Суд у ЗША аштрафаваў Дональда Трампа на 355 мільёнаў долараў за фінансавае махлярства


Суд у Нью-Ёрку прызнаў былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа вінаватым у справе аб махлярстве і абавязаў яго выплаціць 354,9 мільёнаў долараў штрафу.

Доналд Трамп.
Фота: Gage Skidmore / Wikimedia

Згодна з пастановай суду, па 4 мільёны долараў павінны таксама выплаціць сыны палітыка Дональд Трамп-малодшы і Эрык Трамп. Акрамя таго, былому прэзідэнту на тры гады забаранілі працаваць у любых нью-ёркскіх кампаніях ці ўзначальваць іх.

Пазоў супраць Трампа падала пракуратура, якая сцвярджала, што палітык фальсіфікаваў фінансавую справаздачнасць, каб атрымаць ад банкаў больш выгадныя крэдыты. У прыватнасці, паводле пазову, экс-прэзідэнт завышаў уласнае багацце на 3,6 мільярдаў долараў у год на працягу дзесяці гадоў.

Hавiны
Доналд Трамп перамог на ўнутрыпартыйным галасаванні
2024.01.16 10:23

Суд таксама пастанавіў, што Трампу і ягоным кампаніям забаронена падаваць заяўкі на атрыманне крэдытаў у любой фінансавай установе, упаўнаважанай ці зарэгістраванай Дэпартаментам фінансавых паслугаў штату Нью-Ёрк. У той жа час суддзя не стаў адмяняць бізнес-ліцэнзію Трампа, што, паводле некаторых экспертаў, магло фактычна пакласці канец ягонай бізнес-імперыі.

Дональд Трамп не пагадзіўся з абвінавачваннем і заявіў, што гэты суд – «бясспрэчнае ўмяшальніцтва ў выбары».

Пракурор Леціша Джэймс, якая і высунула абвінавачванні ў адрас Трампа, назвала рашэнне суду «выбітнай перамогай для штату і ўсёй краіны».

Дональд Трамп быў 45 прэзідэнтам ЗША, займаў гэтую пасаду з 2017 па 2021 гады. Сёлета зноў мае намер вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах, якія пройдуць 5 лістапада.

Hавiны
Доналд Трамп прыгразіў, што дазволіць Расеі рабіць з краінамі NATO «ўсё, чаго яна захоча»
2024.02.11 10:28

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў