Прадстаўнік «ByPol» пра тэрытарыяльную абарону: Відавочна, што Лукашэнка збіраецца ваяваць толькі з уласным народам


Войскі тэрытарыяльнай абароны павінны быць гатовыя хутка мабілізавацца і могуць быць выкарыстаныя супраць беларускіх грамадзян, заявіў у Шклоўскім райвыканкаме Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка выступаў 16 чэрвеня ў Шклове на сустрэчы па пытаннях тэрытарыяльнай абароны з удзелам міністра абароны, сакратара Рады Бяспекі і прадстаўнікоў рэгіянальных уладаў.

«За мінулы год мы на сабе адчулі, як дэструктыўнае інфармацыйнае ўздзеянне, эканамічны, палітычны націск, якія ішлі з Захаду, уплывалі на светапогляд нашых людзей і штурхалі некаторых з іх фактычна на здрадніцтва ўласнаму народу. Заўсёды неабходна даваць адпор такім дзеячам, каб у памяці ворага ён застаўся на многія гады. І на гэта здольная толькі ўсенародная абарона, калі мы ўсе будзем абараняць сваю зямлю», – сказаў ён.

Вайсковыя зборы. Фото: mil.by

Што такое тэрытарыяльныя войскі зараз і што стаіць за размовамі Лукашэнкі пра «усенародную абарону»? Каментары «Белсату» даў прадстаўнік «ByPol», былы начальнік аддзелу 3-га упраўлення ГУБАЗiК падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Азараў.

Hавiны
Аналітык – пра планы Лукашэнкі навучыць усіх страляць і няспынныя размовы пра вайну
2021.06.15 16:20

– Што зараз уяўляюць з сябе тэрытарыяльныя войскі Беларусі? Якія іх афіцыйныя задачы?

– Тэрытарыяльныя войскі – гэта падраздзяленні, якія фармуюцца ў ваенны час ці падчас ваеннай пагрозы і абвяшчэння мабілізацыі з ваеннаабавязаных запасу. Асноўныя задачы – ахова і абарона аб’ектаў, барацьба з дыверсійна-разведвальнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі, падтрыманне рэжыму ваеннага стану.

– Наколькі гэта баяздольная структура?

– Пры поўным укамплектаванні гэта дастаткова сурʼёзная структура, якая павялічвае абароназдольнасць дзяржавы. Падобныя войскі ствараюць многія вядучыя краіны свету. Ваеннаабавязаныя прызываюцца пераважна з таго ж рэгіёну, дзе будуць праходзіць службу, яны лепш ведаюць адзін аднаго і добра арыентуюцца на мясцовасці. Аднак рэальная карціна зусім не прывабная для рэжыму.

– Лукашэнка заявіў пра выкарыстанне «усенароднай абароны» супраць сваіх унутраных ворагаў. Ці мае існуючая тэрытарыяльная абарона нешта агульнае з «усенароднасцю»?

– Да падзеяў восені 2020 года на зборы сярэдні раён мог паклікаць 20-50 чалавек, выкарыстоўваючы пры гэтым абсалютна ўсе свае рэсурсы (і ўгаворвалі, і прасілі, і пагражалі). Зараз нават гэтых паказнікаў рэжыму не атрымаецца дасягнуць. Колькасць тых, хто запісаўся ў мабілізацыйны план «Перамога» ўжо зараз значна перавышае лічбы, якія дэманструюць раённыя ваенныя камісарыяты, пры гэтым людзі ўсё дадаюцца і робяць гэта добраахвотна.

Размова
Кіраўнік «Belarus Security Blog»: Лукашэнка выгадаваў каманду тупых выканаўцаў
2021.04.26 22:20

Таму казаць пра ўсенародную тэрытарыяльную абарону на баку Лукашэнкі не выходзіць. Пры гэтым звяртаю ўвагу, што наш план прадугледжвае, у тым ліку, падтрымку суверэнітэту і незалежнасці, а таксама абарону ад знешняй агрэсіі ў цяжкі для Беларусі час. Адначасова відавочна, што Лукашэнка збіраецца ваяваць толькі з уласным народам.

– «Нам самім на месцах – старшыням райвыканкамаў і аблвыканкамаў – трэба навучыцца ваяваць», – сказаў Лукашэнка. Для чаго цывільных чыноўнікаў прызначаюць кіраваць ваеннай структурай?

– Чыноўнікі – гэта вертыкаль, на якую ён абапіраецца. Каб дыверсіфікаваць сваю асабістую бяспеку, ён пераразмяркоўвае ўладныя паўнамоцтвы паміж дзяржаўнымі структурамі. Адным словам, Лукашэнка не давярае войску.

ВІДЭА
Мікалая Карпянкова амаль звольнілі, а ГУБАЗіК ліквідавалі. Інтэрв’ю з былым падпалкоўнікам міліцыі Аляксандрам Азаравым
2021.05.14 16:22

– Ці мае сэнс тэрытарыяльная абарона Беларусі ў сучасным выглядзе для абароны незалежнасці?

– Сэнсу ў тэрытарыяльнай абароне пры Лукашэнку няма ніякага. Больш за тое, калі ён пакліча такую колькасць цывільных і ўзброіць іх, гэта згуляе супраць яго. Улада ведае свой рэальны рэйтынг і не пойдзе на такое. Размовы пра мабілізацыю – толькі спроба паказаць сваю рашучасць да дзеянняў. Сапраўдная мабілізацыя каштуе вельмі дорага, такіх грошаў у бюджэце краіны няма.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў