралявалі сепаратысты, накіраваліся як мінімум два зенітна-ракетныя комплексы (ЗРК) «Бук». За транспартаванне першага «Бука» адказваў афіцэр ГРУ Алег Іваннікаў, аднак ягоная калона не даехала да «ДНР» – «Бук» зламаўся дарогаю. За перасоўванне другога «Бука» – Сяргей Дубінскі. Гэты «Бук» паспяхова дабраўся да Данецку, а потым паехаў у бок гораду Сняжное. Калона, у складзе якой ехаў «Бук», трапіла на здымак са спадарожніка. Яе маршрут быў дэталёва адноўлены паводле сведчанняў былых удзельнікамі фармаванняў сепаратыстаў, а таксама праз білінг сотавых тэлефонаў людзей, якія былі побач з комплексам.

Працаўнікі Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў Украіны шукаюць целы загінулых ў полі ля месца катастрофы самалёта «Малайзійскіх авіялініяў» рэйсу MH17 у Данецкай вобласці. 26 ліпеня 2014 года.
Фота: AFP / Bulent Kilic / East News

Следчыя падалі перахопы шматлікіх тэлефонных перамоваў людзей з галасамі ўсіх чатырох фігурантаў справы. На запісах камандзіры вайсковых фармаванняў самаабвешчанай «ДНР» неаднаразова прасілі расейскіх чыноўнікаў і генералаў даставіць ім «Бук», каб супрацьстаяць авіяцыі Украіны. Праз паўгадзіны пасля катастрофы «Боінга» чалавек з голасам Харчанкі далажыў чалавеку з голасам Дубінскага: «Мы на месцы, адну ўжо «сушку» збілі (маецца на ўвазе знішчальнік «Су». – Рэд.). Дзякуй богу, што з раніцы «Бук-М» прыйшоў. Лягчэй стала».

Абвінавачаныя актыўна ператэлефаноўваліся, радуючыся збітаму самалёту, які прымалі за ўкраінскі знішчальнік, і апісваючы гэта як свой поспех. Прыбыўшы на месца падзення самалёта, сепаратысты выявілі, што збілі цывільны борт. У размовах паміж сабой сепаратысты пачалі абмяркоўваць версію, што лайнер МН17 быў збіты ўкраінскім вайсковым самалётам, а «Бук» нібыта збіў менавіта гэты ўкраінскі штурмавік.

Адразу пасля катастрофы расейскія медыі «справаздачыліся» аб нібыта збітым самалёце Збройных сілаў Украіны. Калі высветлілася, што быў знішчаны пасажырскі самалёт, крамлёўскія прапагандысты выдалі шмат фэйкавых версіяў у спробе абвінаваціць у катастрофе Украіну. Паводле адной з іх, «Boing 777» нібыта мог быць збіты ўкраінскім знішчальнікам Су-25 ці нават «эксперыментальным апаратам ЗША».

Аднак да сённяшняга дня ні Расея, ні самаабвешчаная «ДНР» так і не паказалі свету абломкаў украінскага вайсковага самалёта, які нібыта збіў «Боінг».

Суд на працягу трох тыдняў слухаў паказанні 90 сваякоў ахвяраў з васьмі краінаў. Яны распавядалі суддзям пра цяжкія наступствы страты блізкіх і выказвалі надзею на справядлівасць. Таксама на судзе дэталёва разбіралі дакументы, фота- і відэаматэрыялы, развенчвалі тэорыі змовы, даследавалі альтэрнатыўныя версіі прычынаў катастрофы, якія не знайшлі пацвярджэння.

Узаемадзеяць з судом пагадзіўся 55-гадовы Алег Пулатаў – у зале суда прысутнічалі ягоныя адвакаты. Яны падалі відэазварот, у якім Пулатаў катэгарычна адмовіў сваю датычнасць да авіякатастрофы і абвінаваціў пракуратуру ў тым, што яна нібыта «не ставіць сваёй мэтай высветліць праўду».

Абломак самалёта авіякампаніі «Air Malaysia», які ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур і разбіўся на мяжы Украіны і Расеі. Усе пасажыры і экіпаж загінулі. Тарэз, Украіна.
Фота: Capucine Granier-Deferre / Polaris / East News

У кастрычніку 2021 года стала вядома, што адвакатаў, якія рэпрэзентуюць інтарэсы сем’яў ахвяраў трагедыі, запалохваюць. Некалькі адвакатаў паведамілі, што за імі сачылі, калі яны вярталіся дадому з будынку суда, яны бачылі падазроных мужчынаў, якія цікавіліся іхнымі хатнімі адрасамі. Антытэрарыстычнае агенцтва NCTV праінфармавала адвакатаў, што за спробамі запалохвання, імаверна, стаіць Расея. Ім прапанавалі захады для абароны.

У снежні 2021 года пракуратура Нідэрландаў запытала для абвінавачаных пажыццёвае зняволенне. Ніхто з іх на сёння не затрыманы, бо ўсе яны жывуць у Расеі і абвешчаныя ў міжнародны вышук. Зачытванне абвінаваўчага дакументу ў Гаагскім судзе доўжылася тры дні. Пракурор падкрэсліў, што «ніякае пакаранне для абвінавачаных не будзе справядлівым».

«Яны не націскалі на кнопкі, але яны прасілі, атрымалі і выкарысталі «Бук» у сваіх ваенных мэтах, з прычыны чаго быў збіты МН17. Абвінавачаныя хацелі збіць вайсковы ўкраінскі самалёт, але сутнасці абвінавачанняў гэта не мяняе, згодна з Нідэрландскім заканадаўствам», – сказаў пракурор Тэйс Бэрхэр (Thijs Berger).

Ён асобна адзначыў, што Расея адыграла «вызначальную ролю ў пачатку і працягу вайны на ўсходзе Украіны», падтрымліваючы нерэгулярныя вайсковыя фармаванні і забяспечваючы іх зброяй.

10 чэрвеня 2022 г. адбылося апошняе паседжанне суда ў справе MH17.

Рэакцыя

12 кастрычніка 2021 года ўдзельнікі саміту Украіна – ЕЗ, які прайшоў у Кіеве, у сумеснай заяве заклікалі Расею прызнаць адказнасць за катастрофу малайзійскага «Боінгу».

«Мы падкрэслілі нашу поўную падтрымку ўсіх намаганняў па ўстанаўленню ісціны, справядлівасці і адказнасці перад 298 ахвярамі і іх блізкімі сваякамі за збіванне рэйса MH17. Мы заклікалі ў сувязі з гэтым Расейскую Федэрацыю прызнаць сваю адказнасць і прыкласці максімальныя намаганні для прыцягнення вінаватых да адказнасці за збіванне рэйса MH17», – гаворыцца ў заяве.

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) лічыць менавіта Расею датычнай да гібелі пасажыраў рэйсу МН17. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі ПАРЕ ад 23 чэрвеня 2022 года. Дэпутаты падкрэслілі, што «здзіўленыя дэзынфармацыяй, якая распаўсюджваецца расейскімі ўладамі аб авіякатастрофе».

«Замест таго, каб даць следчым органам дакладную інфармацыю, расейскія ўлады распаўсюджвалі дэзынфармацыю, у тым ліку супярэчлівыя версіі падзеяў, мэтай якіх было наўмысна заблытаць следства. Як паказваюць выведныя звесткі з адкрытых крыніцаў, апублікаваныя ў шмат якіх справаздачах, расейскія ўлады дайшлі да таго, што падалі сфальсіфікаваную інфармацыю радараў, спадарожнікаў і іншыя звесткі, каб схаваць праўду», – гаворыцца ў рэзалюцыі ПАРЕ.

СК belsat.eu

Стужка навінаў