Вугоршчына абвесціла пра ўзнаўленне паставак расейскай нафты з тэрыторыі Украіны


Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта паведаміў пра ўзнаўленне паставак расейскай нафты па трубаправодзе «Дружба». Што праўда, пакуль пампаванне ідзе не на ўсю моц, перадае агенцтва Reuters.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pixabay

Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта ў сваім Facebook паведаміў, што ўзнавіліся пастаўкі расейскай нафты па трубаправодзе «Дружба» з тэрыторыі Украіны. Агенцтва Reuters удакладняе, што пакуль ціск у трубе малы, але пасля заканчэння тэхнічных работ аб’ём пампавання сыравіны дойдзе да звычайнага ўзроўню.

Нафтаправод спыніўся 15 лістапада пасля бамбавання расейскай арміяй энергетычнай інфраструктуры Украіны. У Кіеве гэта назвалі «самай вялікай атакай у гісторыі энергетыкі», пацярпелі ўсе рэгіёны краіны. У тым ліку бомбы трапілі ў трансфарматарную станцыю ля мяжы з Беларуссю. Перарвалася электразабеспячэнне нафтаправода «Дружба», што ідзе з Расеі праз Беларусь і Украіну ў Заходнюю Еўропу.

Схема нафтаправода «Дружба» і тры краіны, што 15-16 лістапада 2022 года заставаліся без расейскай нафты. Інфаграфіка: «Белсат»

У выніку без трубаправоднай нафты засталіся Вугоршчына, Славаччына і Чэхія. Эксперт у нафтагазавым рынку, партнёр кансалтынгавай кампаніі Rusenergy Міхаіл Круціхін у размове з «Белсатам» пацвердзіў, што менавіта Вугоршчына з гэтых трох краінаў больш за ўсіх уразлівая ад прыпынення «Дружбы».

«Вугоршчына атрымлівае з Расеі 3,6 млн тон на год апошнім часам. Без расейскай нафты яна фактычна не можа, таму што больш няма адкуль яе ўзяць. Гэта трэба гнаць аднекуль праз Сербію, а Сербія можа толькі праз не зусім сяброўскую Харватыю, праз марскія парты, таму Вугоршчына і выпрасіла сабе выключэнне з усіх санкцыяў, каб мець доступ», – кажа Круціхін.

Ён адзначыў, што становішча Вугоршчыны, калі не працуе нафтаправод, становіцца ахавым, але намякнуў, што сам Будапэшт у гэтым і вінаваты. Крэмль яшчэ 14 гадоў таму вырашыў ствараць інфраструктуру для экспарту нафты на Захад у абыход Украіны, то бок фактычна адмовіцца ад «Дружбы» ці пампаваць па ёй самы мінімум.

«У Вугоршчыны быў час падрыхтавацца! Пуцін даўно ўхваліў схему закрыцця «Дружбы» зусім, таму за гэты час можна было падрыхтавацца да яе закрыцця і спынення пампавання», – падкрэсліў эксперт.

Круціхін заўважыў, што ў Славаччыны і Чэхіі, якія таксама атрымліваюць расейскую нафту па «Дружбе», ёсць варыянты дыверсіфікацыі.

«Тамака ёсць магчымасць праз Нямеччыну або Аўстрыю атрымліваць. Можна развярнуць, арганізаваць рэверс на гэтай нітцы. Калі з боку Украіны няма магчымасці пампаваць, то з процілеглага боку, з захаду, можна атрымаць. Але ўсё роўна гэта праблема», – канстатуе суразмоўца «Белсату».

Hавiны
Расея абстраляла Украіну – зачапіла Вугоршыну, Малдову і Польшчу. А чаго дасягнула?
2022.11.16 13:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў