Ажыятаж, паўпустыя паліцы, рост цэнаў. Што адбываецца ў харчовых крамах Беларусі


Вайна, санкцыі і дэвальвацыя рубля выклікалі рост цэнаў і павышаны пакупніцкі ажыятаж у Беларусі. Не ўсе вытворцы спраўляюцца з попытам: некаторых харчоў у крамах не стае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Карэспандэнт belsat.eu прайшоўся 15–16 сакавіка па менскіх крамах буйных гандлёвых сетак: «Еўраопт», «Суседзі», «Алмі», «Хіт», «Марцін». Паўсюль можна было назіраць адну і тую ж карціну: падвышаны пакупніцкі ажыятаж вакол некаторых тавараў (перш за ўсё – мука, соль, алей, макарона, цукар) і паўпустыя паліцы з імі.

Адзін з суразмоўцаў belsat.eu прызнаўся, што праз апошнія падзеі (вайна, дэвальвацыя, пагроза буйнога эканамічнага крызісу) стараецца купляць пра запас тыя харчы, якія могуць доўга захоўвацца.

«Набываем пабольш макароны, крупы, цукру, солі, алею, кавы. Такое жыццё пайшло, ніхто не ведае, што заўтра будзе», – адзначае ён.

Натуральна, пакупніцкі ажыятаж ахапіў не ўсіх. Яшчэ адзін наш суразмоўца кажа, што не думае пра стварэнне харчовых запасаў і не бачыць у гэтым сэнсу. Наўрад ці ад гэтага можна шмат выйграць, лічыць ён. Але падвышаны попыт заўважае і ён:

«Цяжка не ўбачыць, што некаторыя паліцы амаль пустыя – прычым гэта можна заўважыць у самых розных крамах, як зранку, так і ўвечары. Я не скажу, каб я сутыкаўся з тым, што чагосьці, нейкіх тавараў зусім няма. Аднак мы ўсё ж прывыклі, што паліцы ў крамах заўсёды запоўненыя, таму такія карцінкі ствараюць дзіўнае ўражанне».

Цікава, што працаўнікі крамаў стараюцца расстаўляць тавары так, каб нястача не кідалася ў вочы. Напрыклад, пачкі з мукой, соллю або цукрам высунутыя на пярэдні краі паліцы. Калі праходзіць міма, то нічога незвычайнага і не заўважыш. Але калі прыгледзецца, то ўбачыш: за пярэднім шэрагам – нічога няма, там пустая паліца.

Паліца ў сталічнай краме.
Фота: Белсат

Калі ж нават пярэдні край цалкам закрыць не атрымоўваецца, то працаўнікі крамаў выстаўляюць тавар праз роўныя інтэрвалы. Хаця за такой сіметрыяй схаваць нястачы не атрымліваецца.

Попыт, з якім не спраўляюцца

З паліцаў беларускіх крамаў апошнімі днямі стала знікаць мука беларускай вытворчасці. Беларускую муку спрабуюць замяніць расейскай. У некаторых крамах пшанічнай мукі амаль зусім няма – замест яе прапаноўваюць жытнюю, рысавую і грэчкавую.

Прадстаўнік найбуйнейшага вытворцы мукі ААА «Лідахлебпрадукт» прызнаў у інтэрв’ю Sputnik.by, што попыт апошнім часам істотна вырас: заяўкі, якія паступаюць ад гандлёвых абʼектаў, павялічыліся ў 3–4 разы. На прадпрыемстве сцвярджаюць, што ёсць дастатковыя абʼёмы сыравіны для вытворчасці мукі, але яе проста не паспяваюць вырабляць. Прадукцыя хутка разыходзіцца.

Актыўна людзі купляюць таксама алей і макарону – пераважна танных гатункаў. Але такога перакосу ў асартыменце, які назіраецца з мукой, тут усё ж няма.

Фота: Белсат

Таксама падвышаны попыт на соль. У некаторых крамах, напрыклад, мы змаглі знайсці толькі адзін від солі – ёдаваную. Прычым і такой засталося няшмат.

Пакупніцкі ажыятаж назіраецца вакол цукру, але выглядае на тое, што сітуацыя з пастаўкамі ўсё ж выпраўляецца У большасці крамаў, што мы наведалі, вялікія блокі з цукрам стаялі побач з паліцамі, проста на падлозе.

Тое, што ў першыя месяцы 2022 года назіраецца значны рост попыту на цукар, улады прызналі яшчэ ў лютым: тады ўрад на шэсць месяцаў увёў ліцэнзаванне вывазу цукру з краіны.

 

Фота: Белсат

Як паведаміў на мінулым тыдні старшыня канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Алег Жыдкоў, у студзені – лютым 2022 года для рэалізацыі насельніцтву паставілі 25,1 тыс. тонаў цукру, што склала 145 % да аналагічнага перыяду мінулага года. Сярэднядзённая адгрузка цукру ў сакавіку вырасла ў 1,7 разу ў параўнанні з лютым. Павышаны попыт захаваўся і ў пачатку сакавіку. У звязку з гэтым улады прынялі рашэнне прыпыніць экспарт цукру за межы Беларусі і ўсе рэсурсы накіраваць на ўнутраны рынак.

У пачатку сакавіка было афіцыйна абвешчана і пра павышэнне цэнаў на цукар: Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) паабяцала, што рост складзе не болей за 6 %.

Абмежаванні на вываз і рост цэнаў

З пачатку 2022 года некаторыя харчы значна выраслі ў цане. Напрыклад, толькі ў студзені падаражэлі:

  • капуста белакачанная – на 20,3 %
  • памідоры свежыя – на 16,4 %
  • вінаград – на 16 %
  • часнык – на 15,2 %
  • бананы – на 14,9 %
  • хлеб, перац салодкі – на 12,3 %
  • морква – на 11,9 %
  • буракі – на 11,9 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У лютым цэны выраслі так:

  • гуркі – на 12 %
  • памідоры – на 11 %
  • бананы – на 10 %
  • вінаград і грушы – на 9 %.

Рост працягнуўся і ў пачатку сакавіка. Напрыклад, калі ў лютым салодкі перац каштаваў каля 12 рублёў, то цяпер амаль немагчыма яго знайсці па цане, ніжэйшай за 16 рублёў.

4 лютага Савет Міністраў абмежаваў вываз з Беларусі цыбулі, капусты і яблыкаў. У адпаведнасці з урадавай пастановай, вываз гэтых тавараў незалежна ад краіны паходжання за межы Беларусі будзе ажыццяўляцца паводле разавых ліцэнзіяў, якія выдаюцца МАРГ па ўзгадненні з аблвыканкамамі або Менскім гарвыканкамам.

РР belsat.eu

Стужка навінаў