Паліва ў Беларусі даражэе ўжо чацвёрты раз за год. Мы высветлілі, колькі яно каштуе ў нашых суседзяў.
Рост коштаў на бензін у нашай краіне абумоўлены інфляцыяй і дэвальвацыяй рубля. Гэтак, з сённяшняга дня бензін АІ-92 будзе каштаваць 8600, АІ-95 – 9300, АІ-98 – 13 900 (прадаецца на абмежаванай колькасці аўтазаправак краіны), дызпаліва – 9400 рублёў.
У нашай усходняй суседцы Расеі за 95-ты бензін прыйдзецца аддаць у эквіваленце 9300 беларускіх рублёў, столькі ж за дызельнае паліва, а за літр 98-га – 9940 рублёў.
У Літве 95-ты каштуе 17 070, 98-мы – 17 450, а дызпаліва – 16 690.
У іншай нашай балтыйскай суседцы, Латвіі за літр АІ-95 прыйдзецца выкласці суму, роўную 16 440 беларускім рублям, за АІ-98 – 17 070, а літр дызпаліва абыдзецца вам 16 440.
Падобныя кошты на паліва ў Польшчы: за літр АІ-95 заплаціце каля 16 050 рублёў, АІ-98 – 15 670, дызпаліва – 16 300.
Ну а ў захопленай Еўрамайданам Украіне вы набудзеце паліва за наступныя кошты: АІ-95 – 12 360, АІ-98 – 14 520, дызпаліва – 10 960.
Кошты паводле інфармацыі IRU (International Road Transport Union). Кошты пераведзеныя ў беларускія рублі паводле курсу Нацбанку на 5 снежня.
Ю.В., belsat.eu