Капітуляцыя ці «бяспройгрышная траекторыя»? Што кажуць пра размову Мэркель і Лукашэнкі


Учора, 15 лістапада, выканальніца абавязкаў канцлеркі Нямеччыны Ангела Мэркель правяла тэлефонныя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Ацэнкі гэтай падзеі сустракаюцца самыя розныя, часам палярныя. Belsat.eu падрыхтаваў агляд рэакцыяў на размову Мэркель і Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: NICOLAS MAETERLINCK/Belga News A / ddp images / Forum

«Гэта нічога не зменіць»

Святлана Ціханоўская пераконвае: званок Мэркель не азначае, што пазіцыя Еўразвязу датычна рэжыму Лукашэнкі змянілася.

«Званок Мэркель не быў запрашэннем ад ЕЗ да дыялогу. Бо ўрад Нямеччыны працягвае падтрымліваць пяты і распрацоўваць шосты пакет санкцыяў супраць рэжыму. Таму ягоная (Лукашэнкі.– Заўв. Belsat.eu) спроба схаваць палітычную ізаляцыю за гэтым званком – гэта не перагорнутая старонка. Гэта вырваная старонка з дзённіка двоечніка, які хоча схаваць свой правал», – гаворыцца ў заяве ў Telegram-канале палітыка.

Журналіст радыё «Свабода» Дзмітрый Гурневіч мяркуе, што не трэба надаваць званку Мэркель зашмат значэння.

«З пункту гледжання пазіцыі ЕЗ гэта нічога не зменіць. Бо пазіцыя ЕЗ рэалізуецца ў Польшчы, якая бароніць сваю мяжу. І пасля званка гэта не зменіцца. Ніхто ў Кузніцы не адкрые праход для мігрантаў. Усё іншае не мае значэння», – піша журналіст у сваім «Фэйсбуку».

Заснавальнік і кіраўнік BY_help Аляксей Лявончык лічыць, што званок Мэркель Лукашэнку быў патрэбны толькі для адной мэты: данесці да яго пазіцыю ЕЗ.

«Усе краіны ЕЗ стаяць за Польшчай. Не таму, што ненавідзяць мігрантаў. А таму, што ім чамусьці не падабаецца быць шантажаванымі. Званок Мэркель (у якім яна проста паўтарыла пазіцыю ЕЗ) – гэта проста diplomatic courtesy. Мяркуючы па тым, як заныў «МЗС» рэжыму, ціск трапляе ў цэль», – падкрэслівае ён у Фэйсбуку.

Шанец для рэжыму захаваць твар

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман лічыць, што Захад спрабуе даць Лукашэнку магчымасць самастойна завершыць канфлікт, не страціўшы пры гэтым твару. Бо насамрэч афіцыйны Менск у міграцыйным крызісе «ўпёрся ў сцяну».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты ў намётавым лагеры на беларуска-польскай мяжы.
Фота: Аксана Манчук / БЕЛТА / TASS / Forum

«Лукашэнку трэба было знайсці шлях сысці з каляіны так, каб гэта не выглядала поўнай капітуляцыяй. Абмен сігналамі аб гатовасці гэта зрабіць прывёў да таго, што ў ЕЗ вырашылі дзеля гуманітарных меркаванняў даць яму такую ​​магчымасць. Прапаганда (і схільныя ўсюды бачыць здраду апаненты ўлады) абвясціла дыпламатычную перамогу. Уласна, дзеля гэтых захапленняў усё, здаецца, і задумвалася. Пацешцеся свайму прарыву і дайце людзям спакойна зʼехаць дадому.

Пяты пакет гэтыя меры ўжо наўрад ці адменяць, а вось ад больш жорсткіх санкцыяў Менск можа такім чынам уратавацца. Казаць аб прызнанні Лукашэнкі тут, мякка кажучы, ранавата», – адзначае Шрайбман у сваім Telegram-канале.

Журналіст і палітычны аналітык Ігар Ільяш у сваім Фэйсбуку звяртае ўвагу на тое, што не размова з Мэркель была мэтай рэжыму Лукашэнкі ў міграцыйным крызісе, а скасаванне заходніх санкцыяў. А пакуль няма ніякіх сведчанняў, што ў гэтым кірунку ёсць нейкі рух. «Санкцыі ніхто не адмяняў – наадварот, міністры замежных справаў Еўразвязу падтрымалі прыняцце пятага пакета», – нагадвае ён.

Аналітык кажа, гэты званок «можна цудоўна прадаць на прапагандысцкім узроўні». «Але гэта не перамога – гэта пакуль што толькі шанец для рэжыму выйсці з памежнага канфлікту, не страціўшы аблічча», – дадае ён. Цяпер, на думку Ільяша, афіцыйны Менск або можа скарыстацца гэтым шанцам і пайсці на дээскалацыю, або, наадварот, пайсці на абвастрэнне, калі палічыць званок праявай слабасці ЕЗ.

«Брусель і Берлін выйшлі на бяспройгрышную траекторыю»

Рэдактар гомельскага выдання «Моцныя навіны», аналітык Пётр Кузняцоў лічыць, што званок Мэркель – дастаткова сімвалічны жэст, які зусім не азначае, што за ім рушыць услед нейкі прыемны для беларускага рэжыму працяг. Кузняцоў падкрэслівае, што важны агульны кантэкст: ЕЗ падтрымаў новы пакет санкцый і пашырыў юрыдычныя рамкі для іх ужывання.

«У палітычным сэнсе ў памежным канфлікце Брусель і Берлін выйшлі на бяспройгрышную траекторыю, у якой могуць дазволіць сабе адначасова і ратаваць мігрантаў любой цаной, і санкцыі супраць Менску працягваць уводзіць. Зусім іншая сітуацыя ў беларускага рэжыму: цяпер, калі не пачаць рабіць хоць штосьці канструктыўнае, новыя абмежаванні і захады ціску практычна непазбежныя», – адзначае Кузняцоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Гісторык Аляксандр Фрыдман таксама мяркуе, што няма падставаў казаць пра капітуляцыю Захаду перад Лукашэнкам. На думку Фрыдмана, Мэркель – «прагматык, і яна гатовая гаварыць з любым, хто можа паўплываць на сітуацыю, нават са звыштаксічным Лукашэнкам».

«Мэта званка відавочная. На коне – жыцці тысяч людзей, якімі распараджаецца Аляксандр Лукашэнка. Размова з Лукашэнкам – спроба іх выратаваць. І Мэркель лічыць, што такая спроба варта падарунку дыктатару ў выглядзе 50-хвіліннай размовы», – піша гісторык.

Паралелі з 1938 годам

Палітычны аглядальнік і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што размовв з Лукашэнкам ёсць актам прызнання суразмоўцы ў якасці таго, хто дэ-факта кіруе Беларуссю. Але апошняе было і да ўчорашняй тэлефоннай размовы, дадае ён.

«Для аўтарытарнай сістэмы вельмі важны сімвалізм, і зусім па іншых прычынах, чым у дэмакратычнай. Званок Мэркель дае магчымасць Лукашэнку казаць: «вось, яны пачалі са мной размаўляць». І для яго гэта больш важна, чым любыя наступствы з пункту гледжання прагматыкі», – падкрэслівае эксперт.

Быкоўскі не кажа, што з Лукашэнкам зусім не трэба размаўляць, але эксперт сумняецца, што гэты інструмент можа быць выкарыстаны эфектыўна. «Ганна Арэнд заўважыла, што людзі, якія спасылаюцца на аргумент «меншага зла», хутка забываюцца, што абралі зло», – завяршае сваю думку аглядальнік.

Сябра Офісу адукацыі для новай Беларусі Аляксандр Адамянц піша ў «Фэйсбуку», што Лукашэнка дасягнуў першай перамогі і цяпер пры дапамозе мігрантаў будзе толькі павялічваць ціск на Захад.

«Гэта ж актыў, які прынясе і еўрапейскія грошы, і еўрапейскае прызнанне. Няхай не адразу. Але маленькімі крокамі, не спяшаючыся, можна далёка зайсці. А нервы ў апанентаў ні к чорту. Так што лагер «уцекачоў» трэба ўмацоўваць і пашыраць».

Шмат у каго размова Мэркель і Лукашэнкі выклікала паралелі з Мюнхенскім пагадненнем 1938 года, калі Францыя і Вялікая Брытанія саступілі Адольфу Гітлеру чэхаславацкія Судэты.

«Што ж, не намі сказана: «Калі краіна паміж вайной і ганьбай выбірае ганьбу, яна атрымае і вайну, і ганьбу» [цытата Ўінстана Чэрчыла з нагоды Мюнхенскіх пагадненняў. – Заўв. Belsat.eu]. Тут, можа, і не вайну, вядома, – можа, усё ж не даў бог свінні рог. Але ніводнай праблемы гэтая ганьба не развяжа, толькі іх ускладніць», – піша гісторык, шэф-рэдактар часопісу «Arche» Аляксандр Пашкевіч.

Між тым пісьменніца, даследніца беларускай літаратуры Ганна Севярынец лічыць, што беларусам не варта паддавацца апускаць рукі ў сувязі з апошнімі падзеямі. Яна лічыць, што барацьба за змены ў Беларусі не скончылася: «Капітуляцыя будзе не тады, калі нехта некаму патэлефануе. Капітуляцыя здарыцца тады, калі апошні чалавек перастане верыць».

«Рэжымы трымаюцца ў тым ліку і на міжнароднай непераборлівасці, а падаюць – з-за невідавочных рэчаў. Для мяне даўно барацьба перайшла ўнутр. Я перамагаю, пакуль я веру і раблю тое, што хачу і магу», – піша Ганна Севярынец.

Рэакцыя ў Польшчы і Нямеччыне

Аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў Войцех Кананчук лічыць, што званок Мэркель сведчыць пра то, што рэжым Лукашэнкі дасягнуў адной са сваіх мэтаў – прымусіў Берлін дамовіцца і дэ-факта прызнаць яго. «Гэта дрэнная навіна», – піша эксперт у сваім Twitter.

Раскрытыкаваў паводзіны Мэркель і дырэктар Польскага інстытуту міжнародных дачыненняў Славомір Дэмбскі. «Нагадаем Ангеле Мэркель, што 850 прадстаўнікоў беларускай апазіцыі трапілі ў турму дыктатара. Што з імі? Ганьба!» – напісаў ён у Twitter.

Журналіст ARD Дэміян фон Остэн (Demian von Osten) называе тэлефонную размову «частковым поспехам» Лукашэнкі.

«Беларускі дыктатар ужо дасягнуў часткова мэты свайго шантажу: гэта невялікі крок да фактычнага прызнання ягонага рэжыму Захадам», – мяркуе эксперт Нямецкага інстытуту праблемаў міжнароднай бяспекі Яніс Клюге.

Але агулам нямецкая прэса паставілася да размовы Мэркель і Лукашэнкі спакойна, звяртае ўвагу гісторык Аляксандр Фрыдман.

Паралельна кандыдат у канцлеры Оляф Шольц (Olaf Scholz) выступіў з жорсткай заявай адносна Лукашэнкі: ён назваў яго «кепскім дыктатарам», які страціў усялякую легітымнасць. Шольц усклаў адказнасць за міграцыйны крызіс на афіцыйны Менск і падтрымаў санкцыйныя захады ЕЗ.

РР belsat.eu

Стужка навінаў