«Гэта, магчыма, капітал на будучыню». Як выгнаныя палітыкі вяртаюцца дадому і калі гэта мае сэнс


17 студзеня ва Украіну вярнуўся былы прэзідэнт гэтай краіны Пятро Парашэнка, супраць якога на радзіме пачатая крымінальная справа. З гэтай нагоды «Белсат» згадвае, як вярталіся на радзіму іншыя палітыкі.

Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка кіраваў Украінай з 2014 года. У 2019 годзе ён прайграў выбары Уладзіміру Зяленскаму, але стаў дэпутатам Вярхоўнай Рады. Спробы распачаць крымінальныя справы супраць яго з’явіліся ўжо неўзабаве пасля прайграных прэзідэнцкіх выбараў, але да рэальнага пераследу гэта не прыводзіла.

Hавiны
Экс-прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку падазраюць у дзяржаўнай здрадзе і фінансаванні тэрарызму
2021.12.20 18:57

І вось у снежні 2021 года Дзяржаўнае бюро расследаванняў паведаміла, што палітыка падазраюць у дзяржаўнай здрадзе і садзейнічанні дзейнасці тэрарыстычным арганізацыям. Гаворка пра пастаўкі ў 2014-2015 гадах вугалю з не падкантрольных Кіеву тэрыторый на больш як $ 55 млн. За гэта Парашэнку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. 17 снежня 2021 года Парашэнку спрабавалі ўручыць пісьмовае паведамленне аб падазрэнні, аднак ён вылецеў з Украіны.

Пятро Парашэнка праходзіць пашпартны кантроль. 17 студзеня 2022 г. Міжнародны аэрапорт Жуляны, Украіна.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Праз месяц былы прэзідэнт усё ж вырашыў вярнуцца ва Украіну. У аэрапорце яго сустракалі тысячы прыхільнікаў і сілавікі. Там яго не затрымалі, але надзвычай доўга правяралі пашпарт. Пасля выступу перад прыхільнікамі, Пятро Парашэнка скіраваўся да Пячорскага суду ў Кіеве, дзе і знаходзіцца на момант публікацыі матэрыялу.

Аляксей Навальны

Так сталася, што роўна за год да Пятра Парашэнкі – 17 студзеня 2021 года – у Расею вярнуўся самы вядомы апазіцыйны палітык Аляксей Навальны. Ён прыляцеў у РФ з Нямеччыны, куды яго тэрмінова вывезлі на лекаванне.

Hавiны
Вяртанне Аляксея Навальнага ў Маскву. Онлайн
2021.01.17 14:40

Палітыку стала дрэнна ў самалёце Томск – Масква 20 жніўня 2020 года. Як выявілася пазней, яго атруцілі ядам «Навічок». У злачынстве падазраюць датычныя расейскія спецслужбы. Палітык лекаваўся ў берлінскай клініцы «Charité», але ў студзені 2021 года, правёўшы расследаванне замаху на сябе, вырашыў вярнуцца ў Расею і быў затрыманы ў аэрапорце «Шарамецьева» 17 студзеня.

Аляксей Навальны на акцыі «Адпускай!» 29 верасня ў Маскве. Фота – Антон Карлінэр для Belsat.eu

Навальнага абвінавацілі ў тым, што, лякуючыся ў Нямеччыну, ён парушыў умовы выпрабавальнага тэрміну ў крымінальнай справе, якую Еўрапейскі суд прызнаў сфальсіфікаванай. У выніку Навальнаму замянілі ўмоўны тэрмін на рэальныя 2 гады і 8 месяцаў зняволення.

Hавiны
У Расеі на мітынгах за вызваленне Навальнага затрымалі больш за 3200 чалавек
2021.01.24 09:19

Арышт выклікаў масавыя пратэсты па ўсёй Расеі. Акцыі былі разагнаныя сілавікамі, якія затрымалі больш як 13,5 тыс. чалавек. Неўзабаве і структуры палітыка ў РФ былі разгромленыя і прызнаныя экстрэмісцкімі. Ягоныя паплечнікі сутыкнуліся з крымінальным пераследам.

Самога лідара расейскай апазіцыі абвінавацілі ў «стварэнні некамерцыйнай арганізацыі, якая робіць замах на асобу і правы грамадзянаў» (ч. 2 арт. 239 КК РФ) ды ў «стварэнні і кіраванні экстрэмісцкай супольнасцю» (ч. 1 арт. 282.1 КК РФ). Таксама яго паспелі асудзіць за нібыта абразу ветэрана. А ў зняволенні яго паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму і тэрарызму.

