Лукашэнка гуляе з крамлёўскім агнём. Як Расея мілітарызуе Беларусь?


Лукашэнка з 2013 года бароніцца перад з’яўленнем у нашай краіне расейскай вайсковай базы. Дзесяцігоддзямі зацягвае працэс яднання ў Саюзнай дзяржаве з Расеяй, які сам і распачаў. Гэтак справа выглядае для тых, хто раз на нейкі час чытае інтэграцыйныя навіны. Але на сёння мы маем і расейскія самалёты на баявым дзяжурстве, і расейскія комплексы С-400, і нават саюзныя праграмы ўжо гатовыя – што праўда, не ратыфікаваныя ўрадамі краінаў. Колькі ж насамрэч засталося ад беларускага суверэнітэту?

Спачатку дамовіліся пра інтэграцыю, а потым рушылі на палігоны. Маштабныя рэгулярныя вучэнні Беларусі і Расеі сталіся месцам гучных заяваў пра збройнае таварыства Менску ды Масквы і крытыкі заходняга палітычнага парадку. Маўляў, ну як тут размаўляць з той жа Польшчаю, калі…

«Яны на ланцугу кароткім! І на кручку фінансавым! Калі хтосьці толькі рушыцца з дэмакратычнай Польшчы, то не атрымаюць мільярдаў тых, за якія жывуць. На іх жа пляцоўцы ствараюць амерыканцы зону супрацьдзеяння Беларусі і Расеі. Хіба мы не бачым?» – выказаўся Аляксандр Лукашэнка.

Кажа чалавек, які выбіў у Расеі чарговы транш фінансавага падтрымання акурат пасля таго, як на Гарадзеншчыне размясціліся зенітна-ракетныя комплексы С-400, а на Берасцейшчыне – расейскія знішчальнікі. Тут, вядома, гаворка не пра мільярды.

Паводле Уладзіміра Пуціна, з верасня сёлета да канца 2022 года падтрыманне Беларусі складзе больш за $ 600 мільёнаў.

Такое рашучае і ўпэўненае падтрыманне дазволіць Менску перажыць яшчэ некалькі месяцаў унутранай нестабільнасці. Падрыхтавацца да чарговых санкцыяў і выплаціць заробкі сілавікам. Іншая рэч, што расейская зброя на беларускай зямлі выклікае трывожныя асацыяцыі – казала ў эфіры нашых калегаў з «Еўрарадыё» дырэктарка даследаванняў міжнароднай бяспекі з Еўрапейскай экспертавай асацыяцыі, экспертка «iSANS» Марыя Аўдзеева:

«Расея павялічвае сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі, мілітарызуе яе, Украіна гэта вельмі добра ведае па сітуацыі з Крымам, дзе свайго часу расла расейская вайсковая прысутнасць, і ўсе мы ведаем, чым тое скончылася».

Пакуль жа, нават з тымі саюзнымі праграмамі, усё скончылася на тым, што прэмʼеры дамовіліся ўніфікаваць і гарманізаваць розныя галіны заканадаўства ды асобныя прававыя акты. Канкрэтыкі нашмат болей не стала і праз тры гады пасля пачатку эпапеі з дарожнымі мапамі. Расейскі Саўмін апублікаваў кароткія, літаральна па абзацы, апісанні саюзных праграмаў. За гэтымі цьмянымі расповедамі крыюцца, пра што казаў хоць бы былы расейскі амбасадар у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, больш за сем соцень заканадаўчых актаў. Уніфікацыя значыць, што яны будуць копіяй расейскіх законаў, а гарманізацыя – што будуць вельмі да іх падобнымі. Вярнулася нават тэма адзінай валюты – Лукашэнка апраўдваўся, чаму яе няма:

«Што датычыць адзінай валюты, то я хачу, каб вы гэта разумелі. Пытанне не ў тым, што Пуцін ці Лукашэнка гальмуюць гэтыя працэсы! Мы вывучалі, памятаеце, гэтую праблему. І тады Цэнтрабанк Расеі ды наш Нацбанк папрасілі ў адзін голас пакуль што да гэтага пытання не падыходзіць».

Варта чакаць, што менавіта адзіная валюта стане лагічным працягам інтэграцыі, калі скончыцца эпапея саюзных праграмаў. На інтэграцыйныя рухі адмыслоўцы звычайна глядзяць з двух бакоў. З аднаго – Лукашэнка гадамі цягне і, хутчэй за ўсё, зможа зацягваць надалей рэальную інтэграцыю ды здачу суверэнітэту. Але з другога…

«Цвердзяць у Расеі, што мы цяпер ідзём да прынцыпу «дзве краіны – адная эканоміка», а потым яны зробяць «дзве краіны – адная палітыка». Таму ўсё гэта рэчы падступныя, гэта ўсё як багна: пакрысе засмоктвае. І рана ці позна колькасць пяройдзе ў якасць. Лукашэнка можа доўга гуляць у гэтую гульню, а потым палыхне па-сапраўднаму», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Меркаванні
Без Масквы ніяк. Лукашэнка вымушаны працягваць небяспечныя інтэграцыйныя гульні
2021.09.11 18:36

Паводле аналітыка Андрэя Елісеева, Лукашэнка ўжо дагуляўся. Але не ў тым сэнсе, што страціў кантроль над інтэграцыяй. Проста яе хуткасць і хуткасць страты беларускага суверэнітэту залежаць ад таго, наколькі цяжка рэжыму будзе трымаць уладу ў Беларусі.

«Яшчэ 10 гадоў таму Беларусь мела паўнамоцтвы, скажам, усталёўваць свае мытныя тарыфы на шэраг тавараў. Цяпер гэтага няма і гэта падаецца нармальным. І паступова людзі прымаюць гэтую новую нармальнасць. Быццам бы нармальна, што Беларусь здала свой інфармацыйны суверэнітэт мінулаю восенню. Шмат кім успрымаецца нармальным, што Беларусь здала замежную і абарончую палітыку Расеі», – мяркуе Андрэй Елісееў, аналітык «East Center / iSANS»

Гэта, як у вядомым анекдоце пра жабу ў кіпені. Маўляў, кінь яе ў гарачую ваду – тут жа выскачыць, а калі падаграваць паступова, то і самая не заўважыць, як на адміністрацыйных будынках залунаюць расейскія трыкалоры. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі не сумняецца, што пагроза навідавоку, але наўрад ці можна казаць пра блізкую перспектыву страты незалежнасці:

«Пуцін не ўтойвае, што пасля эканамічнай інтэграцыі трымае ў галаве палітычную, ён хоча яе зрэалізаваць. Ён згадаў і саюзны парламент – і Лукашэнка быў вымушаны гэтую тэму падтрымаць, і згадаў пра адзіную валюту – маўляў, у прынцыпе, магчымая. То бок планы ў Крамля вялізныя, але пакуль гэтыя праграмы вельмі размытыя, маўляў, мы дамовіліся дамовіцца».

І праўда, што гэта за суверэнітэт без уласнай эканамічнай, вайсковай і вонкавай палітыкі? А ў перспектыве – нават без сваёй валюты. Апошнім годам у Беларусі – унікальная сітуацыя: нелегітымны прэзідэнт разам з сілавым блокам трымаюць уладу ў краіне, а меркаваная пераможца прэзідэнцкіх выбараў назапашвае замежнае прызнанне, хоць практычна не мае ўплыву на падзеі ў краіне. У выпадку змены ўлады – тым ці іншым сцэнаром у бліжэйшай ці сярэдняй перспектыве – ці можна яшчэ ўсё выправіць? Так, але маючы такую залежнасць ад Расеі практычна ўва ўсіх сферах…

«Нават пры наяўнасці найбольш кампетэнтнага ўраду і дэмакратычнай сістэмы выйсці з гэтага вельмі складана. Відавочна, Крэмль сцэнар сыходу Лукашэнкі таксама мае на ўвазе, таму і закабаляе Беларусь крэдытамі», – кажа Андрэй Елісееў.

І з кожным тэрмінам, нават з кожным годам Лукашэнкі ва ўладзе сарвацца з гэтага ланцуга, здолець дамовіцца з Крамлём робіцца толькі цяжэй.

Усевалад Шлыкаў, для праграмы «ПраСвет» ад 16.09.2021

Калаж на прэв’ю: Mikhail Metzel / TASS / Forum

 

Стужка навінаў