За відэа ў TikTok са сцягам ля Вечнага агню – абвінавачанне ў здзеку з помніку абаронцам айчыны


На мянчанку Марыю завялі дзве крымінальныя справы за відэаролік з бел-чырвона-белым сцягам на плячах ля Вечнага агню на плошчы Перамогі. Ролік дзяўчына размясціла на сваёй старонцы ў TikTok. Цяпер Марыі пагражае да трох гадоў турмы паводле кожнай з дзвюх справаў, піша TUT.by.

Марыя са сцягам ля Вечнага агню.
Фота: скрыншот з відэа МУС

Марыя распавяла, што ролік запісала яшчэ летась – ён мусіў стаць часткаю кліпу на песню «Нас не дагоняць» гурта «Тату». Выпусціць кліп дзяўчына хацела да 1 жніўня мінулага года. Але з розных прычынаў рэалізацыя праекту адкладалася. Тады 25 сакавіка Марыя апублікавала два фрагменты відэа ў TikTok.

Праз пяць дзён пасля публікацыі да мянчанкі прыйшлі міліцыянты і адвезлі яе на Акрэсціна.

З Марыяй запісалі «пакаяльнае відэа», на якім дзяўчына казала, што нікому не раіць паўтараць такое. У размове з TUT.by дзяўчына патлумачыла, што пагадзілася на запіс таго відэа, бо баялася крымінальнай справы.

Тады Марыю адпусцілі. Але крымінальную справу ўсё ж завялі – адразу паводле двух артыкулаў: за здзек з помніку абаронцам айчыны (ч. 2 арт. 346) і за хуліганства (ч. 1 арт. 339).

У пастанове Следчага камітэту аб прыцягненні Марыі ў якасці абвінавачанай гаворыцца, што дзяўчына, «накінуўшы на плечы сцяг бел-чырвона-белых колераў, цынічна пазавала і ўсаджвалася ягадзіцамі на мармуровую пліту, усталяваную на рытуальнай пляцоўцы з Вечным агнём і абеліскам на плошчы Перамогі».

Паводле кожнага з артыкулаў Марыі пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справа перададзеная пракурору.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў