Якім мусіць быць «музей эпохі Лукашэнкі»?


Калі мінуць гады і Беларусь зменіцца, як запомняць цяперашні час? Да Міжнароднага дня музеяў «Белсат» задаўся пытаннем: якія ў «музеі эпохі Лукашэнкі» могуць быць экспанаты?

Hавiны
8 музеяў былых дыктатараў у «краінах сацлагеру»
2021.05.18 08:30

Музей безнадзейнай другаснасці ад Жбанкова

Што ў гэтым музеі: прастора, у якой увесь час на мностве экранаў гучаць адначасова расейская тэлевізія, «Славянскі базар», радыё «Свабода» і хіты AC/DC.

Максім Жбанкоў. Калаж: «Белсат»

Культурны аналітык, журналіст і аўтар праграмы «Шокінг Культ» Максім Жбанкоў кажа пра «эпоху Лукашэнкі» як пра ўжо мінулую. І заяўляе, што не бачыць яе ў тэрмінах музейнага захавання «за выключэннем бясконцага параду ўнітазаў».

«Мне падаецца, што гэтая эпоха вылучалася бліскучай адсутнасцю стылю, адсутнасцю ўцямнай і зразумелай культурніцкай палітыкі, культурніцкай перспектывы і культурніцкай традыцыі».

Гэтую сітуацыю ён называе «no style» — адсутнасць матрыцы не толькі эстэтычных ці мастацкіх, а і інтэлектуальных сэнсаў. «Эпоху Лукашэнкі» ён апісвае як бясконцую стагнацыю без зразумелых мінуўшчыны і будучыні: «на папялішчы традыцыяў», «у ценю чырвонай імперыі», «пры коме прагнастычнага мыслення».

«Калі ўзгадаць бессэнсоўныя і безнадзейныя пошукі «дзяржаўнай» нацыянальнай ідэі, можна рабіць выснову пра тое, што гэта была сітуацыя фактычна страчанай на доўгі час нацыянальнай ідэнтычнасці, – разважае ён. – Гэта было існаванне на рэшткавым рэсурсе таго, што было назапашана цягам савецкага часу. У гэтым сэнсе мы былі рэзервацыяй савецкасці, у якой усё, што мусіла прагучаць, выглядала безнадзейна другасным».

Хоць савецкае мінулае для Беларусі заставалася, савецкай будучыні Беларусі не абяцалі, адзначае Жбанкоў. У СССР прынамсі збіраліся ў «лепшае заўтра» і пабудаваць камунізм да 1980 года, а Беларусь пры Лукашэнку проста спынілася ў развіцці на 27 гадоў, заяўляе ён.

Пры тым, на думку Жбанкова, беларусы жылі ў гіперпелевінскай рэчаіснасці, калі адначасова мелі «ўнутраную Еўропу», альтэрнатыўную і квазідысідэнцкую культуру – і «ўнутраную Манголію», безнадзейна спарахнелы ды пануры савок. Як ва ўладным раскладзе, так і ў альтэрнатыўнай рэчаіснасці працавала інтуітыўная, спантанная, лапікавая самаідэнтыфікацыя ў фармаце «лёгкага партызанскага руху» (тэрмін мастака Ігара Цішына). Адбылася «шматпластовая дыскатэка вакол пустэчы на месцы таго, дзе ў нармальным грамадстве існуе падставовая матрыца нацыянальнай свядомасці», прыватныя імправізацыі на фоне паснулага глабальнага пейзажу.

Аднак Жбанкоў просіць не спрашчаць «музей эпохі Лукашэнкі» да шыльдачкі «гл. БССР». Кажа, ёсць розніца між бясконца дэклараванай уладамі «стабільнасцю» і фактычнай стагнацыяй – рухам без мэты ды зрухаў, «манатонным маршам на месцы». У гэтай рэальнасці штодзень, кажа ён, было 23 лютага і 9 траўня, а 10 траўня не было, ды й не магло быць ніколі.

Музей супрацьстаяння і іроніі ад «Freedom Belarus»

Што ў гэтым музеі: ружовы аўтазак на Акрэсціна.

Ганна Баландзіна і Марыя Міхальчук. Калаж: «Белсат»

Летась каманда беларускіх рэжысёраў, дызайнераў і распрацоўнікаў аб’ядналася ў ініцыятыву «Freedom Belarus», якая ўжо працуе над віртуальным музеем — праўда, прысвечаным не ўсім гадам кіравання Лукашэнкі, а сучаснаму беларускаму мастацтву.

Аўтарка ідэі Ганна Баландзіна і заснавальніца праекту Марыя Міхальчук расказваюць «Белсату»: хоць праз краўдфандынг сабралі невялікую суму, але кажуць, здабылі прафесійную каманду аднадумцаў з IT-сферы і атрымалі карысны досвед. У межах праекту яны ўжо выдалі шэраг відэазамалёвак і музычных кліпаў, фотапраект пра рамкі і абмежаванні. Для віртуальнага музею IT-каманда стварыла канцэпты залаў, функцыяналу і навігацыі.

Марыя кажа, што першую залу задумалі прысвяціць пратэстам, бо яшчэ ў верасні марылі: «было б цудоўна нешта кшталту рэштак Берлінскай сцяны паставіць у цэнтры гораду, дзе будуць усе плакаты, малюнкі, творчыя выказванні». Аднак цяпер такое немагчыма, таму ў віртуальным музеі яны хочуць даць бяспечную пляцоўку для творчых і крэатыўных людзей Беларусі з «экспанатамі, якія нельга будзе знішчыць, канфіскаваць ці забараніць». І рабіць яны збіраюцца культурны хаб не толькі для пратэстаў, але і для любой незалежнай творчасці.

«Дарэчы, мы хацелі б падзякаваць Лукашэнку толькі за тое, што насуперак таму, што адбываецца, творчасць неймаверна папёрла, людзі сталі не саромецца выказвацца», – жартуе Марыя.

На пытанне аб тым, як можна ў музеі апісаць цяперашняе жыццё будучым пакаленням, Ганна перапытвае: жыццё ў свеце ці ў Беларусі? Кажа, у нейкі момант ёй здалося, што гэта два розныя жыцці:

«Жыццё ў маёй краіне ў апошні час я б не змагла апісаць коратка. У першую чаргу гэта боль, страх, разуменне свайго абясцэньвання як грамадзяніна гэтай краіны, пастаянныя пошукі справядлівасці або разумення, непакора. І яшчэ раз: вельмі шмат болю.

Але ёсць і іншы бок: гэта разуменне, што робіш усё правільна, што цябе атачаюць такія прыгожыя, смелыя людзі, бо раней многія гэтага не заўважалі так відавочна. І што ўсё не дарма. Тады з’яўляюцца сілы на жыццё, на ўчынкі і на творчасць. Гэта вельмі важна. Я не ўпэўненая, што ў цэлым адчувала б настальгію па гэтым адрэзку часу».

Марыя мяркуе, што ў «музеі эпохі Лукашэнкі» дзяржаўная культура была б «невымоўнай карыкатурай». Яны з Ганнай пагаджаюцца ў тым, што пад «музей эпохі Лукашэнкі» найлепей падышоў бы будынак менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна.

Марыя дадае са смехам, што ў двары ізалятару на Акрэсціна можна было б паставіць ружовы аўтазак. Ды ўдакладняе: у такім музеі трэба расказваць і сур’ёзныя гісторыі тых, хто пабываў у ізалятары. Гэта трэба, каб наведнікі разумелі, што тое былі «не проста людзі, якія нарэшце сустрэліся асабіста і пасміхаліся, шпацыраваўшы разам, пазнаёміліся з суседзямі ў двары, сталі дапамагаць адзін адному, аб’ядналіся дзеля агульнай мэты і зразумелі, што не самотныя». А што шмат людзей пацярпелі і ахвяравалі сабой дзеля пераменаў да лепшага.

«Распавесці ўсё, чаму мы былі сведкамі, – тлумачыць Ганна. – Што бачылі, адчувалі. Што прайшлі многія нашы суайчыннікі, што перажылі сям’і. Я шчыра веру і бачу ўжо цяпер, што і мінулыя, і цяперашнія, і будучыя пакаленні дакладна ведаюць, у якой краіне яны не хацелі б жыць. Важна памятаць пра гэта».

Ды даваць «гістарычныя ўрокі» музей не мусіць, адзначае Марыя. Музей не навучае наведніка, а толькі расказвае гісторыю таго ці іншага перыяду. Яна лічыць, што няправільна «навязваць» наведніку, што нешта было правільна ці няправільна: па атрыманні інфармацыі ад экскурсаводаў або сведкаў падзеяў наведнік мусіць зрабіць свае высновы.

Музей «культуры Дажынак» і віртуальны архіў ад Харэўскага

Што ў гэтым музеі: саламяныя скульптуры вакол хаты маці Лукашэнкі, а ў віртуальным архіве — усе выступы Лукашэнкі і ўсе нумары «Савецкай Беларусіі» ў фармаце PDF, усе канцэрты «Славянскага базару» і ўсе фільмы «Беларусьфільму» з 1994 году.

Сяргей Харэўскі. Калаж: «Белсат»

Культуролаг, мастак і гісторык мастацтва, літаратар і выкладчык ЕГУ Сяргей Харэўскі прапаноўвае зрабіць перадусім віртуальны музей «эпохі Лукашэнкі»: маўляў, цяпер жа няцяжка. А ў запатрабаванасці рэальнага музею ён сумняецца.

Ён згадвае: Сальвадор Далі ў свой час казаў, што ад гісторыі камунізму застануцца толькі пыльныя архівы. З распаду СССР мінула ўсяго 30 гадоў – «мы гэта і бачым», кажа Харэўскі, бо цікавасць да савецкай спадчыны ёсць толькі ў пэўнага кантынгенту «маньякаў, для якіх «Лінія Сталіна» – гэта прыкольна».

Цікавасць да савецкага была першыя гадоў 10 у тых, хто гэта перажыў, і першыя гадоў 20 у тых, хто прыязджаў паглядзець на таталітарную экзотыку. Большую цікавасць цяпер будзе выклікаць, напрыклад, экспазіцыя пра вайну з Напалеонам, хоць Менск быў пад французамі ўсяго 9 месяцаў, або пра Заходнюю Беларусь, якая была ў складзе Польшчы 18 гадоў . А каму цяпер, пытае ён, быў бы цікавым музей савецкага калгасу?

«Ахвочых паглядзець на аранжарэю кактусаў знойдзецца куды больш».

У «эпохі Лукашэнкі» няма чаго паказаць, упэўнены ён. Няма піраміды каштоўнасцей, як была ў СССР – а савецкую «новую рэлігію» «гадамі стваралі не самыя дурныя людзі», і «там можна было знайсці адказы на любыя пытанні». Няма ні «Чучхэ», ні «Рухнамы».

Значныя матэрыяльныя рэчы, як то будынкі Нацыянальнай бібліятэкі, Чыгуначны вакзал і Палац Рэспублікі, – гэта праекты савецкага часу. Палац незалежнасці, збудаваны паводле ўжо не савецкага праекту, «нецікавы ва ўсіх сэнсах», мяркуе Харэўскі: «гэтым не ўразіш тых, хто бачыў Бухарэст».

Ля Палацу незалежнасці ў Менску, Беларусь. 23 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Вартымі экспазіцыі ён не лічыць беларускі гадзіннік, беларускі аўтамабіль ці беларускі касмічны спадарожнік, які не ўзляцеў. Прарываў кшталту «беларускага камп’ютара» ці «беларускага тэлефона» не было. Знакавым аб’ектам можа стаць хіба толькі атамная электрастанцыя («калі там не здарыцца нейкай бяды», удакладняе Харэўскі). Астатняе ж не змянілася з савецкага часу.

Ці магло пры Лукашэнку быць іначай? Харэўскі лічыць, так. Толькі не ставілася задачы стварыць нешта адэкватнае, а ставілася толькі задача стварыць тое, што спадабаецца Лукашэнку. Ды ні экспертнае, ні грамадскае меркаванне ўладзе не патрэбнае:

«Каб яны прыпусцілі сабе на хвіліну, што яны ў нечым могуць памыліцца, яны б даверыліся нейкай экспертнай супольнасці, грамадству, і яно б знайшло нейкія адэкватныя формы. Але паколькі гэтага дапусціць ніхто не можа…»

На малой радзіме Лукашэнкі, у вёсцы Александрыя Шклоўскага раёну, ужо ёсць «фэйкавая хатка» на месцы аўтэнтычнай хаты маці Лукашэнкі і гатовая інфраструктура, адзначае Харэўскі. Гэта, мяркуе ён, «унікальны і каштоўны прыклад таго, што такое аграгарадок і агратрэш», і там варта зладзіць музей «культуры Дажынак» пад адкрытым небам, звезці туды «саламяныя скульптуры чабурашак». Толькі гэта не тое, з чым варта асацыяваць Беларусь, дадае Харэўскі: гэта «адрыжкі савецкага трэшу, працяг трызні, навязанай зверху».

Карціна «Дошка гонару», Жанна Капуснікава

Акрамя таго, ужо існуе Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Менску на вуліцы Карла Маркса, які Харэўскі апісвае як «тры пакоі няўцямнага прызначэння з няўцямнай экспазіцыяй». Гэтага, кажа ён, хопіць для самых цікавых, унікальных і паказальных артэфактаў «эпохі Лукашэнкі», там жа можна рабіць экспазіцыі, напрыклад, пра зніклых у 1999–2000 гадах апанентаў Лукашэнкі. Для астатняга – Александрыя і БелАЭС.

АА belsat.eu

Стужка навінаў