На волі яшчэ тры вязні «справы TUT.ВY»


З СІЗА выйшлі на волю яшчэ трое палітвязняў, якіх арыштавалі па «справе TUT.ВY». Тыдзень таму вызвалілі таксама трох працаўнікоў рэдакцыі. Але абвінавачванне з людзей не знялі.

З СІЗА вызвалілі галоўнага рэдактара палітыка-эканамічнага блоку навін Вольгу Лойка, намесніка генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандра Дайнеку і менеджара Publisher Box Андрэя Аўдзеева.

Каманда партала TUT.by.
Фота: TUT.by

Вечарам 11 сакавіка партал Zerkalo.io паведаміў аб вызваленні трох супрацоўніц «Тут Бай Медыя»: з СІЗА выйшлі галоўная бухгалтарка Анжэла Асад, ейная намесніца Марыя Новік і намесніца генеральнага дырэктара ў агульных пытаннях Ірына Рыбалка. Ім змянілі меру стрымання, але на якую, невядома.

18 траўня 2021 года ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «Тут Бай Медыя» распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Восенню распачалі яшчэ адну крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне варожасці»). Дамен парталу заблакавалі, а матэрыялы выдання прызналі «экстрэмісцкімі».

У межах «справы TUT.by» былі затрыманыя 15 чалавек, некаторых пазней вызвалілі. За кратамі ў «справе TUT.by» застаюцца 6 асобаў.

У ліку зняволеных цяпер галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава, генеральная дырэктарка «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна, журналістка Алена Талкачова і іншыя.

Пасля знішчэння TUT.by частка каманды заснавала новае медыя з тым жа дызайнам старонкі: Zerkalo.io.

Артыкулы
Трох супрацоўніц TUT.by вызвалілі з СІЗА пасля 10 месяцаў за кратамі, абвінавачвання не знялі
2022.03.11 19:28

belsat.eu

Стужка навінаў