Форум барацьбы з антысемітызмам заўважыў публікацыі Азаронка і «Жоўтых сліваў»


Каардынацыйны форум па процідзеянні антысемітызму пры Міністэрстве справаў дыяспары пачаў адсочваць беларускія праўладныя Telegram-каналы.

Рыгор Азаронак. Крыніца: ctv.by

На сайце форуму з’явіліся пакуль толькі дзве нататкі: аб пастах у Telegram-канале прапагандыста Грыгорыя Азаронка і Telegram-канале «Жёлтые сливы». Да студзеня 2022 года публікацыяў аб беларускіх праўладных Telegram-каналах там не было.

Грыгорый Азаронак – вядоўца дзяржаўнага тэлеканалу СТВ, вядомы крайне агрэсіўнай і абразлівай мовай нянавісці адносна апанентаў беларускіх уладаў. У адным з пастоў ён абвінаваціў «касмапалітаў» (гэтае слова ў Форуме лічаць сінонімам слова «габрэі» ў кантэксце сталінскіх часоў) у тым, што яны ўзялі ўладу пасля смерці Іосіфа Сталіна і пасадзілі савецкага выведніка Паўла Судаплатава, які забіў кіраўніка Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Яўгена Канавальца і зладзіў забойства Льва Троцкага – паплечніка Уладзіміра Леніна (за гэтыя забойствы Азаронак хваліў выведніка).

«Жёлтые сливы» – ананімны праўладны Telegram-канал, відавочна звязаны з сілавікамі і дзяржаўнай тэлевізіяй, які ў тым ліку публікуе раней за сілавікоў кадры палітычных пагромаў і «пакаянныя відэа». Адным з вядоўцаў каналу называлі супрацоўніка дзяржаўных медыяў Аляксандра Бянько. У адной з публікацыяў канал заўважыў абразы на адрас палякаў і зняважлівае адзначэнне польска-габрэйскага паходжання польскага прэм’ер-міністра Матэўша Маравецкага.

Імаверна, Форум толькі пачаў аналіз публікацыяў праўладных беларускіх медыяў, бо шматлікія ранейшыя антысеміцкія выказванні Telegram-каналаў і вядоўцаў дзяржаўнай тэлевізіі не згадваюцца. Гісторык і публіцыст Аляксандр Фрыдман, які аналізуе беларускія і замежныя медыі, сцвярджае, што «антысемітызм стаў часткай фірмовага стылю беларускай дзяржаўнай прапаганды».

Hавiны
Пракуратура адмовілася распачаць крымінальную справу супраць прапагандыста Рыгора Азаронка
2021.02.02 08:51

Тым часам у Ізраілі пачалі звяртаць увагу і на новы беларускі закон аб «генацыдзе беларускага народу», у якім тэма Галакосту замоўчваецца, і на выказванні беларускіх чыноўнікаў – у прыватнасці на словы амбасадара Беларусі ў Ізраілі Яўгенія Вараб’ёва, які параўнаў спецыяліста ў гісторыі Галакосту з нацысцкімі прапагандыстамі.

Мінулым летам Міністэрства замежных справаў Ізраілю крытыкавала заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «ўвесь свет кланяецца» яўрэям і «баіцца сказаць ім адно няправільнае слова» аб Галакосце.

Hавiны
Год альтэрнатыўнай гістарычнай памяці пачаўся. Лукашэнка: Рэч Паспалітая – «акупацыя Беларусі палякамі»
2022.01.06 12:11

АА belsat.eu

Стужка навінаў