На Дзень Волі ў Кіеве адкрыецца вялікая выстава беларускіх мастакоў


25 сакавіка ў Нацыянальным культурна-мастацкім комплексе «Мистецький арсенал» у Кіеве пачне працу выстава сучаснага беларускага мастацтва «Кожны дзень».

«Кожны дзень» – гэта лозунг, які скандуюць пратэстоўцы ў Беларусі з пачатку жніўня 2020 года, падкрэсліваючы працягласць і рытм супраціву, падтрымліваючы ўпэўненасць, што пратэст працягнецца заўтра, што ён не скончыцца», – тлумачаць арганізатары выставы.

Маштабны праект разгорнецца на 4000 м² «Мистецького арсеналу». Куратары выставы – Аляксей Барысёнак, Андрэй Дурэйка, Марына Напрушкіна, Антаніна Сцебур, Максім Тымінько, Сяргей Шабохін.

Свае працы прэзентуе амаль паўсотня беларускіх мастакоў і мастачак, праз творчасць яны раскажуць наведнікам пра гісторыю пратэсту і феномен салідарнасці ў Беларусі.

На выставе будуць прадстаўленыя плакаты з рэсурсу Cultprotest.me, працы Руфіны Базлавай, якая трансфармуе традыцыйную беларускую вышыўку ў палітычнае выказванне, «Турэмны альбом» філосафа, выкладчыцы, чальца Каардынацыйнай рады Вольгі Шпарагі, якая адбыла 15 дзён турэмнага арышту, падчас якога рабіла замалёўкі турэмных будняў, што і стала для яе спосабам выказаць перажыты досвед.

«Мастацтва мае дыягнастычны эфект: глядач, які заўсёды ёсць адначасова і суаўтарам, пагружаецца ў рэальнасць, з якой маюць справу мастак і куратар. Усё гэта спрыяе нашаму разуменню, адчуванню гісторыі на кончыках пальцаў. Выстава беларускага сучаснага мастацтва цяпер, у гэты гістарычны момант, – гэта не толькі эстэтычны досвед, хоць ён, безумоўна, перш за ўсё. Гэта таксама інтэлектуальнае пагружэнне ў прычыны палітычнай рэчаіснасці Беларусі і важны жэст падтрымання беларускай культурнай сцэны», – кажа дырэктарка «Мистецького арсеналу» Алеся Астроўская-Люта.

Выстава «Кожны дзень» рэалізуецца пры падтрыманні Міжнароднага фонду «Адраджэнне».

«Што мы ведаем пра Беларусь? Парадаксальна, бо мы суседзі, – вельмі няшмат. На працягу апошняга года нашыя веды істотна пашырыліся. Мы даведаліся, што ў гэтай краіне ёсць грамадзяне, ёсць грамадзянская супольнасць, ёсць крытычная маса смелых людзей, гатовых рызыкаваць дзеля свабоды і годнасці, – гаворыць Аляксандр Сушко, выканаўчы дырэктар МФ «Адраджэнне». – І гэтая выстава – наш пасільны ўнёсак у разуменне духу свабодалюбнага беларускага народу, які, мы верым, пройдзе ўсе выпрабаванні ды атрымае свабоду, якую заслугоўвае».

AB, belsat.eu

Стужка навінаў