Ці патрэбны нам Дом-музей I з’езду РСДРП?

Нядаўні пажар у Доме-музеі I з’езду РСДРП выклікаў думкі наконт яго гістарычнай каштоўнасці. Мы ж маглі страціць такі рарытэт!

Дом-музей I з’езду РСДРП.
Фота: travelagency.by

Маё пакаленне школьнікаў савецкіх часоў памятае будынак зялёным. Не ведаю, ці былі ў тагачасным Менску яшчэ школьнікі, якіх прынамсі раз не вадзілі б у той музей ля ракі Свіслач у самым цэнтры Менску. А колькі студэнтаў там падпрацоўвалі ў свой час вартаўнікамі? Гэта ж яшчэ асобная гісторыя.

Звычайна экскурсавод гаварыў, што тут уздоўж рэчкі была вуліца Захар’еўская і былі яшчэ дамы, а ў гэтым доме была кватэра чыгуначніка Пятра Румянцава. У мэтах канспірацыі дэлегаты нібыта адзначалі народзіны Румянцавай жонкі. А можа, і праўда адзначалі?

Што ж такога адбылося напачатку сакавіка 1898 года ў той кватэры?

Гісторыкі партыі сцвярджаюць, што на з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі чатырох «Саюзаў барацьбы»: Пецярбургскага, Маскоўскага, Кіеўскага, Екацярынаслаўскага, групы «Рабочай газеты» і «Бунду». Усяго 9 дэлегатаў: С. І. Радчанка – ад Пецярбургу, А. А. Ванноўскі – ад Масквы, К. А. Петрусевіч – ад Екацярынаслава, Б. Л. Эйдэльман і Н. А. Вігдорчык – ад «Рабочай газеты», П. Л. Тучапскі – ад Кіеўскага «Саюзу барацьбы» і Кіеўскага працоўнага камітэту, А. Крэмер, А. Мутнік (Глеб) і Ш. Кац – ад «Бунду».

Леніна, дарэчы, на з’ездзе не было. Ён тады быў у ссылцы ў Сібіры ў тым самым Шушанскім (маё пакаленне добра ведае гэтую назву). Партыйныя гісторыкі пішуць, што менавіта адсутнасць Леніна адбілася на працы зʼезду і яго пастановах. Ну, а як жа без яго? Вось з’езд і застаўся «не на вышыні высунутых перад ім задачаў». На зʼездзе так і не быў прадстаўлены напісаны Леніным «Праект і тлумачэнне праграмы сацыял-дэмакратычнай партыі». Хіба ж гэта не парушэнне партыйнай дысцыпліны?

На жаль, я не высветліла, які лёс напаткаў тых самых дэлегатаў канспірацыйнага мерапрыемства. Бо мы ж ведаем, што адбывалася потым з паплечнікамі добрага дзядулі Леніна. Тым больш што гэтыя таварышы належалі да «Бунду», а яму вельмі дасталася ў свой час.

Затое вядома, што пашчасціла чыгуначніку Пятру Румянцаву. У ягоны гонар у самым цэнтры сталіцы вуліцу назвалі. Няхай і маленькую, але ўсе студэнты МДЛУ ці, як мы казалі, ін’язу, яе добра ведаюць. Дарэчы, вядомы даследнік Леанід Маракоў ставіў пад сумнеў біяграфію таварыша Румянцава на прадмет ягонай актыўнай рэвалюцыйнай дзейнасці. Таварыш спакойна спачыў сабе ў 1929 годзе ў статусе персанальнага пенсіянера ў Суражы, куды пераехаў жыць. Там таксама назвалі вуліцу ў ягоны гонар. Але мы не пра тое.

Дом-музей I з’езду РСДРП.
Фота: vedaj.by

Чаго чакаў Ленін ад гэтага з’езду? Ленін хацеў стварыць партыю, каб дзейнічаць ад яе імя. Дзеля гэтага пастанавілі злучыць мясцовыя «Саюзы барацьбы» з «Бундам» у адзіную сацыял-дэмакратычную партыю. Не атрымалася. Тады нават і наконт назвы не дамовіліся. Што «расейская сацыял-дэмакратычная партыя», прынялі, а наконт «рабочай» толькі пасля атрымалася ўнесці, дый тое ўжо «мінулым днём», на II з’ездзе. Так што ніякіх эпахальных падзеяў там і не адбылося. Дзевяць мужчынаў сустрэліся, пагаварылі і раз’ехаліся па дамах.

ЦІ ВАРТА ЗАХОЎВАЦЬ БУДЫНАК I З’ЕЗДУ РСДРП? ГЭТА САПРАЎДЫ СЛАВУТАСЦЬ?

Вось што на гэты конт думаюць прадстаўнік партыі камуністаў, адмыслоўца ў гісторыі і архітэктарка.

Андрэй РАЗУМОЎСКІ, сябра Камуністычнай партыі Беларусі:

Па-за ўсялякім палітычна-ідэалагічным кантэкстам любы абʼект, які мае нейкае гістарычнае значэнне і сведчыць пра падзеі ды этапы гісторыі, што адбываліся на зямлі Беларусі, заслугоўвае права на існаванне. Тут не трэба гэта разглядаць з пункту гледжання сімпатыі ці антыпатыі да марксісцкай ідэалогіі. Прыхільнікі гэтай ідэалогіі і яе праціўнікі мусяць ведаць, што ў 1898 годзе I зʼезд РСДРП прайшоў у горадзе Менску. Гэта проста гістарычны факт, як бы хто да яго ні ставіўся.

Я, напрыклад, вельмі перакананы атэіст, але гэта не перашкаджае мне заходзіць у храмы, прычым самых розных канфесіяў, і глядзець там на архітэктуру, разумеючы, што гэта частка агульначалавечай культуры. Так і да гэтага трэба ставіцца. Я б вывеў гэты цяперашні інцыдэнт за рамкі ідэалогіі. Трэба аднавіць музей і пакінуць яго як частку нашай гісторыі.

Ганна НАВАЖЫЛАВА (імя змененае), гісторык:

Гісторыя ў савецкай версіі вельмі моцна сфальсіфікаваная. Я лічу, што музей не варта аднаўляць. Гэта была вельмі слабая спроба выпадковых людзей стварыць партыю. Удзельнікі той сустрэчы – пераважна выпадковыя людзі ў Беларусі. Якое яны маюць дачыненне да нашай краіны, цяжка сказаць. Так што гэта ніякая ні святыня.

З другога боку, пры ўсёй павазе да гісторыі КПСС, трэба экстрапаляваць сітуацыю на сённяшні дзень. Партыяў як такіх у нас ужо даўно не існуе. Дык навошта аддаваць даніну памяці менавіта гэтаму месцу? Уласна кажучы, ніякай нават сімвалічнай ролі яно на сённяшні дзень не мае. Я разумею, калі б цяпер сацыялісты выступалі дружным фронтам на выбарах ці былі моцнай партыяй, што клапоціцца пра сваю гісторыю і прыдумляе нават нейкія міфы. Але ж мы маем пустое палітычнае поле. Нейкія ашмоткі парты існуюць цяпер у Беларусі, але яны абсалютна не патрэбныя, бо ў нас выбары ажыццяўляюцца паводле мажарытарнай сістэмы і само існаванне партыі для простых людзей робіцца незразумелым.

Дом-музей І з’езду РСДРП знутры.
Фота: TUT.by

Трэба разбірацца ў каранях сацыял-дэмакратыі. Для гэтага помнік ці музей, на маю думку, не патрэбныя. Гэта папросту даніна памяці «саўку» – і не больш за тое.

Святлана ПІЛІПОВІЧ, архітэктарка:

Я спадзяюся, што пажар адбыўся выпадкова і гэта не наўмысны падпал, каб такім чынам вызваліць месца пад будаўніцтва чарговага бяздарнага аб’екту, што ўнясе яшчэ большы дысананс у гарадскі ландшафт. Нічога не маю супраць будынку, які спачатку называлі гатэлем «Кемпінскім» каля цырку. Але паглядзіце, як ён парушыў усё, што толькі магчыма. Захіліў сабой від на Свіслач і парк. З боку плошчы Перамогі таксама не ўпісаўся ў гарадскі ансамбль. Уявіце сабе, што цяпер, калі з архітэктарамі ніхто не раіцца, захочуць прадаць гэтае месца чарговаму забудоўніку. Мы можам атрымаць чарговы ляп на месцы музею, хай сабе гэта і звычайная хата. Для мяне, як для мянчанкі, а не толькі архітэктаркі, лепш ужо гэтая хата, чым пампезны нікому не патрэбны чарговы гатэль.

ЯКІЯ ВАШЫЯ ДУМКІ НА ГЭТЫ КОНТ?

Напішыце, гэта цікава, Можа, неўзабаве прыйдзе час, калі мы самі будзем вызначаць, якія менавіта каштоўнасці для нас ёсць гістарычнымі і што трэба захаваць або аднавіць.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў