Інтэрпол на пасылках у Лукашэнкі?


Якім чынам старшыню лукашэнкаўскага ЦВК Лідзію Ярмошыну зарэгістравалі незалежнаю назіральніцаю на муніцыпальных выбарах у Грузіі, што пройдуць у пачатку кастрычніка? Што азначае арышт Макара Малахоўскага, удзельніка беларускіх пратэстаў, у Польшчы? Як засцерагчыся ад міжнароднага пераследу? Каментуюць Франак Вячорка, Алесь Міхалевіч і Сяргей Зікрацкі.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына «праляцела» не толькі з Парыжам, але і з Тбілісі. 2 кастрычніка ў Грузіі пройдуць лакальныя выбары, на якіх таксама будуць выбіраць мэра Тбілісі. Сярод міжнародных назіральнікаў прамільгнула прозвішча галоўнай фальсіфікатаркі выбараў на постсавецкай прасторы Лідзіі Ярмошынай. Аднак пасля хвалі абурэння ў СМІ ЦВК паведаміла, што ў Грузію Ярмошына не паедзе, паедуць іншыя асобы. Ці не азначае гэта, што рэжым Лукашэнкі становіцца рукапаціскальным?

Каментуе Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай:

«Мы накіравалі ў Грузію ліст ад імя Святланы Ціханоўскай. Таксама былі на сувязі з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў. Мы паведамілі пра тое, што едзе Ярмошына, што гэта не прымальна. (…) Насамрэч Грузія – краіна празрыстая і дэмакратычная, і там можа кожны зарэгістравацца. І Ярмошына, хутчэй за ўсё, так і зрабіла, гэта была ўласная рэгістрацыя. Цяпер лукашэнкаўцы спрабуюць пралезці ва ўсе дзіркі: Васкрасенскі – на форум у Карпачы, Ярмошына ды іншыя памагатыя рэжыму – у Грузію. Яны спрабуюць стварыць сабе дадатковую легітымнасць».

Абноўлена
Праваабаронцы просяць не пускаць Ярмошыну назіральніцай у Грузію. ЦВК: Яна і не збіралася
2021.09.14 17:22

Нягледзячы на пагадненне аб супрацы паводле лініі сілавых ведамстваў, Грузія запэўніла штаб Ціханоўскай, што нікога выдаваць з палітычных прычынаў не будзе. Усе журналісты, праваабаронцы і актывісты, якія ў Грузіі знайшлі прытулак, могуць сябе адчуваць у поўнай бяспецы.

Рэжым спрабуе злоўжываць не толькі міждзяржаўнымі пагадненнямі, але і міжнароднымі механізмамі, падаючы запыты на актывістаў у Інтэрпол. Пацвярджае гэта затрыманне паводле лініі Інтэрполу грамадзяніна Беларусі, які браў удзел у пратэстах, Макара Малахоўскага.

Hавiны
Затрыманне беларускага ўцекача ў Польшчы, чарговае расследаванне «BYPOL». Галоўнае за 13 верасня
2021.09.13 23:47

Маладзёна пасля разбору адпусцілі. Кіраўнік польскага МУС Мар’юш Каміньскі заявіў, што гэты выпадак – вынік палітычнага выкарыстання Інтэрполу беларускім рэжымам.

«Мы просім: не звяртайце ўвагі на запыты з Беларусі, не супрацоўнічайце з беларускім КДБ, выключыце Беларусь з міжнародных арганізацыяў. Асабліва там, дзе гэта можа быць выкарыстана ў якасці рэпрэсіяў. (…) Нават просім, калі ёсць такія пагадненні, калі вы не можаце дэнансаваць, проста замарозьце гэтую супрацу. Выключыце Беларусь са свайго кантактнага спісу. Заблакуйце мэйлы ад лукашэнкаўскага МУС, МЗС і КДБ. Яны вам не партнёры, яны вам не саюзнікі», – заявіў Франак Вячорка.

Беларусь і Расея далёка не адзіныя краіны, якія спрабуюць выкарыстоўваць Інтэрпол у мэтах палітычнага пераследу. Такія краіны былі раней. Іран у гэтым плане адыграў істотную ролю: Нямеччына перастала карыстацца базамі Інтэрполу. Аднак ці ёсць механізмы, каб у Інтэрполе з’явіліся прозвішчы тых, хто катаваў і пераследаваў беларусаў?

Па каментар мы звярнуліся да Алеся Міхалевіча, юрыста, які займаецца пытаннямі экстрадыцыі:

«Універсальная юрысдыкцыя – гэта права іншых краінаў пераследаваць за злачынствы, здзейсненыя на тэрыторыі іншых краінаў. Катаванні, пра якія мы гаворым, здзейсненыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У тэорыі за іх пераследаваць мусіць Беларусь, а яны атрымліваюць узнагароды. (…) Пытанне вельмі простае: ці знойдзецца краіна, якая ў межах універсальнай юрысдыкцыі распачне крымінальныя справы, прыме ў сябе рашэнні пра завочны арышт і падасць у Інтэрпол».

Калі б так здарылася, што тыя ж беларускія сілавікі і службоўцы, датычныя да катаванняў, апынуліся ў так званым чырвоным цыркуляры, іх бы арыштавалі і перадалі той дзяржаве, якая ўзялася іх пераследаваць.

Але ці варта заходнім краінам наглуха зачыняць дзверы перад Беларуссю, пакуль рэжым тэрарызуе сваіх грамадзянаў?

«Калі ёсць пагадненні пра супрацу, то гэтую міждзяржаўную дапамогу трэба змяншаць. Кантактаваць трэба толькі ў тым выпадку, калі кантакты могуць спрыяць будучай дэмакратычнай Беларусі. Магчыма, гэта могуць быць кантакты для наладжвання перамоваў, для вызвалення палітвязняў», – выказаўся Сяргей Зікрацкі, адвакат, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай.

Засцерагчыся ад міжнароднага пераследу магчыма, запэўніваюць адмыслоўцы. Дастаткова мець дакументальнае пацверджанне пераследу, кантактаваць з праваабарончымі арганізацыямі і не ездзіць у тыя краіны, дзе правы чалавека – пусты гук. Калі ў заходніх дзяржавах могуць затрымаць, разабрацца і вызваліць, як гэта адбылося з Макарам Малахоўскім, то ў недэмакратычных – затрыманне паводле лініі Інтэрполу можа скончыцца экстрадыцыяй на радзіму.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет» ад 16.09.2021

Фота на прэв’ю: Natalia Fedosenko / TASS / Forum; Valery Sharifulin / TASS / Forum

 

Стужка навінаў