Пратэсты ў Расеі між тым затухлі.

Hавiны
Супраць Навальнага і чальцоў ягонай каманды пачалі крымінальную справу за экстрэмізм
2021.09.28 16:44

Міхэіл Саакашвілі

Яшчэ адным палітыкам з постсавецкай прасторы, які вырашыў вярнуцца на радзіму за мінулы год, стаў былы прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі. Родную краіну ён пакінуў у 2013 годзе пасля таго, як прайграў прэзідэнцкія выбары. У Грузіі супраць яго пачалі адразу некалькі крымінальных справаў, паводле якіх завочна асудзілі на 3 гады за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і на 6 – за напад на дэпутата Валерыя Гелашвілі.

Міхаіл Саакашвілі.
Фота: RFI

У гэты час Саакашвілі паспеў перабрацца ва Украіну, атрымаць там грамадзянства, стаць дарадцам Пятра Парашэнкі і кіраўніком Адэскай вобласці. Але пасля ён пасварыўся з украінскім прэзідэнтам, быў вымушаны пакінуць Украіну, потым вярнуўся ў яе, быў неаднаразова затрыманы, пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства і дэпартаваны ў Польшчу. Пасля паразы Парашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах Саакашвілі зноў вярнуўся ва Украіну, паўторна атрымаўшы грамадзянства і новую пасаду.

Hавiны
Прэм’ер-міністр Грузіі: Міхаіл Саакашвілі затрыманы
2021.10.01 21:31

1 кастрычніка 2021 года, напярэдадні мясцовых выбараў, Саакашвілі паведаміў у Facebook, што вярнуўся ў Грузію, дзе ў якой яшчэ застаецца шмат прыхільнікаў. Ён заклікаў пайсці на выбары, каб «уратаваць Грузію», а пасля – рушыць калонамі на Тбілісі, каб «абараніць вынікі выбараў».

На мясцовых выбарах партыя Саакашвілі заняла другое месца, а сам ён быў затрыманы. Акцыі ў яго падтрыманне не дапамаглі. У турме палітык абвясціў галадаванне, якое трымаў да 20 лістапада. У дачыненні да яго пачалі новую крымінальную справу – за незаконнае перасячэнне мяжы. Зараз ён знаходзіцца ў турме, але не кідае спадзеваў на тое, што «грузінскі народ аб’яднаецца» і «тысячы людзей выйдуць на плошчы».

Аятала Хамэйні

Але ж ёсць у гісторыі і больш паспяховыя выпадкі вяртання палітыкаў з-за мяжы. Адным з самых яскравых з іх з’яўляецца вяртанне ў Іран мусульманскага духоўнага лідара, аяталы Рухулы Хамэйні ў 1979 годзе.

Мяцежнага імама, які рэзка выступаў супраць празаходняй палітыкі мясцовага шаха, іранскія спецслужбы выслалі з краіны яшчэ ў 1964 годзе. Спачатку ён жыў у Турэччыне, затым – у Іраку і Францыі. Але нават за мяжой аятала Хамэйні заставаўся лідарам апазіцыйных да шаха сілаў.

Аятала Хамэйні, духоўны лідар Ірану. Партрэт зроблены ў 1980-ыя гады.
Фота: ATV / Interfoto / Forum

І вось 8 студзеня 1978 года ў Іране пачалася рэвалюцыя, якая дазволіла яму вярнуцца ў краіну. Праўда, зрабіць гэта Хамэйні змог толькі праз год – пасля таго, як 16 студзеня 1979 года Іран пакінуў сам шах. Пры гэтым улада ў краіне працягвала належыць мінуламу ўраду.

1 лютага 1979 года чартарны авіярэйс з Парыжу даставіў Хамэйні, ягоных паплечнікаў і 120 журналістаў у Іран. З гэтай нагоды мільёны іранцаў з партрэтамі аяталы выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў. Аятала прызначыў свой урад і паабяцаў «выбіць зубы гэтаму рэжыму». Неўзабаве на яго бок пачалі пераходзіць сілавікі.

Перамогай рэвалюцыі лічыцца 11 лютага, калі іранскі Генштаб абвясціў пра свой нейтралітэт у грамадзянскім канфлікце, а камандзір шахскай гвардыі – пра «салідарнасць з рэвалюцыяй». Сам аятала да 1989 года стаў кіраўніком Ірану.

Шарль дэ Голь

У шэрагу паспяховых вяртанняў можна згадаць і прыбыццё ў Францыю з выгнання Шарля дэ Голя. Брыгадны генерал і намеснік вайсковага міністра пакінуў радзіму 17 чэрвеня 1940 года, забраўшы з сабой, паводле брытанскага прэм’ера Чэрчыля, «гонар Францыі». Ён быў катэгарычна нязгодны з тым, што цывільнае і вайсковае кіраўніцтва краіны тады пайшлі на перамовы з нацыстамі.

З-за мяжы генерал заклікаў да французскага Супраціву акупацыі ды ўзначаліў рух «Вольная Францыя», які карыстаўся падтрыманнем заходніх саюзнікаў. Ужо 28 чэрвеня 1940-га Брытанія прызнала дэ Голя «кіраўніком усіх вольных французаў».

Генерал Шарль дэ Голь на вуліцах Тулюзы. 16 верасня 1944 г.
Фота: Jean Dieuzaide / Rue des Archives / Forum

З часам генерал здолеў падначаліць сабе адміністрацыю французскіх калоніяў і падпольны рух у самой Францыі, а 3 чэрвеня 1944-га – узначаліць часовы ўрад краіны. Пакуль яшчэ ў Алжыры. 31 жніўня эмігранцкі ўрад пераехаў у вызвалены саюзнікамі Парыж. А 7 траўня 1945-га прадстаўнік Францыі ўжо быў сярод падпісантаў акту пра безумоўную капітуляцыю Нямеччыны.

Сам дэ Голь заставаўся на пасадзе кіраўніка французскага ўраду да 1946 года. Паўторна заняў яе ў 1958-м, а затым у 1959-м на дзесяць гадоў стаў першым прэзідэнтам Пятай Рэспублікі.

Калі лепш вяртацца?

Хапае ў сусветнай дый беларускай гісторыі і іншых прыкладаў вяртання палітыкаў з выгнання. Напрыклад, можна згадаць вяртанне Уладзіміра Леніна са Швейцарыі ў Расею ці полацкіх ксяндзоў з высылкі ў Візантыю.

Але, як бачым не заўсёды вяртанне прыносіць плён. Калі ж лепш палітыкам, у тым ліку і Святлане Ціханоўскай, вяртацца дадому? Як заявіў у каментары «Белсату» беларускі палітолаг Валер Карбалевіч, у гэтым пытанні якіясьці аналогіі даволі адносныя.

«Калі палітык вяртаецца на хвалі пад’ёму грамадскасці, на хвалі рэвалюцыі, як вярнуліся той жа Ленін ці Хамэйні, – гэта адна сітуацыя. Яны вярнуліся фактычна ў краіну пераможнай рэвалюцыі. У краіну, дзе фактычна стары рэжым рухнуў», – адзначыў палітолаг.

Іншая сітуацыя, паводле яго, калі палітык вяртаецца, разумеючы, што трапіць у турму, як Навальны.

«Ён паставіў Пуціна ў вельмі няёмкую сітуацыю, перад цяжкім выбарам: або саджаць яго ў турму, або не саджаць. І абодва варыянты дрэнныя. Навальны свядома ахвяруе сабою, каб стварыць вобраз мучаніка, чалавека, які не баіцца за свае перакананні сесці ў турму. Гэта, магчыма, капітал на будучыню, бо ў аўтарытарных рэжымах вельмі часта, каб перамагчы, трэба ахвяраваць сабой, трэба пасядзець», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Што датычыць выпадку Пятра Парашэнкі, то, на думку палітолага, ён не быў у эміграцыі, а проста выязджаў па справах. А вось у сітуацыі з Святланай Ціханоўскай, калі ў Беларусі «тэрор і змрочныя часу, сэнс вяртацца, каб аказацца ў турме, невялікі».

«Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі, нейкіх правіла агульных тут няма», – адзначыў палітолаг.

У любым разе, як кажа расейскі палітолаг Кацярына Шульман, «тыя, хто, здаецца, зараз навекі ўцяклі з краіны, могуць вярнуцца, у іх засталіся рэсурсы, уласнасць, кліентэлы. Толькі мёртвыя не ўдзельнічаюць [у палітыцы. – Рэд. Belsat.eu] – усе астатнія ўцягнутыя».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў