Міжнародны валютны фонд пагаршае свае прагнозы для сусветнай эканомікі на 2022–2023 гады


МВФ зноў будзе пераглядаць свае прагнозы адносна росту сусветнай эканомікі на 2022–2023 гады – у бок зніжэння. У найбольш цяжкім становішчы будуць краіны, якія развіваюцца і рынкі якіх толькі фармуюцца. Ужо цяпер, паводле МВФ, праблема высокай запазычанасці краінаў дасягнула самага сур’ёзнага ўзроўню за шмат гадоў.

Прадукты харчавання ў Беларусі.
Фота: Белсат

60 % краінаў з нізкім даходам у крытычнай пазыковай сітуацыі

16 ліпеня 2022 года на Балі праходзіла нарада міністраў фінансаў і старшыняў цэнтральных банкаў краінаў «Вялікай дваццаткі». З заявай адносна перспектываў сусветнай эканомікі на ёй выступіла дырэктарка-распарадчыца Міжнароднага валютнага фонду Крысталіна Геаргіева. Паводле яе, цяпер у сусветнай эканоміцы вельмі высокі ўзровень няпэўнасці. Рэалізаваліся тыя рызыкі пагаршэння сітуацыі, пра якія раней папярэджваў МВФ.

Вайсковыя дзеянні ва Украіне ствараюць дадатковы ціск на сыравінныя і харчовыя тавары. Таксама ўсё яшчэ адчувальныя збоі, выкліканыя пандэміяй COVID-19, што негатыўна ўплывае на эканамічную актыўнасць у свеце. У выніку МВФ будзе вымушаны перагледзець свой папярэдні прагноз сусветнага эканамічнага росту на 2022–2023 гады ў бок зніжэння.

Паводле Крысталіны Геаргіевай, будзе захоўвацца рызыка яшчэ большага пагаршэння сітуацыі. З найбольшымі цяжкасцямі сутыкнуцца краіны з высокім узроўнем запазычанасці і абмежаванай прасторай для прыняцця захадаў эканамічнай палітыкі. У якасці трывожнага прыкладу дырэктарка-распарадчыца МВФ назвала Шры-Ланку.

Краіны, якія развіваюцца і рынкі якіх яшчэ фармуюцца, рызыкуюць страціць свае здабыткі апошніх 30 гадоў у змяншэнні разрыву з развітымі краінамі і яшчэ больш адстаць ад іх. На сённяшні дзень больш за 30 % краінаў, якія развіваюцца, маюць крытычную пазыковую сітуацыю ці блізкія да яе, а сярод краінаў з нізкім прыбыткам гэтая доля складае 60 %. На фоне ўзмацнення жорсткасці фінансавых умоваў і зніжэння абменных курсаў цяжар абслугоўвання пазыкі для такіх краінаў становіцца вельмі высокім ці ўвогуле непад’ёмным. Паводле Крысталіны Геаргіевай, бедства высокай запазычанасці ў свеце дасягнула самага высокага ўзроўню за шмат гадоў.

Hавiны
Інфляцыя ў Беларусі – амаль 18%. Найбольш падаражэлі нехарчовыя тавары
2022.07.11 22:00

Тры прыярытэтныя задачы краінаў «Вялікай дваццаткі»

Людзі купляюць гародніну ў краме ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Каб справіцца з гэтымі выклікамі, Крысталіна Геаргіева прапанавала тры прыярытэтныя задачы:

  1. Краіны павінны рабіць усё магчымае, каб знізіць узровень інфляцыі. Цэнтральныя банкі з гэтай мэтай актывізуюць свае высілкі, іх грашова-крэдытная палітыка становіцца больш сінхранізаванай. Так, больш за 75 % банкаў падвысілі адсоткавыя стаўкі, павялічыўшы іх у 3,8 разу.
  2. Падаткава-бюджэтная палітыка павінна дапамагаць высілкам цэнтральных банкаў ва ўтаймаванні інфляцыі. Гэтую задачу Крысталіна Геаргіева называе складанай, бо падаткава-бюджэтная палітыка павінна ўлічваць захады для падтрымання ўразлівых хатніх гаспадарак, якім асабліва цяжка ад высокіх коштаў на энерганосьбіты і прадукты харчавання.
  3. Патрэбны імпульс для сусветнага супрацоўніцтва з мэтай супрацьдзеяння крызісам, з якімі цяпер сутыкаецца свет. У прыватнасці, кіраўніца МВФ заклікала лідараў краінаў «Вялікай дваццаткі» надаць асаблівую ўвагу пытанням харчовай бяспекі і высокага ўзроўню запазычанасці.

«Адсутнасць харчовай бяспекі вядзе да голаду для мільёнаў людзей. Але гэтую праблему можна развязаць, – зазначыла Крысталіна Геаргіева. – МВФ, разам з кіраўнікамі Харчовай сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, Сусветнага банку, Сусветнай харчовай праграмы і Сусветнай гандлёвай арганізацыі, заклікае міжнародную супольнасць нарошчваць высілкі і дзеяць разам для падтрымання тых, каму гэта неадкладна трэба, зняць абмежаванні на экспарт, спрыяць вытворчасці харчовых прадуктаў і інвеставаць у развіццё сельскай гаспадаркі, устойлівай да змяненняў клімату».

Каментар
Урад намагаецца спыніць рост коштаў. Эксперты кажуць, што праграмы рэгулявання сітуацыі не ўратуюць
2022.07.06 08:00

Самы востры з усіх крызісаў – змяненне клімату

Напрыканцы Крысталіна Геаргіева зазначыла, што нельга забывацца на самы востры з усіх крызісаў – змяненне клімату. Прынцыпова важным тут, паводле прадстаўніцы МВФ, ёсць нарошчванне фінансавых рэсурсаў і палітычныя захады для дэкарбанізацыі (зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу. – Belsat.eu) эканомік краінаў.

Сёлета ў красавіку МВФ папярэджваў, што рост сусветнай эканомікі адчувальна запаволіцца ў выніку вайны ва Украіне. Так, тэмпы росту эканомікі павінны былі знізіцца з 6,1 % у 2021 годзе да 3,6 % у 2022 і 2023 гадах. Гэта на 0,8 і 0,2 пункта ніжэй за прагнозныя паказнікі на 2022 і 2023 гады ў студзеньскім бюлетэні МВФ «Перспектывы развіцця сусветнай эканомікі». Пасля 2023 года прагназавалася зніжэнне росту сусветнай эканомікі прыкладна да 3,3 % у сярэднетэрміновай перспектыве. Цяпер гэтыя лічбы будуць зноў пераглядаць у бок чарговага зніжэння.

Аналітыка
Даходы памяншаюцца, выдаткі – павялічваюцца. Дэфіцыт бюджэту Беларусі працягне расці
2022.07.05 15:08

Адначасова падвышаюцца паказнікі росту інфляцыі. Так, праз вайну ва Украіне інфляцыя на 2022 год у развітых краінах прагназавалася на ўзроўні 5,7 %, а ў тых, якія развіваюцца, – на 1,8–2,8 % вышэйшай у параўнанні са студзеньскім прагнозам МВФ.

Беларусі ў красавіцкім прагнозе МВФ прадказваў скарачэнне росту эканомікі ў 2022 годзе на 6,4 %. У той жа час у 2023 годзе беларускі ВУП павінен быў вырасці на 0,4 %.

Інфляцыя ў Беларусі ў 2022 годзе, паводле МВФ, павінна была скласці 12,6 %, а ў 2023 годзе – 14,1 %. Аднак паводле звестак Белстату, ужо цяпер з пачатку года інфляцыя дасягнула 13,1 %, а гадавая (чэрвень 2021 года да чэрвеня 2022 года) – 17,6 %.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў