«Разумнае галасаванне», рэйтынг камуністаў і цэнзура ў інтэрнэце. Што трэба ведаць пра выбары ў Расеі


17–19 верасня ў Расеі адбудзецца галасаванне на выбарах у Дзяржаўную думу. Belsat.eu распавядае пра адметнасці і галоўныя інтрыгі кампаніі.

Расейская спецыфіка

Выбары-2021 у Расеі адбываюцца ў незвычайным фармаце: яны прызначаныя не на адзін дзень, а пройдуць цягам 17–19 верасня. Закон, які дазваляе расцягваць галасаванне на некалькі содняў, прынялі ўлетку 2020 года. Афіцыйна гэтыя захады тлумачыліся пандэміяй: трохдзённае галасаванне мелася дазволіць знізіць шчыльнасць плыні выбарнікаў на выбарчых участках. Аднак крытыкі расейскіх уладаў указвалі на тое, што трохдзённае галасаванне ўскладняе забеспячэнне грамадскага кантролю. Дарэчы, у першы дзень галасавання назіральнікі зафіксавалі анамальна вялікія чэргі на выбарчых участках з бюджэтнікаў і вайскоўцаў.

Парламенцкая выбарчая сістэма ў Расеі істотна адрозніваецца ад беларускай. Калі ў Беларусі выбары ў Палату прадстаўнікоў адбываюцца толькі паводле аднамандатных акругаў, то ў РФ 50 % Дзяржаўнай думы абіраецца паводле партыйных спісаў і яшчэ 50 % паводле аднамандатных акругаў. Пры гэтым у Расеі няма парогу яўкі.

Нізкія рэйтынгі «Единой России» і рост папулярнасці камуністаў

Партыя «Единая Россия» мае ў Дзяржаўнай думе 334 дэпутацкія мандаты з 450, і прадстаўнікі ўладаў не раз заяўлялі пра намер захаваць такі ўзровень прысутнасці ў новым складзе парламенту. Аднак «Единая Россия» падышла да выбарчай кампаніі з надзвычай нізкім рэйтынгам – каля 30 %.

Уладзімір Пуцін прамаўляе на з’ездзе «Единой России». Крыніца: kremlin.ru

Галоўныя канкурэнты пуцінскай партыі на выбарах – камуністы. Цяпер рэйтынг Камуністычнай партыі Расейскай Федэрацыі вышэйшы за 15 %, прычым са жніўня папулярнасць толькі расце. Праўда, Паўла Грудзініна, найбольш нязручнага для Крамля палітыка-камуніста, улады да выбараў не дапусцілі. У 2018-м Грудзінін балатаваўся ў прэзідэнты і заняў другое месца з 11,77 % галасоў, пасля чаго ў Крамлі палічылі яго занадта папулярным, і палітык трапіў у апалу.

Паводле выбарчага заканадаўства, каб прайсці ў Дзярждуму, партыя мусіць набраць мінімум 5 % галасоў. Звесткі Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ) сведчаць пра тое, што гэты бар’ер, акрамя «Единой России» і КПРФ, мусіць пераадолець партыя ЛДПР і «Справедливая Россия» (7,8 % і 6,1 % адпаведна). То бок цалкам магчыма, што па выніках выбараў-2021 у Дзярждуме застануцца тыя ж партыйныя фракцыі, што і ў папярэднім скліканні. Аднак шанец пазмагацца за месца ў парламенце маюць таксама «Новые люди» і Партыя пенсіянераў – паводле ВЦИОМ, яны маюць рэйтынг 3–4 %.

Разгром несістэмнай апазіцыі

Палітычная сістэма ў Расеі прадугледжвае выразнае раздзяленне на сістэмную і несістэмную апазіцыю. Сістэмная апазіцыя (да якой адносяцца найперш парламенцкія партыі КПРФ, ЛДПР і «Справедливая Россия», па сутнасці, імітуе палітычную барацьбу. Яны не крытыкуюць асабіста Уладзіміра Пуціна, падтрымліваюць асноўныя кірункі ягонай палітыкі і рэзка негатыўна ставяцца да самой ідэі вулічных пратэстаў.

У адрозненне ад сістэмнай, несістэмная апазіцыя адмаўляе манаполію Пуціна на ўладу, жорстка крытыкуе яго і ягоную палітыку, арганізоўвае вулічныя пратэсты.

Суд у Маскве адхіліў апеляцыю расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, Масква, Расея. 20 лютага 2021 года. Крыніца: прэс-служба суда

Самы папулярны апазіцыйны палітык у Расеі – Аляксей Навальны. Летась у жніўні на яго быў зарганізаваны замах з выкарыстаннем баявой атруты з групы «Навічок». Палітыка лячылі ў шпітальным комплексе «Charité», але ў студзені пастанавіў вярнуцца ў Расею і быў адразу арыштаваны. Навальнага абвінавацілі ў парушэнні ўмоваў выпрабавальнага тэрміну ў «справе «Іў Рашэ» і замянілі ўмоўны тэрмін на рэальны. У калоніі супраць Навальнага пачалі яшчэ адну крымінальную справу.

Напярэдадні парламенцкай кампаніі расейскія ўлады зладзілі татальную зачыстку палітычнай прасторы ад прадстаўнікоў несістэмнай дэмакратычнай апазіцыі. Арганізацыі, звязаныя з Навальным (Фонд барацьбы з карупцыяй, Фонд абароны правоў грамадзянаў, штабы Навальнага), былі прызнаныя экстрэмісцкімі, а людзям, якія мелі да іх дачыненне, забаранілі браць удзел у выбарах. Паплечнікі Навальнага трапілі пад крымінальны пераслед, многія былі вымушаныя эміграваць. Пад ударам апынуліся і іншыя дэмакратычная арганізацыі ды актывісты. Паралельна Крэмль узмацніў ціск на незалежныя СМІ, выкарыстоўваючы для гэтага адыёзны Закон аб замежных агентах.

Фактычна пад каток рэпрэсіяў трапілі ўсе, хто, на думку ўладаў, мог сурёзна перашкодзіць «правільнаму» правядзенню галасавання.

«Разумнае галасаванне»

«Разумнае галасаванне» – гэта стратэгія каманды Аляксей Навальнага для барацьбы з партыяй «Единая Россия» на выбарах. Сэнс стратэгіі ў тым, каб аб’ядноўваць пратэставы электарат вакол самага моцнага канкурэнта «адзінаросаў» у кожнай акрузе. Пры гэтым праграмы ды ідэалогія кандыдата або партыі, за якую прапаноўвае галасаваць тэхналогія «Разумнага галасавання», значэння не мае. Напрыклад, абсалютная большасць кандыдатаў, за якіх прапаноўвае прагаласаваць на выбарах-2021 каманда Навальнага, рэпрэзентуюць Камуністычную партыю РФ – дэ-факта ідэйных апанентаў дэмакратычнай апазіцыі.

Такім чынам, асноўная мэта «Разумнага галасавання» – пазбавіць пуцінскую партыю манаполіі на ўладу. Крэмль бачыць у «Разумным галасаванні» вялікую пагрозу для сябе і прыкладае шмат намаганняў для барацьбы з ім. Пагатоў досвед мінулых гадоў паказвае, што гэтая тэхналогія сапраўды можа істотна паўплываць на вынікі выбараў. Напрыклад, на выбарах у Маскоўскую гарадскую думу ў 2019-м кандыдаты, якіх падтрымала «Разумнае галасаванне», выйгралі 20 з 45 аднамандатных акругаў, хаця многія з іх да таго былі малавядомымі асобамі. Як спрацуе «Разумнае галасаванне» сёлета – адна з галоўных інтрыг выбараў-2021.

Цэнзура ў інтэрнэце

Барацьба расейскіх уладаў з «Разумным галасаваннем» трывае даўно, але сёлета, напярэдадні выбараў у Дзярждуму, яны пайшлі на беспрэцэдэнтныя захады ў цэнзуры інтэрнэту. Сайты, звязаныя з «Разумным галасаваннем», былі заблакаваныя, а ў верасні Арбітражны суд Масквы забавязаў пошукавыя сістэмы «Яндекс» і «Google» спыніць выдаванне нават словазлучэння «разумнае галасаванне».

«Яндекс» выключыў спасылкі на сайты і люстэркі «Разумнага галасавання» са сваёй пошукавай сістэмы. А вось «Google» спасылак не прыбраў, праз што на кампанію пачаўся ціск: 13 верасня ў маскоўскі офіс «Google» прыйшлі судовыя прыставы.

У дзень пачатку галасавання мабільны дадатак «Навальны», у якім былі даступныя рэкамендацыі «Разумнага галасавання», быў выдалены з «Google» Play» і «App Store» на патрабаванне «Раскамнагляду». Іван Жданаў, паплечнік Навальнага, назваў выдаленне дадатку ганебным актам палітычнай цэнзуры. Паводле «The New York Times», «Google» пагадзіўся выдаліць дадатак «Навальны» з крамы «Google Play» пасля пагрозаў крымінальнага пераследу работнікаў кампаніі.

Акрамя таго, «Раскамнагляд» рыхтуецца да масавага блакавання DNS-сэрвісаў «Google» і «Cloudflare».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў