IT-інвестар Мікіта Мікада: Рабі нармальна – і будзе нармальна


IT-бізнесовец і інвестар, заснавальнік першай беларускай кампаніі-аднарога Мікіта Мікада расказаў, як адважыцца на рэлакацыю, якія бізнесы будуць развівацца ў новай Беларусі і ў якія праекты ён інвестуе цяпер. Размова адбывалася ў фармаце публічнага інтэрвʼю падчас Сусветнага тыдня прадпрымальнікаў Беларусі ў Варшаве.

Мікіта Мікада, галоўны выканаўчы дырэктар і заснавальнік «PandaDoc», выступае праз відэасувязь падчас Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве.
Фота: Белсат

Мікіта Мікада паведаміў, што цяпер жыве і працуе ў Каліфорніі. Нягледзячы на выклікі, што ўзніклі сёлета і за апошнія тры гады, ягоная кампанія «PandaDoc» развіваецца паспяхова, робіць прадукт для электроннага дакументазвароту, які быў створаны некалі ў Беларусі.

Са словаў прадпрымальніка, для яго самым вялікім выклікам 2022 года стала вайна ва Украіне і «адсутнасць здаровага сэнсу ў людзей улады, якія гэта ўсё зрабілі».

– Маўчаць ці не маўчаць пра вайну?

– Мы ўсе людзі. Калі займаешся бізнесам, усё роўна застаешся чалавекам, якому ўласцівыя сумленне, спачуванне і іншыя эмоцыі. Ты сутыкаешся з несправядлівасцю і жорсткасцю ды спрабуеш нешта рабіць з гэтай нагоды. Не маўчаць – гэта адна з магчымых опцыяў. Але ўсё залежыць ад вонкавых фактараў, якія чалавека атачаюць. Не адлучаю асабістай адказнасці ад адказнасці бізнесу. Мусіш рабіць, як лічыш правільным, а бізнес дае рэсурс здзяйсняць тыя ці іншыя ўчынкі. Кожны чалавек мае ўплыў. Нават калі гэта маленькі ўчынак, ён на нешта паўплывае, бо і іншыя імкнуцца нешта рабіць, каб змяніць сітуацыю. Акіян складаецца з дробных кропелек, але калі іх мноства, то ўплыў нарастае. Мусіць хтосьці ці не мусіць, складана меркаваць. Калі робім нешта добрае некаму, то гэта добра і для сябе самога, бо ў будучыні нават за маленькія ўчынкі або будзе сорамна, або не. Рэагуйма на складаную сітуацыю тым ці іншым чынам, зыходзячы з таго, будзе вам з гэтым потым камфортна ці не.

Якія мэты ставіць перад сабой «PandaDoc»?

– Мы працягнем расці, будзем працягваць, бо рынак, дзе мы цяпер, яшчэ вельмі «зялёны», яшчэ мноства кантрактаў падпісваецца асадкай на паперы, па-за нашай айцішнай «сажалкай». Патэнцыял росту вялікі.

– Ці аддзяляеш ты поспех «PandaDoc» ад уласнага поспеху?

– Поспех для мяне ў тым, што падабаецца рабіць сваю працу. Гэта цікавая справа, яна змяняецца ўвесь час, а я люблю перамены. Увесь час прыходзіцца нечаму вучыцца, развязваць новыя цікавыя задачы і, мабыць, гэта выдатна, бо інакш жыць было б менш весела.

– Што такое «PandaDoc» сёння?

– Гэта класная каманда, гэта ўжо маштаб. Ужо калі мы нешта робім, то гэта можна вымераць. Яшчэ гэта магчымасці, мы ўжо дастаткова вялікая кампанія з дастаткова вялікай колькасцю рэсурсаў, каб нешта мяняць на рынку, рабіць велізарную колькасць кліентаў больш эфектыўнымі і шчаслівымі.

Удзельнікі Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве.
Фота: Белсат

– За апошнія гады ты стаў інвеставаць у стартапы. Раскажы, што набыў?

– Для мяне інвеставанне – гэта гэта спосаб «пачасаць там, дзе свярбіць». Я інвестую, калі бачу, што нехта працуе над цікавай ідэяй ці робіць нешта, чаму б я хацеў бы дапамагчы. Бывае, я інвестую з жадання чамусьці павучыцца. Час інвестую як бізнес-анёл. Але ўсе стартапы паспяховыя, я лічу. Ёсць з дзясятак кампаніяў, якія адбыліся і «паднялі» некалькі раўндаў інвестыцыяў пасля маёй інвестыцыі. Ёсць такія кампаніі, якія ўжо «памерлі». А ёсць тыя, хто працягвае барацьбу ў «пасяўной» стадыі. Актыўна інвестую ў кампаніі, якія дапамагаюць эмігрантам. Адна з іх дапамагае навучыцца праграмаваць і набыць іншыя айцішныя спецыяльнасці. Іншая дапамагае атрымаць візы таленавітым эмігрантам. Трэцяя стварае супольнасць з тых, хто нядаўна пераехаў. Мне падабаецца дапамагаць кампаніям, якія дапамагаюць іншым кампаніям і эмігрантам, бо я сам даволі працяглы час эмігрант.

– Некалькі парад для тых, хто збіраецца інвеставаць у стартапы

– У гэтай сферы няма ўніверсальных парадаў. Гэта кепская справа – раіць іншым, што рабіць з іх грашамі.  Можна сказаць як бы жартам, што каб пачаць інвеставаць, патрэбныя грошы і каб было куды іх укладаць.

– Ці ёсць будучыня ў беларускага прадпрымальніцтва?

– Гэта залежыць ад таго, у якой перспектыве паглядзець – перад пераменамі ці пасля. «Перад» – я бачу з навінаў, што людзі кідаюцца ў нейкія сумнеўныя схемы, мабыць, ім больш няма чым займацца. А вось «пасля» – лічу, што будуць добрыя магчымасці, «старт» бізнесу будзе вельмі нізкім, бо лёгка стартаваць, калі ўсё зруйнавана ці нічога няма. Цяжка стартаваць у развітых эканоміках са стагоддзямі гісторыі. Гэта як будаваць нешта ў гістарычным еўрапейскім горадзе: тут брук, якому 1000 гадоў, там гістарычныя будынкі, усё застаўлена імі. То як будаваць новае? А на пустцы лягчэй. Зараз у Афрыцы варʼяцкімі тэмпамі развіваецца фінтэх, працуюць нейкія фантастычныя ў сваіх магчымасцях неабанкі. У Амерыцы гэтага няма, бо ёсць і яшчэ працуе старая інфраструктура, мы тут ходзім з папяровымі чэкамі, каб плаціць за дзіцячы садок, напрыклад. Бум развіцця новых бізнесаў будзе і ў новай Беларусі, бо расцэньваю ўсе старыя вытворчасці як ужо мёртвыя, трэба будзе шмат рабіць і пачынаць з нуля. Я ўпэўнены, што тысячы таленавітых і актыўных людзей знойдуць сабе справу і месца ў новай Беларусі.

Мікіта Мікада, галоўны выканаўчы дырэктар і заснавальнік «PandaDoc», адказвае на пытанні падчас свайго выступу праз відэасувязь на Сусветным тыдні прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве.
Фота: Белсат

– Як ты, стаўшы медыйным чалавекам у беларускім камʼюніці, бачыш сваю ролю для захавання беларускай супольнасці за мяжой? Якое тваё зычэнне ўсім нам?

– Ну дык я таму і інвестую ў стартапы, якія дапамагаюць эмігрантам, гэта мая роля. Першыя крокі ўжо ёсць. Вось яшчэ ўдзельнічаю ў падобных канферэнцыях. Кожны з нас у меру сваіх магчымасцяў імкнецца рабіць нешта добрае. Эмігранты – актыўныя людзі, шукаюць сваё месца ў жыцці і нечага хочуць дамагчыся, такім людзям цікава дапамагаць. Я ўсяляк жадаю працягваць гэты занятак, а далей пабачым, працягнем інвеставаць і гадаваць «PandaDoc». Выхадцы з нашай кампаніі заснавалі ўжо каля 12 кампаніяў, і гэта жывыя, сапраўдныя бізнесы. Яны заснаваныя людзьмі, якія вучацца і робяць нешта сваё. Я думаю, што падобны падыход спараджае нейкую ланцуговую рэакцыю. Уявіце, колькі кампаніяў заснавалі выхадцы з EPAM, я мяркую, што лік ідзе на сотні. Таму маё пажаданне ўсім нам вельмі простае: «Рабі нармальна і будзе нармальна».

– У якіх краінах і гарадах цяпер працуе «PandaDoc»?

– Самы вялікі офіс «PandaDoc» – у Варшаве, каля 200 чалавек. Другі з памеру офіс – у Кіеве. Пасля заканчэння вайны, магчыма, баланс памяняецца, бо ў варшаўскім офісе шмат украінцаў. Трэці паводле памераў офіс – у Сэйнт-Пітэрсбургу (Saint Petersburg), штат Флорыда. Затым ідзе офіс у Лісабоне. Яшчэ прыблізна 100–150 чалавек працуюць дыстанцыйна. Таму заклікаю, дзе б вы ні былі, прыходзьце да «пандаў»!

– Ты казаў пра геаграфію, дзе цяпер кампанія. З якімі складанасцямі сутыкнуліся падчас рэлакацыі?

– З усімі магчымымі. У нас 23 лютага было 50 чалавек у Расеі, 100 – у Беларусі і 180 ва Украіне. Мы адразу пастанавілі спыняць працу ў Расеі і Беларусі. Мы перасталі на пэўны час працаваць з тымі, хто там быў, з меркаванняў бяспекі – і іхнай асабістай, і проста не хацелі адпраўляць грошы ў краіны, адкуль ляцяць ракеты. Для большасці людзей, якія накіраваліся ў гэтую вымушаную эміграцыю, гэта было нялёгка, яны ўсе нарадзіліся і хадзілі ў школу ў той час, калі ў Беларусі і ў Расеі больш старэйшыя людзі зрабілі тыя фатальныя памылкі, наступствы якіх мы бачым сёння. Паводле праграмы рэлакацыі пераехалі амаль 300 чалавек. Перш гэта былі беларусы і расейцы, ды ўкраінцы, хто меў магчымасць выехаць. Складанасцяў было шмат. Пачынаючы ад візавых пытанняў, якіх занадта шмат і больш, чым трэба, калі падыходзіць з розумам. Пытанні з адкрыццём рахункаў у банках, бо банкіры не зусім разумелі сітуацыю. Тым, хто застаўся ва Украіне, першыя тры месяцы немагчыма было адправіць ноўтбукі з аднаго канца краіны ў другі. Цяпер іншыя праблемы. Нядаўна ў кіеўскі офіс купілі электрагенератары і харчы, каб офіс быў месцам, дзе людзі могуць пагрэцца і паесці. Таму, калі я сёння чую ад амерыканскіх калегаў пра цяжкасці праз ковід, мне складана праявіць нейкую эмпатыю. Але я хачу сказаць усім, хто пакутуе ў развагах: пераязджаць цяжка толькі першы раз. Лягчэй пераязджаць наступныя разы і лягчэй пераязджаць, калі ты малады. Калі ты міграваў з ранняга ўзросту, то гэты набыты навык робіць усе больш познія міграцыі менш стрэсавымі.  Чым пазней чалавек мігруе, тым яму складаней гэта перажыць. Але ўсім цяжка толькі першы раз, далей будзе добра.

Пра кампанію «PandaDoc»

«PandaDoc» – амерыканская кампанія, якая займаецца праграмным забеспячэннем SaaS (праграмнае забеспячэнне як паслуга). Платформа прапаноўвае праграмнае забеспячэнне для працэсаў продажаў. «PandaDoc» базуецца ў Сан-Францыска, штат Каліфорнія, з галоўным офісам у Сэйнт-Пітэрсбургу, штат Флорыда. «PandaDoc» – гэта праграмнае забеспячэнне для аўтаматызацыі дакументаў як сэрвіс з убудаванымі электроннымі подпісамі, кіраваннем рабочым працэсам, канструктарам дакументаў і функцыянальнасцю CPQ.

У 2012 годзе кампанія была заснавана Мікітам Мікадам і Сяргеем Барысюком у Менску. У 2014 годзе штаб-кватэра кампаніі была перанесена ў Сіліконавую даліну. Мікада і Сяргей стварылі «Quote Roller» у 2011 годзе.

У 2015 годзе кампанія сабрала $ 5 мільёнаў у серыі A, якую ўзначальвае «Altos Ventures». «PandaDoc» закрыла два фінансаванні серыі B: B1 у траўні 2017 года з $ 15 мільёнамі і B2 у жніўні 2018 года на суму $ 30 мільёнаў пад кіраўніцтвам «One Peak Partners». 1 сакавіка 2020 года «PandaDoc» трапіла ў спіс найлепшых працадаўцаў ЗША з ліку стартапаў, які склаў «Forbes». У верасні 2021 года «PandaDoc» закрыла серыю C з ацэнкай у $ 1 мільярд, такім чынам стаўшы першым беларускім аднарогам.

«PandaDoc» была адной з тых кампаніяў, якія ў 2020 годзе падтрымалі пратэсты ў Беларусі. Самая вядомая яе справа – стварэнне ініцыятывы для збору грошай сілавікам, якія захацелі змяніць прафесію. Некаторыя працаўнікі і топ-менеджары кампаніі былі рэпрэсаваныя ў Беларусі. У 2021 года кампанія аб’явіла аб ліквідацыі офісу ў Менску. Але да пачатку вайны ва Украіне частка работнікаў заставалася ў Беларусі і працавала дыстанцыйна.

Hавiны
Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва Беларусі ў Варшаве праходзіць у гібрыдным фармаце
2022.11.15 13:23

Запісаў Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў