ВУП Беларусі працягвае скарачацца


Валавы ўнутраны прадукт Беларусі скараціўся ў студзені-красавіку на 0,6 %. Паводле Белстату, аб’ём ВУП у бягучых коштах склаў 63,5 млрд рублёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі металургічны завод.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

Згодна з першай ацэнкай валавога ўнутранага прадукту за студзень-красавік сёлета абʼём ВУП у бягучых коштах склаў 63,5 млрд рублёў. У супастаўных коштах гэта на 0,6 % менш у параўнанні з студзенем-красавіком мінулага году. Такім чынам ВУП краіны працягвае скарачацца. Але падзенне запаволілася, паколькі па выніках першага кварталу сёлета скарачэнне ВУП дасягнула 2,1 %.

Індэкс-дэфлятар ВУП у студзені-красавіку бягучага году ў параўнанні з аналагічным перыядам летась склаў 109,7 %.

У студзені – красавіку аб’ём прамысловай вытворчасці склаў 58,6 млрд рублёў, што на 2,3% вышэй ўзроўню студзеня –красавіка 2022 года.  Горназдабыўная прамысловасць павялічыла вытворчасць на 3%, апрацоўчая  – на 3,1%. У плюсе і сельская гаспадарка –рост на 3,7% да 6,3 млрд рублёў. Невялічкі рост паказаў гандаль: раздробны –плюс 0,1% да 22,7 млрд рублёў, гуртовы – плюс 0,5% да 47,4 млрд рублёў. Пасажыразварот склаў 6836,6 млн. пасажыра-кіламетраў, што на 14,3% больш, чым у адпаведным  перыядзе мінулага года.

Каментар
«Пазітыў ляжыць на складах». Прэм’ер Беларусі распавёў пра рэкордныя поспехі эканомікі, аднак змаўчаў пра праблемы
2023.05.17 20:09

Нацыянальны статыстычны камітэт таксама паведаміў, што ў першым квартале сёлета рэальны прыбытак беларусаў вырас на 0,3% год да года. Гэты паказнік улічвае інфляцыю, падаткі ды іншыя абавязковыя зборы. Прычым у студзені-лютым, як паведамлялася, рэальны прыбытак у параўнанні з леташнім студзенем-лютым скараціўся на 1,1%. На пасяджэнні Савету міністраў 17 траўня кіраўнік урада Раман Галоўчанка заявіў, што «сярэдні заробак у студзені-сакавіку склаў 1731 рубель, або 642 долара, што з’яўляецца рэкордным паказнікам для Беларусі».

Уніз айчынны ВУП цягнуць грузаперавозкі: грузаабарот у студзені – красавіку склаў 23 млрд. тона-кіламетраў і адваліўся на 30,3% у параўнанні з адпаведным перыядам 2022 года.

Чыноўнікі Беларусі запланавалі на бягучы год рост ВУП у памеры 3,8 %. Але міжнародныя эксперты лічаць, што рост магчымы толькі ў будучым годзе, пры ўмове адсутнасці шокавых сітуацыяў. Сёлета прагназуецца спад эканомікі Беларусі.

Hавiны
Сусветны банк палепшыў прагноз беларускага ВУП. Але прызнаў, што Менск хавае статыстыку
2023.04.07 10:03

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў