Улады занепакоіліся тым, што настаўнікі выконваюць заданні пранкераў


Афіцыйныя ўлады Беларусі занепакоіліся пасля таго, як невядомыя пранкеры арганізавалі ў беларускіх школах некалькі ўдалых флэш-мобаў з удзелам настаўнікаў.

Настаўнікі ўдзельнічаюць у флэш-мобе пранкераў.
Фота: МотолькоПомоги / Telegram

Улады абвяргаюць

Гэтак, начальніца аддзелу культуры Смаргонскага райвыканкаму Таццяна Ражава рассылае падначаленым зварот, у якім спрабуе перадухіліць арганізацыю масавых мерапрыемстваў у падтрыманне рэферэндуму, паведамляе Reform.by.

Чыноўніца папярэджвае аб рассылцы фальшывых лістоў ад імя кіраўнікоў «Белай Русі» ў пяршоўкі Менскай вобласці, у якіх гаворыцца пра неабходнасць удзелу «ў масавых мерапрыемствах на цэнтральных плошчах населеных пунктаў». Паведамленні прыходзяць на электронную пошту ўстаноў і прадпрыемстваў, а таксама ў асабістыя месенджары.

«Ніякіх масавых мерапрыемстваў у выглядзе мітынгаў, шэсцяў, пікетаў у падтрымку Рэферэндуму мы не арганізоўваем», – запэўнівае падначаленых Таццяна Ражава.

Ліст з прапановамі ад пранкераў.
Фота: БелТА / Telegram

Таксама і тэлеграм-канал дзяржаўнага агенцтва БелТА паведамляе пра лісты, якія рассылаюць ад імя Фонду міру з просьбай сфатаграфавацца з «апазіцыйнымі лозунгамі» – за мір з Украінай і супраць вайны.

«Учора такія лісты прыходзілі ад імя «Белай Русі»», – піша БелТА.

Што рабілі пранкеры?

16 лютага тэлеграм-канал Антона Матолькі апублікаваў фотаздымкі таго, як супрацоўнікі беларускіх устаноў адукацыі ўдзел удзел у прапанаваным пранкерамі флэш-мобе, прысвечаным рэферэндуму.

Настаўнікі ўдзельнічаюць у флэш-мобе пранкераў.
Фота: МотолькоПомоги / Telegram

Яе аўтары разаслалі кіраўнікам установаў адукацыі лісты ад імя «Белай Русі» з прапановай паўдзельнічаць у флэш-мобе «Абаронім рэферэндум»: сфатаграфавацца з перакрэсленымі плакатамі і надпісам «Не і не незаконным заклікам». Раней ставіць два крыжыкі на рэферэндуме заклікалі апазіцыйныя сілы.

«Просім кіраўнікоў УА забяспечыць удзел не менш за трох супрацоўнікаў у рэспубліканскай акцыі-марафоне «Абаронім рэферэндум!». Для ўдзелу супрацоўнікам устаноў адукацыі зрабіць сумеснае фота з мэтай дэманстрацыі свайго стаўлення да заклікаў сарваць рэферэндум. Для гэтага неабходна раздрукаваць на друкарцы тры плакаты (з дадатку да ліста) і сфатаграфавацца (выкарыстоўваючы мабільны тэлефон або камеру) з імі ў працоўным становішчы паводле схемы (таксама ў дадатку). Па магчымасці забяспечыць прысутнасць на фатаграфіі дзяржаўнай сімволікі і/або сімволікі РГА «Белая Русь», – гаварылася ў паведамленні.

Настаўнікі ўдзельнічаюць у флэш-мобе пранкераў.
Фота: МотолькоПомоги / Telegram

Паводле аўтараў ліста, першыя адказы з фота яны атрымалі ўжо праз 20 хвілін пасля лістоў.

Напачатку лютага падобныя лісты прыйшлі ў адну са школаў Менску. Тады пранкеры, назваўшыся «каардынатарам дыялогавых пляцовак», напісалі ліст аб неабходнасці арганізаваць на базе школы «дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні змен у Канстытуцыю».

Настаўнікі ўдзельнічаюць у флэш-мобе пранкераў.
Фота: Reform.by

Дырэктарка школы выканала заданне, а фотасправаздачу адправіла на фэйкавую пошту. Таксама на фота былі старшыня прафсаюзнай пяршоўкі, старшыня пяршоўкі «Белай Русі», сакратар БРСМ.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў