Расея выводзіць вайскоўцаў з Нагорнага Карабаху


Расея пачала выводзіць сваіх міратворцаў з Нагорнага Карабаху, якія знаходзіліся ў гэтым рэгіёне з канца 2020 года ў адпаведнасці з трохбаковымі дамоўленасцямі РФ, Азербайджану і Арменіі. Па дадзеных агенцтва АПА, першыя падраздзяленні расейцаў ужо пакінулі рэгіён.

Сцяг непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі.
Фота: politik.am

Паведамленні армянскіх і азербайджанскіх СМІ ў сераду, 17 красавіка, пацвердзіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

«Так, гэта сапраўды так», – заявіў ён журналістам, адказваючы на адпаведнае пытанне. Падрабязнасцяў Пяскоў не прывёў.

Аб пачатку вываду з Нагорнага Карабаху расейскага кантынгенту познім вечарам 16 красавіка паведаміла азербайджанскае агенцтва АПА. Паводле яго даных, тэрыторыю храма Худаванг у Кяльбаджарскім раёне пакінуў першы састаў і ваенная тэхніка расяян.

У сваю чаргу армянскае выданне News.am паведаміла аб вывадзе расейскіх войскаў з Нагорнага Карабаху са спасылкай на ананімную дыпламатычную крыніцу. Па ягоных дадзеных, расейскія міратворцы будуць выведзеныя паступова.

Расейскі міратворчы кантынгент знаходзіцца ў Нагорным Карабаху ў адпаведнасці з трохбаковымі пагадненнямі, якія заключылі Азербайджан, Арменія і Расея ў выніку чарговага абвастрэння канфлікту восенню 2020 года. Паводле пагаднення, армянскія сілы абавязаліся перадаць пад кантроль Азербайджану раёны, якія імі ўтрымліваліся, а расейскія міратворцы бралі пад сваю абарону армянскае насельніцтва непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, а пад свой кантроль – Лачынскі калідор, які злучае Карабах з тэрыторыяй Арменіі.

Міратворцы павінны былі правесці ў Карабаху пяць гадоў. Колькасць кантынгенту складае каля дзвюх тысяч чалавек. За тры з паловай гады ў Нагорным Карабаху загінулі сем міратворцаў.

Большая частка тэрыторыі Нагорнага Карабаху, які ў адпаведнасці з міжнародным правам уваходзіць у склад Азербайджану, на працягу дзесяцігоддзяў кантралявалася самаабвешчанай праармянскай Рэспублікай Арцах. 19 верасня 2023 года Азербайджан поўнасцю ўзяў рэгіён пад кантроль.

Азербайджан у верасні 2023 года пачаў абстрэлы тэрыторыі Нагорнага Карабаху, падкантрольныя непрызнанай «Нагорна-Карабахскай рэспублікай» (НКР), з мэтай «аднаўлення канстытуцыйнага ладу». Расея ніяк не ўдзельнічала ва ўрэгуляванні канфлікту, заявіўшы, што гэтая ўнутраная справа Азербайджану, бо баявыя дзеянні праходзяць на тэрыторыі гэтай краіны.

У выніку ваеннай аперацыі Баку самаабвешчаная НКР спыніла існаванне, а спрэчны рэгіён пакінулі 120000 армянаў. У мінулыя месяцы Арменія і Азербайджан пачалі перамовы па ўрэгуляванні канфлікту.

І да, і пасля гэтага прэм’ер-міністр Арменіі неаднаразова заяўляў аб тым, што залежнасць Арменіі ад Расеі ў сферы бяспекі была памылкай. Цяпер ён пачаў ігнараваць мерапрыемствы, якія праводзяцца на постсавецкай прасторы, і пачаў часцей выязджаць на Захад.

Аб’ектыў
Нагорны Карабах канчаткова знік
2024.01.02 19:48

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў