У ААН патрабуюць выплаціць кампенсацыю маці пакараных смерцю беларусаў


Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН апублікаваў рашэнне па індывідуальным звароце ад імя Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, прыгавораных да смяротнага пакарання і пакараных у Беларусі ў 2018 годзе. У іх справе Камітэт убачыў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, адзначыў, што ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця, і запатрабаваў ад уладаў Беларусі выплаціць маці пакараных адпаведную кампенсацыю, паведамляе «Вясна».

Справа Беражнога і Гершанкова ў Вярхоўным судзе 20 снежня 2017 года.
Фота: ПЦ «Вясна».

21 ліпеня 2017 года Сямён Беражной і Ігар Гершанкоў былі прыгавораныя да пакарання смерцю Магілёўскім абласным судом пасля таго, як былі прызнаны вінаватымі па некалькіх пунктах абвінавачання ў забойстве, замаху на забойства, рабаванні і махлярстве, учыненым арганізаванай групай. Яны падалі апеляцыі ў Вярхоўны суд, а таксама хадайніцтвы аб правядзенні нагляднай праверкі ў Генеральную пракуратуру і хадайніцтва аб правядзенні нагляднай праверкі ў Вярхоўны суд, але ўсё гэта было адхілена. Іх прашэнні аб прэзідэнцкім памілаванні таксама былі адхіленыя.

У 2018 годзе Беражной і Гершанкаў былі пакараныя. У КПЧ ААН тады заявілі, што «пакаранне смерцю адбылося пры поўным ігнараванні просьбы аб прыняцці часовых мер абароны».

У КПЧ ад імя Гершанкова і Беражнога звярнуліся іх маці, прадстаўленыя каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэем Палудам. У сваёй скарзе яны ўказвалі, што Гершанкоў і Беражной былі прыгавораны да пакарання смерцю ў выніку несправядлівага судовага разбору.

Арганізацыя пагадзілася, што падчас разбору быў дапушчаны шэраг парушэнняў – у прыватнасці, парушанае права на жыццё і не выкананая прэзумпцыя невінаватасці.

Камітэт па правах чалавека ААН вырашыў, што Беларусь павінна выплаціць аўтарам звароту адэкватную грашовую кампенсацыю за гібель іх сыноў, а таксама, калі гэта магчыма, пакрыць панесеныя судовыя выдаткі.

«Дзяржава таксама абавязаная перадухіляць падобныя парушэнні ў будучыні і, з улікам сваіх абавязацельстваў па Факультатыўнаму пратаколу, добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам, у прыватнасці шляхам выканання яго просьбаў аб прыняцці часовых мер», – гаворыцца ў меркаванні КПЧ.

Акрамя таго, Камітэт жадае атрымаць ад Беларусі на працягу 180 дзён інфармацыю аб мерах, прынятых для ажыццяўлення меркавання Камітэту. Беларусі таксама прапануецца апублікаваць яго і забяспечыць іх шырокае распаўсюджванне.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў