Пазняк вырашыў стварыць новы ўрад. Хто яшчэ з ім


Зянон Пазняк. Скрын з відэа Белсату

Нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь» вырашыў падрыхтаваць і стварыць часовы Нацыянальны ўрад Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянона Пазняка.

Паводле заявы, цяперашнія падзеі пагражаюць суверэнітэту і нацыянальнаму існаванню Беларусі.

«Вынішчэнне Беларусі стала вынікам сумарных дзеянняў і рашэнняў Лукашэнкі, Пуціна і памылак замежных палітыкаў. Цяпер мы, беларусы ў Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце, мусім выратаваць сваю краіну ад знішчэння», – адзначаецца ў дакуменце.

Таму Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь» паставіў задачу падрыхтаваць і стварыць Часовы Нацыянальны ўрад Рэспублікі Беларусь, «які павінен узяць на сябе функцыю надзвычайнай улады ў час ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі, у перыяд рэформаў і перамен». Пакуль жа сам сакратарыят ажыццяўляе функцыі і працу арганізацыйнага камітэту часовага ўраду.

Беларускі нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь» быў створаны ў жніўня 2020 года. У яго ўваходзяць сем чалавек, якія знаходзяцца за мяжой Беларусі: Аляксандр Адамковіч, Юрый Беленькі, Віталь Зайка, Анатоль Міхнавец, Зянон Пазняк, Павел Усаў, Юрый Цехановіч. Каардынатарам з’яўляецца Пазняк.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў