Прысуд журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай агучаць заўтра. Іх могуць пасадзіць на 2 гады


У судзе Фрунзенскага раёну Менску скончылася трэцяе паседжанне ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. На ім адбыліся спрэчкі бакоў. Вырак нашым каляжанкам агучаць 18 лютага.

Пракурор Аліна Касьянчык запытала для Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай 2 гады зняволення. Таксама яна просіць канфіскаваць усю тэхніку дзяўчат на карысць дзяржавы. Гэта амаль найбольш суворая санкцыя паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Менавіта ў гэтых дзеяннях вінавацяць журналістак.

Вынясенне прысуду пачнецца а 10-й гадзіне.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ды разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў. Спачатку на дзяўчат склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП – іх звінавацілі ў тым, што яны нібыта ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 соднямі адміністратыўнага арышту. У пастанове адзначалася, што складу злачынства ў іхных дзеяннях няма.

20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Агулам паводле гэтага артыкулу можна атрымаць да 3 гадоў зняволення.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў